Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі заплянаваў стварэньне сыстэмы іпатэчнага крэдытаваньня (калі крэдыт выдаецца пад заклад нерухомасьці, у тым ліку кватэры, на якую бярэцца крэдыт) да канца 2020 году, перадае БелаПАН словы віцэ-прэм’ера Анатоля Калініна.

Укараненьне іпатэкі было заплянаванае ў праграме разьвіцьця на 2016-2020 гады, ды для функцыянаваньня сыстэмы іпатэкі неабходна, каб гадавы ўзровень інфляцыі быў у раёне 5-7%, адсоткавыя стаўкі па крэдытах не перавышалі 15%, а штогадовыя плацяжы па іпатэчных крэдытах не перавышалі 35% гадавога даходу сям’і, тлумачыць Калінін.

Да канца «пяцігодкі» такія ўмовы будуць створаныя, абяцае ён. Канцэпцыя разьвіцьця сыстэмы будаўнічых зьберажэньняў, кажа Калінін, цяпер на завяршальнай стадыі. Да таго ж урад шукае сродкі на забесьпячэньне жытлом шматдзетных сем’яў — перад урадам ставілі задачу зрабіць гэта цягам трох гадоў, а сродкаў бракуе.

Урад таксама разглядае магчымасьць перадаць некаторыя дзяржаўныя будаўнічыя арганізацыі ў давернае кіраваньне прыватным інвэстарам. Іх кіраўнікі, кажа Калінін, аказаліся не гатовыя працаваць ва ўмовах, калі замоўцы яшчэ не разьлічыліся па асобных аб’ектах за 2014 год, калі даводзіцца браць дарагія крэдыты і самастойна шукаць замовы.

Закон «Аб іпатэцы» быў прыняты ў Беларусі яшчэ ў 2008 годзе, але іпатэчныя крэдыты не атрымалі ў Беларусі шырокага распаўсюду. Напрыклад, у 2014 годзе старшыня Нацбанку Надзея Ермакова казала, што ідзе распрацоўка сыстэмы будаўнічых зьберажэньняў, бо «многія просяць іпатэку». Тады яна разьлічвала, што сыстэма іпатэчных крэдытаў запрацуе ўжо ў 2014 годзе.

Тым часам толькі ў Менску застаюцца непрададзенымі 5 тысяч новых кватэраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG