Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як украінскае пытаньне сапсавала беларускую дыпляматыю


Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

У Менску адбыліся перамовы міністраў замежных спраў «нармандзкай чацьвёркі» (Расеі, Украіны, Францыі, Нямеччыны). Але, як і чакалася, без асаблівых вынікаў. Для Беларусі гэтая падзея важная самім фактам вяртаньня краіны ў статус цэнтру ўрэгуляваньня ўкраінскага крызісу.

Звычайна Лукашэнка напоўніцу выкарыстоўвае такую магчымасьць, каб папіярыцца, сустрэцца перад тэлекамэрамі з прыежджымі палітыкамі. Гэтым разам ён прапусьціў нагоду. Самае простае тлумачэньне, якое ляжыць на паверхні, палягае ў тым, што яго ў гэты час не было ў Менску, ён знаходзіўся з афіцыйным візытам у Баку.

Але ці гэта адзінае тлумачэньне? Візыт можна было адкласьці. Або скараціць. Асноўныя перамовы ў Баку з Аліевым прайшлі 28 лістапада. Да вечара 29-га можна было пасьпець вярнуцца і прыехаць у «Прэзыдэнт-гатэль». Бо нячаста Менск наведваюць міністры замежных спраў Францыі і Нямеччыны.

Апошнім часам украінская тэма стала для беларускай замежнай палітыкі вельмі хваравітай.

Магчыма, у гэтай адсутнасьці Лукашэнкі ў патрэбны час у Менску ёсьць і яшчэ адна прычына. Справа ў тым, што апошнім часам украінская тэма стала для беларускай замежнай палітыкі вельмі хваравітай.

Мінулым тыднем правалам скончыліся перамовы Лукашэнкі з Пуціным у Маскве. Хоць на пачатку кастрычніка афіцыйныя асобы Беларусі і Расеі дружна цьвердзілі, што нафтагазавая вайна скончылася, пра ўсё нібыта дамовіліся. І вось цяпер гэтая вайна фактычна аднавілася. Афіцыйны Менск абвясьціў пра намер павялічыць кошт транзыту расейскай нафты па беларускай тэрыторыі на 20,5% з новага году. Лукашэнка напярэдадні візыту ў Азэрбайджан і падчас перамоваў у Баку казаў, што Беларусь зацікаўленая купляць азэрбайджанскую нафту. Усё гэта ў піку Маскве.

Расея не засталася ў даўгу і выпусьціла свой залп. Па двух расейскіх фэдэральных тэлеканалах прайшлі ток-шоў, прысьвечаныя беларускай тэме. Сэнс дыскусіяў зьвёўся да аднаго: ці спрабуе Беларусь аддзяліцца ад Расеі і пайсьці шляхам Украіны? Перайшлі ў сфэру публічнай палемікі і рознагалосьсі паміж саюзьнікамі па пытаньні перасячэньня беларуска-расейскай мяжы грамадзянамі трэціх краін, што падрывае статус Беларусі як транзытнай дзяржавы.

Крэмль застаўся не ў захапленьні ад таго, што ўкраінскія танкі езьдзяць на беларускай салярцы, вырабленай зь бязмытнай расейскай нафты.

Бакі афіцыйна не тлумачаць, што раптам здарылася, які чорны кот прабег паміж Масквой і Менскам у апошні момант. У кулюарах дасьведчаныя дыпляматы даводзяць, што ўсяму віной украінскае пытаньне. Пра гэта піша расейскі рэсурс «Газета.Ру»: «У 2016 годзе Беларусь істотна нарасьціла пастаўкі нафтапрадуктаў ва Ўкраіну. Ёсьць верагоднасьць паўтарэньня гістарычнага рэкорду 2012 году, калі ў гэтую краіну зь беларускага кірунку паступіла больш за 4 млн тон нафтапрадуктаў. Рост паставак у першым паўгодзьдзі быў не ў апошнюю чаргу зьвязаны з расейскім эмбарга на пастаўку дызэльнага паліва на Ўкраіну: аб’ём паліва, які раней пастаўляўся з Расеі, быў замешчаны беларускім рэсурсам. Мабыць, Крэмль застаўся не ў захапленьні ад таго, што ўкраінскія танкі езьдзяць на беларускай салярцы, вырабленай зь бязмытнай расейскай нафты».

Парадаксальным чынам так склалася, што менавіта цяпер незадаволенасьць пазыцыяй афіцыйнага Менску не хавае і Ўкраіна. І прычынай таму стала вядомае галасаваньне ў ААН па рэзалюцыі аб захаваньні правоў чалавека ў Крыме.

Напярэдадні гэтай падзеі адбылася тэлефонная размова Пятра Парашэнкі з Аляксандрам Лукашэнкам. Прэзыдэнт Украіны прасіў Беларусь падтрымаць гэтую рэзалюцыю, прапанаваную Кіевам. Паводле ўкраінскіх крыніц, Лукашэнка нібыта паабяцаў гэта зрабіць. (Гл. артыкул Аляксандра Фядуты ў «Народнай Волі» 29.11.2016). Паводле беларускай вэрсіі, наадварот, у тэлефоннай размове міністраў замежных спраў Беларусі і Ўкраіны напярэдадні галасаваньня Ўладзімер Макей тлумачыў, чаму Беларусь будзе галасаваць супраць.

Для ўкраінскай палітычнай клясы стала непрыемным шокам, што Беларусь ня толькі прагаласавала супраць гэтай рэзалюцыі, але і імкнулася ўвогуле адкласьці прыняцьце, зьняць яе з разгляду 3-га камітэту ААН.

У любым выпадку, для ўкраінскай палітычнай клясы стала непрыемным шокам, што Беларусь ня толькі прагаласавала супраць гэтай рэзалюцыі, але і імкнулася ўвогуле адкласьці прыняцьце, зьняць яе з разгляду 3-га камітэту ААН.

Яшчэ больш алею ў агонь падліло тлумачэньне беларускай пазыцыі, якое даў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык 15 лістапада. Ён заявіў: «Мы заўсёды адкрыта галасуем супраць краінавых рэзалюцыяў, дзе б яны ні разглядаліся — у Жэнэве або Нью-Ёрку. Гэта ня сьведчаньне падтрымкі краін, якія робяцца аб’ектамі рэзалюцый, а сьведчаньне нашага пасьлядоўнага непрыманьня крывадушных падыходаў да тэмы правоў чалавека, якія навязваюцца Арганізацыі Аб’яднаных Нацый асобнымі дзяржавамі па прынцыпе «я лепш ведаю, што вам трэба рабіць».

Стоп! Пра якую краіну ідзе гаворка ў рэзалюцыі аб захаваньні правоў чалавека ў Крыме? Па лёгіцы сп. Мірончыка, пра Расею. Дасюль Беларусь усяляк ухілялася ад адказу на пытаньне: чый Крым? У гэтым у значнай ступені і палягала пазыцыя нэўтралітэту ў расейска-ўкраінскім канфлікце. І вось цяпер выглядае так, што Беларусь прызнае прыналежнасьць Крыму Расеі. Які ж тут нэўтралітэт? І менавіта гэта выклікала абурэньне ўкраінскай палітычнай супольнасьці. Там зьявіліся заклікі адмовіцца ад Менску як перамоўнай пляцоўкі па ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу. А гэта ўжо ўдар па галоўным здабытку беларускай дыпляматыі апошніх трох гадоў, па вобразе Беларусі як міратворцы.

Гэта ня першы раз, калі беларускія ўлады сваімі заявамі пацьвярджаюць вядомае выслоўе: хацелі як лепш, а атрымалася як заўсёды. Узгадайма, як падчас абвастрэньня канфлікту паміж Азэрбайджанам і Армэніяй Міністэрства замежных спраў Беларусі, жадаючы стаць пасярэднікам у яго ўрэгуляваньні, выступіла з заявай, у якой заклікала бакі да замірэньня на падставе прынцыпу захаваньня тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржаў. У выніку МЗС Армэніі зрабіў дыпляматычны дэмарш, заявіў пратэст беларускаму амбасадару.

Такім чынам, перафразуючы вядомы афарызм пэрсанажа раману «Майстар і Маргарыта», беларускую дыпляматыю сапсавала ўкраінскае пытаньне. Можа, таму Аляксандар Лукашэнка і застаўся ўбаку (у Баку) ад гэтага чарговага паседжаньня «нармандзкай чацьвёркі». Каб лішні раз не дражніць гусей, не раздражняць сваёй прысутнасьцю ні Маскву, ні Кіеў. Бо ў дадзены момант гэта магло аказацца антыпіярам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG