Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лясы, пушчы, бары, бярозавыя гаі... Тыповы краявід Беларусі немагчыма ўявіць бязь цёмна-зялёнай паласы лесу на даляглядзе. У некаторых раёнах краіны за ляснымі гушчарамі нават цяжка разгледзець лапікі палеткаў. А збор грыбоў — «ціхае паляваньне» — спрадвеку быў і застаецца адным з самых улюбёных заняткаў беларусаў. Ён аб’ядноўвае вяскоўцаў ды гараджанаў і на пачатку ХХІ стагодзьдзя. Пра месца і ролю лесу ў жыцьці беларусаў, пра яго ўплыў на сьветагляд нацыі размова з этнакультуролягам Уладзімерам Лобачам.

Ракіцкі: Беларусь — эўрапейская краіна, з разьвітай сеткай паселішчаў рознага тыпу, транспартнымі камунікацыямі і вялікімі сельскагаспадарчымі рэсурсамі. Наколькі апраўданае сёньня яе традыцыйнае вызначэньне — «лясная краіна»?

Лобач: На сёньняшні дзень лясныя масівы займаюць каля 39% плошчы Рэспублікі Беларусь. Для параўнаньня прывядзем дадзеныя па іншых эўрапейскіх краінах. Ва Ўкраіне лясы займаюць каля 16% тэрыторыі, у Францыі — 14, Польшчы — каля 25, Літве — каля 30, Нямеччыне — 33% усёй плошчы. Паколькі пасадкі лесу ў Беларусі ўвесь час павялічваюцца, можна сказаць, што мы арыентуемся на краіны Паўночнай Эўропы — Швэцыю, Фінляндыю, Эстонію, дзе лес займае ад 50 да 60% тэрыторыі. Пры гэтым трэба ведаць, што ў часы жалезнага веку і раньняга сярэднявечча лес пакрываў да 90% плошчы цяперашняй Беларусі. І нават у XVI—XVIIІ стагодзьдзях эўрапейцы, якія траплялі ў нашу краіну, былі шчыра ўражаныя непралазнымі беларускімі гушчарамі. Так, швэдзкі салдат у 1709 годзе занатаваў у сваім дзёньніку, што тут

«лясоў нашмат больш, чым палёў. Лес, які мы прайшлі сёлета, цягнецца на сотні кілямэтраў без адзінай прагаліны. Толькі зрэдку мы сустракалі невялічкія, занядбаныя вёскі, вакол якіх толькі лес [...] ніколі я ня бачыў такога багацьця дзікіх птушак, паляваньне на якіх — незабыўны занятак для паляўнічага».

Ракіцкі: Такім чынам, лес быў важнай жыцьцёвай умовай беларусаў на працягу ўсіх этапаў этнічнай гісторыі. У гэтай сувязі натуральным паўстае пытаньне пра гаспадарчую ролю лесу ў жыцьці народу.

Лобач: Гаспадарчая роля лесу на працягу ўсёй гісторыі беларусаў ня проста вялікая, але калясальная. Лес для беларусаў быў і застаецца найважнейшай крыніцай самых розных рэсурсаў, выкарыстаньне якіх абумовіла спэцыфіку матэрыяльнай культуры ў розных яе аспэктах (народнае дойлідзтва, промыслы, дрэваапрацоўчыя рамёствы, структура харчаваньня і іншыя). Як трапна заўважыў вядомы польскі этнограф Казімір Машыньскі,

«палешука выхаваў лес. Лес наклаў несьціральны адбітак на ўсё яго жыцьцё і ўвесь культурны здабытак. Пачынаючы ад абутку і сканчаючы хатай, бальшыня ўсялякіх прадметаў, якія яго акружаюць, паходзяць зь лесу».

Можна толькі дадаць, што назіраньне Машыньскага правамоцнае ня толькі ў дачыненьні да жыхароў Палесься, але і для ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Акрамя таго, лес у часы ўсіх ваенных ліхалецьцяў быў для беларусаў надзейным сховішчам ад ворагаў і месцам, дзе нараджаўся партызанскі рух супраць акупантаў усякай масьці.

Ракіцкі: І мы можам казаць, што любоў беларусаў да лесу мае сваім грунтам найперш практычны разьлік і гаспадарчую прагматыку?

Лобач: Гэтая тэза слушная толькі ў малой ступені і не адпавядае рэальнасьці нават сёньня. Калі пагодным восеньскім днём мы бачым на лясной дарозе шыкоўную іншамарку, а побач — яе ўладальніка, які, забыўшыся на ўсё, са шчасьлівым выглядам на твары зразае крамяныя баравічкі, няўжо мы ўсур’ёз паверым, што гэты чалавек прыехаў у лес, бо мае праблемы з прадуктамі харчаваньня і ня можа купіць грыбы ў супэрмаркеце? Безумоўна, не! Гараджанін едзе ў лес па грыбы, а знаходзіць ня толькі масьлякі ці абабкі, але спакой, рэляксацыю, псыхалягічны камфорт.

Ракіцкі: Тут цяжка не пагадзіцца, бо для сучаснага гараджаніна, зь ягоным імклівым тэмпам жыцьця, візыт у лес — гэта адпачынак ад гарадзкой мітусьні. Але, напэўна ж, у жыцьці вяскоўца пераважае прагматычнае стаўленьне да лесу. Ці не адсюль і прыказка: «Што ў лесе родзіцца — у хаце згодзіцца»?

Лобач: Гаспадарчае значэньне лесу ў жыцьці беларускага селяніна было і застаецца вельмі важным, але зводзіць узаемадачыненьні вяскоўца зь лесам толькі да матэрыяльнай выгады было б карэнным чынам няправільна.

У этнаграфічнай экспэдыцыі 2009 году ад звычайнай бешанковіцкай бабулі я ня толькі ўпершыню пачуў пра «лясную балезьнь», але і зразумеў, што, як і бабуля, невылечна хворы на яе. Зрэшты, як і значная частка беларусаў. Вось як яна казала:

«Я, ва-первых, лясная, каля леса жыла, там усё: і ягады, і грыбы. Лясная балезнь у меня. На мяне ругаецца дочка, а я палачку ў руку і пайшла ў лес. Есьлі я не схаджу, я балею. У нас летам многа баравікоў бываець, і баравікі, і падасінавікі, а я ж не магу прапусціць. У клюкву, як давядзецца мне, і я ў клюкву іду. І ў гэтым гаду ў клюкве была, і ў чарніцах была. Есьлі мяне ўнук падвязець, калі прыедзець з Мінска, то я буду ў лясу. Лес — балезнь мая. У лесе ўсё нравіцца: і сабіраць нравіцца, і птушачкі пяюць, і воздух... Я бы брадзіла па лясу да самага вечара, мне б не надаела, і ўсталасьці нет, у нас мох такі тонушчы. Цяжало хадзіць па мху, но я прыйшла — і пайшла спраўляцца. Гэта мне саздаець удавольсцвіе. А вясна начанаецца, у лясу красіва як! Бярозы распускаюцца, воздух, а птушачкі заліваюцца. Гэта ж удавольсцвіе такое!».

Ракіцкі: Значыць, лес у карціне сьвету беларусаў мае нашмат большае значэньне, чым багатая крыніца разнастайных гаспадарчых рэсурсаў?

Лобач: Безумоўна. Тут варта пачаць з таго, што, паводле беларускіх легендаў, лес у пракаветныя часы, калі толькі ўсё пачыналася, быў створаны самім Богам. Ён сакральны паводле свайго паходжаньня. Пры гэтым ва ўяўленьнях беларускага вяскоўца Дэміюрг выступае ў якасьці сейбіта: «Лес сам Бог засеяў», «Лес насеяў Бог, ніхто яго не расьціў, не гадаваў...». Пазытыўны статус лесу ў мітапаэтычнай карціне сьвету беларусаў апэлюе да «залатых часоў» роўнасьці і дастатку, а таксама ўзмацняецца патэнцыйнай здольнасьцю «Божага гаю» да трансфармацыі ў «зямлю Божую», гэта значыць, сельскагаспадарчыя ўгодзьдзі (поле):

«Лес — Божы гай. Бог даў яго людзям на патрэбу. Даўней ніхто табе не бараніў, хадзі па ўсёй пушчы да й карыстай усім, што табе любо. І людзі карысталі: лавілі ўсялякага звера, бралі ў дупленатых дзераўляках ат сьлепата мёд і воск, наглядалі ды секлі сабе здатнае дзераво, пасьцілі гаўядо ды выраблялі сенажаці ці выпальвалі ды расчышчалі лес на поле. Кожын абрабляў зямлю, дзе хацеў. Бо людзі Божыя й зямля Божая».

Тут варта прыгадаць меркаваньне філёзафа і культуроляга Сяргея Санько аб тым, што беларуская этнакультурная традыцыя — адзін з рэдкіх выпадкаў, калі лес выступае ў адносінах да чалавека (калектыву) як прастора не катэгарычна варожая, але хутчэй спрыяльная і пазытыўная.

Ракіцкі: У традыцыйных уяўленьнях беларусаў лес належыць да Боскай сфэры сьветабудовы. А як выяўляецца гэтая сакральнасьць лесу ў рэальным жыцьці?

Лобач: Вельмі паказальны той факт, што большасьць культавых крыніцаў Беларусі, якія ў народзе лічацца сьвятымі, знаходзіцца менавіта ў лясных урочышчах. Пры гэтым сакральна вылучаная ня толькі вада крыніцы, але і само лясное ўрочышча, дзе тая знаходзіцца. Напрыклад, для жыхароў Вушаччыны знакам незвычайнасьці, сьвятасьці месца, дзе знаходзіцца культавая крыніца Ільлінка, выступае тое, што там зусім няма жамяры (камароў, сьляпнёў, аваднёў), якая ў народных уяўленьнях мае д’ябальскае паходжаньне і трывала суадносіцца зь нечысьцю:

«Вот раньшэ, як ездзілі старыя сюды ў лес, пакуль да гэтага леса даедуць, тут аваднёў, мух — неяк было ў лес ехаць, як толькі да гэтага месца, дзе во тут крыніца, даедуць, коні стаяць — ні аднаго: ні авадня, ні камара. І сейчас — пайдзі ў лес і сколькі камароў — яны ж заядуць. А тут пастаянна, усё врэмя тут няма ні аваднёў, ні камароў».

Другім сьведчаньнем сакральнага статусу лесу выступае ягоная абавязковая прысутнасьць на старых або вясковых могілках, якія і выглядаюць здалёк, як векавы гай. У гэтым выпадку дрэвы, арыентаваныя вэртыкальна, увасабляюць пасьмяротны шлях душы нябожчыка на неба. Акрамя таго, лес разглядаўся як крыніца надзвычайных, знахарскіх ведаў, недасяжных для большасьці людзей. Разумець «мову лесу» і, адпаведна, ягоныя таямніцы маглі толькі моцныя знахары. Але таямнічыя веды мог атрымаць і звычайны чалавек, які зрабіў паслугу міталягічнаму гаспадару лесу — лесавіку. Як пісаў Уладзімер Дабравольскі,

«Многія, пачуўшы ад лесавіка ўсялякай прамудрасьці, робяцца знахарамі і знахаркамі...», «звышнатуральныя веды і багацьце атрымліваюць ад лесавіка тыя, хто зробіць якую-небудзь паслугу яго дзецям, напрыклад, прыкрые іх, калі знойдзе ў лесе голых».

Лесавік (Дзіцячы музей міфалогіі і лесу ў Заслаўі)

Лесавік (Дзіцячы музей міфалогіі і лесу ў Заслаўі)

Ракіцкі: А як складаліся адносіны паміж людзьмі і міталягічным гаспадаром лесу ў будзённым жыцьці? Ці быў гэты пэрсанаж небясьпечным і пагрозьлівым?

Лобач: Сытуацыя ўваходу ў лес атаясамлівалася з прыходам у чужы дом і патрабавала адпаведнай прывітальнай формулы: «Дзень добры таму, хто ў етым даму!» Сама намінацыя міталягічнага апекуна лесу — «хазяін» — адлюстроўвае разуменьне лесу як своеасаблівай гасподы, бо для традыцыйнай мэнтальнасьці гаспадар без уласнай сядзібы — нонсэнс. Адпаведна, і зайсьці ў «сядзібу» ляснога гаспадара можна было, толькі папытаўшыся ў яго дазволу.

Вось размова ў Расонскім раёне:

— А што нада гаварыць, як у лес ідзеш?

«Хазяін, разьряшы зайсьці». Выходзіш з лесу: «Спасіба, Хазяін, што прынімаў, што ўстрэчаў, што благаславіў». А мы ж і жылі з лесу. Ягады, грыбы — гэта было наша.

— І так во кажны раз трэба было?

— Да, да! «Хазяін, разьряшы зайсьці ў лес». Сказаў, перякрясьціўся і пайшоў.

— А вот «Хазяін» — гэта хазяін лесу?

— Хазяін лесу, хазяін! У каждым лясу ёсць Хазяін.

— Ну, а які ён, што пра яго гавораць? Ці ён толькі добры, ці можа пакараць, калі што дрэнна робіш?

— Можат. Калі не заслужыў, дык можыць цябе вадзіць кругамі, так старухі гаварылі. Будзеш хадзіць да ўпаду, пака не надаесьць, пака не ўпросіш ты яго, што б ён цябе кінуў вадзіць.

Ракіцкі: Але ці актуальныя міталягічныя ўяўленьні беларусаў пра лес цяпер, у постындустрыяльную эпоху, калі большасьць насельніцтва жыве ў гарадах?

Лобач: Вядома, актуальныя, бо іншае вымярэньне міталягічнага сьветагляду — гэта гарманічныя і паважлівыя ўзаемаадносіны Чалавека і Сусьвету. Этыка ўзаемадачыненьняў з навакольным сьветам, адлюстраваная ў нашай міталёгіі, ня будзе лішняя ні ў дашкольным выхаваньні, ні ў сыстэме адукацыі. А ў найбліжэйшай пэрспэктыве вельмі б хацелася, каб функцыі «гаспадара лесу» выконвала экалягічная паліцыя: той, хто выкінуў у лесе плястыкавую бутэльку, мусіць ня толькі прыбраць за сабой, але і «заблукаць» у гушчарах на тыдзень, выконваючы прымусовыя працы па зборы сьмецьця ў «Божым садзе».

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG