Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура разгледзіць ухваленьне расстрэлу 8 ксяндзоў Мураўёвым-вешальнікам у менскім праваслаўным храме, калі «будзе зварот»


Генэрал-губэрнатар Міхаіл Мураўёў

Генэрал-губэрнатар Міхаіл Мураўёў

Пракуратура Беларусі разгледзіць выпадак з ухваленьнем дзейнасьці ў Беларусі графа Міхаіла Мураўёва, на загад якога падчас паўстаньня 1863–64 гг. пад началам Кастуся Каліноўскага расстрэльвалі каталіцкіх сьвятароў, калі «будзе зварот».

Пра гэта Свабодзе паведамілі ў прэсавай службе пракуратуры.

«Будзе зварот — будзем разглядаць. На гэтай канфэрэнцыі, як я разумею, абмяркоўвалі гістарычныя падзеі, выказвалі свае пункты гледжаньня, а яны могуць быць самымі рознымі. Не глядзеў вынікі, але прадбачу, што ўхвалялі дзеяньні графа Мураўёва, які здушыў сялянскае паўстаньне, што быў пакараны нацыянальны герой Каліноўскі... Але ж, відаць, канфэрэнцыя не прыняла пастанову, што „ўхваляем Мураўёва за тое, што расстраляў колькі ксяндзоў“? Гэта ж, пэўна, нехта з дакладчыкаў такое меркаваньне выказаў? Ну дык цяпер усе выказваюць меркаваньні. Дарэчы, наколькі я ў гэтай тэме, дык і паўстанцы вешалі бацюшак, усё было... Гісторыя. Карацей, калі будзе зварот, як вы кажаце, адносна распальваньня рэлігійнай ці міжнацыянальнай варожасьці, тады будзем яго разглядаць», — сказаў прэсавы сакратар рэспубліканскай пракуратуры Пётар Кісялёў.

З пытаньнем, ці можна разглядаць гэты выпадак як распальваньне міжнацыянальнай і міжрэлігійнай варожасьці, ачарненьня гісторыі беларусаў і іх нацыянальна-вызвольнай барацьбы, Свабода зьвярнулася таксама ў Сьледчы камітэт Беларусі. Там паведамілі, што пракамэнтуюць, як толькі вывучаць і ўдакладняць акалічнасьці праведзенай канфэрэнцыі.

Праграма навуковай канфэрэнцыі, прысьвечанай графу Міхаілу Мураўёву ў храме менскага прыходу ў гонар Пакрову Прасьвятой Багародзіцы

Праграма навуковай канфэрэнцыі, прысьвечанай графу Міхаілу Мураўёву ў храме менскага прыходу ў гонар Пакрову Прасьвятой Багародзіцы

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі Міхаіл Пастухоў лічыць, што ў тэзах, якія прагучалі на канфэрэнцыі, ёсьць праявы міжнацыянальнай і міжканфэсійнай варожасьці.

«Супрацьпастаўляюцца расейскі і беларускі народ, а таксама праваслаўе і каталіцызм.

Разам з тым трэба дадаць, што беларусы ня маюць сваёй аўтакефальнай царквы, якая б, безумоўна, не дапусьціла ў Беларусі правядзеньня імпрэзаў па ўшанаваньні памяці Міхаіла Мураўёва і зьневажэньні нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага. Гэта адбываецца толькі дзякуючы таму, што Расейская праваслаўная царква ў Беларусі мае сваю епархію, таму яна можа тут арганізоўваць ушанаваньне Мураўёва і праводзіць тэзы пра тое, што ён „рэлігійны і нацыянальны лідэр“.

Беларусі трэба адраджаць нацыянальную аўтакефальную царкву, якая б мела свой погляд на гістарычныя падзеі. А тое, што гавораць на гэтых канфэрэнцыях запрошаныя з Расеі прафэсары, — гэта праява міжнацыянальнай і міжканфэсійнай варожасьці, якіх не павінна быць на тэрыторыі Беларусі».

Узяць камэнтар ва ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леаніда Гулякі не ўдалося. Сакратарка спадара Гулякі перадала яму просьбу Свабоды пагаварыць пра міжнародную канфэрэнцыю, прысьвечаную графу Мураўёву, але ўпаўнаважаны адмовіўся, сказаўшы, што «ня мае да гэтага дачыненьня».

27 лістапада ў менскім храме Пакрова Прасьвятой Багародзіцы правялі міжнародную навуковую канфэрэнцыю, прысьвечаную памяці графа Міхаіла Мураўёва, вядомага ў Беларусі як «вешальнік». Канфэрэнцыя ў памяць Мураўёва мела назву «Гатовы сабой ахвяраваць...»

Навуковая канфэрэнцыя, прысьвечаная графу Міхаілу Мураўёву ў храме менскага прыходу ў гонар Пакрову Прасьвятой Багародзіцы. Выступае кандыдат гістарычных навук, прафэсар Інстытута тэалёгіі БДУ Аляксандр Бендзін

Навуковая канфэрэнцыя, прысьвечаная графу Міхаілу Мураўёву ў храме менскага прыходу ў гонар Пакрову Прасьвятой Багародзіцы. Выступае кандыдат гістарычных навук, прафэсар Інстытута тэалёгіі БДУ Аляксандр Бендзін

Адзін з дакладчыкаў, протаіерэй Аляксандар Раманчук, гэтак ацаніў ролю Мураўёва ў расстрэле 8 ксяндзоў:

«Фактычна ён паставіў пытаньне, ці мае ў вачах Бога расейскі праваслаўны сьвет такую каштоўнасьць, каб дзеля яго караць сьмерцю каталіцкіх сьвятароў. Быўшы праваслаўным вернікам, ён адказаў на гэтае пытаньне станоўча і выканаў прысуды. Такім чынам ён пагадзіўся ў поўнай ступені несьці адказ за свае дзеяньні перад Богам у пытаньні збавеньня душы. Такім чынам, мы ня можам адмаўляць, што граф Мураўёў, расстраляўшы 8 каталіцкіх ксяндзоў, выступіў у ролі расейскага рэлігійнага і нацыянальнага лідэра і тым зьдзейсьніў асабісты духоўны подзьвіг самаахвярнасьці».

21 лістапада ў гэтым жа храме прайшла служба за спачын графа Міхаіла Мураўёва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG