Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераважна прыгожыя песьні


Яны любілі музыку «Pink Floyd» і выконвалі яе то тут, то там для тых мэляманаў пачатку 1990-х, якія тужылі па пачатку 1970-х — найлепшым часе ў гісторыі гэтак званага прагрэсіўнага року. А потым ім прыйшло ў галаву паспрабаваць кампанаваць і выконваць сваё.

Брытанскі гурт «Mostly Autumn» («Пераважна восень») фармальна ўзьнік у 1995 годзе, а першы свой альбом запісаў у 1998 годзе. Альбом спадабаўся публіцы, і ў наступным годзе зьявіўся другі, пад атмасфэрнай назвай «The Spirit of Autumn Past» (Дух прамінулай восені) і з атмасфэрнай музыкай. Вось адна з прыгажосьцяў таго альбому, песьня «The Gap Is Too Wide» (Прагал занадта вялікі):

«Mostly Autumn» гралі ў стылі, які ў пачатку 1970-х усталявалі такія легенды рок-музыкі, як «Pink Floyd», «Genesis», «Jethro Tull» ці «Camel». У 2004 годзе гурт нават выдаў альбом з канцэртнымі вэрсіямі некаторых песьняў «Pink Floyd», адкрыта прызнаючыся ў запазычаньні ў сваіх музычных куміраў. Вось іхная вэрсія «Comfortably Numb», знакамітай песьні «Pink Floyd» з альбому «The Wall»:

Склад гурту «Mostly Autumn» шматкроць мяняўся, але яго касьцяк доўгі час складалі тры асноўныя музыкі: Браян Джош (гітары, вакал), Іэн Джэнінгс (клявішныя, вакал) і Гедэр Фіндлі (галоўны вакал, акустычная гітара, клявішныя). У 2010 годзе Гедэр Фіндлі вырашыла пайсьці самастойнай музычнай дарогай і пакінула гурт. Вось адзін з найвялікшых гітоў «Mostly Autumn» — «Caught in a Fold» («Зачыненая ў загарадзі») — з разьвітальнага канцэрту Гедэр:

Пасьля Гедэр Фіндлі ролю першай вакалісткі ў гурце ўзяла Алівія Спарнэн, якая да таго часу была па падпеўках. Алівія — ня менш прыгожая за Гедэр, але шмат хто з папярэдніх прыхільнікаў гурту стаў круціць носам, маўляў, голас у яе не зусім такі, як у папярэдніцы... Ацаніце самі. Мне падабаецца:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG