Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэмль чакае ад Турэччыны тлумачэньня пасьля заявы Эрдагана


Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган

У Крамлі заявілі, што выказваньне прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Эрдагана пра тое, што турэцкая армія пачала апэрацыю ў Сырыі, «каб пакласьці канец кіраваньню тырана Асада, які зладзіў дзяржаўны тэрор», стала нечаканым.

«Заява сапраўды стала навіной, гэта вельмі сур’ёзная заява, якая ў цэлым дысануе з папярэднімі, і заява, якая дысануе з нашым разуменьнем сытуацыі. З нашым разуменьнем як дзяржавы, узброеныя сілы якой — адзіныя — знаходзяцца ў легітымным рэжыме на тэрыторыі Сырыйскай арабскай рэспублікі, гэта значыць на аснове звароту легітымных уладаў», — сказаў прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў.

«Мы, безумоўна, спадзяемся, што ў найбліжэйшы час паступяць нейкія тлумачэньні на гэты конт ад нашых турэцкіх партнэраў», — дадаў ён.

Прадстаўніца Міністэрства замежных справаў Расеі Марыя Захарава заявіла, што Расея ня лічыць заяву прэзыдэнта Турэччыны аб скіданьні сырыйскага рэжыму Башара Асада афіцыйнай пазыцыяй Анкары.

Яна адзначыла, што словы Эрдагана аб Асадзе прыводзіліся не наўпроставай цытатай, а ў пераказе. У сувязі з гэтым Расея будзе абапірацца на раней дасягнутыя дамоўленасьці.

«Як я зразумела, і мы ўчора вывучалі пытаньне, паколькі гэтая цытата нарабіла шмат шуму, гэта не наўпроставая цытата, гэта было сказана не пад запіс», — сказала Захарава.

29 лістапада прэзыдэнт Турэччыны, выступаючы на канфэрэнцыі ў Стамбуле, заявіў, што турэцкая армія пачала апэрацыю ў Сырыі, «каб пакласьці канец кіраваньню тырана Асада, які зладзіў дзяржаўны тэрор».

Раней Турцыя дэкляравала іншыя мэты апэрацыі: барацьбу з тэрарыстамі «Ісламскай дзяржавы» і ўзброенымі аддзеламі курдаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG