Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нармандзкая чацьвёрка ў Менску: «Асаблівага прарыву няма»


Сустрэча міністраў замежных спраў так званай «нармандзкай чацьвёркі» 29 лістапада ў Менску ў «Прэзыдэнт-гатэлі». Усе фота Пятра Аўдзеева.

Сустрэча міністраў замежных спраў так званай «нармандзкай чацьвёркі» 29 лістапада ў Менску ў «Прэзыдэнт-гатэлі». Усе фота Пятра Аўдзеева.

29 лістапада ў Менску ў «Прэзыдэнт-гатэлі» адбылася сустрэча так званай «нармандзкай чацьвёркі» на ўзроўні міністраў замежных спраў Нямеччыны, Францыі, Украіны ды Расеі ў пытаньнях разьвязаньня ваеннага канфлікту на Данбасе.

Больш за 3 гадзіны доўжыліся перамовы міністраў замежных спраў Украіны Паўло Клімкіна, Расеі — Сяргея Лаўрова, Нямеччыны Франка-Вальтэра Штайнмаера і Францыі Жан-Марка Эро.

Па выніках перамоваў агульнага падыходу да прэсы не было. Расейскі пул журналістаў дапусьцілі да Лаўрова, немецкіх і францускіх журналістаў — да Франка-Вальтэра Штайнмаера і Жана-Марка Эро. Беларускія і замежныя журналісты пайшлі слухаць Паўло Клімкіна і віцэ-сьпікера Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ірыну Герашчанку.

Міністар замежных спраў Францыі і міністар замежных спраў Нямеччыны сказалі дыпляматычна, што нягледзячы на тое, што няма асаблівых вынікаў, перамовы трэба працягваць.

У прыватнасьці, Жан-Марк Эро заўважыў: «Гэта самы вялікі канфлікт з часоў Другой ўсясьветнай вайны на эўрапейскай тэрыторыі. І як бы ні было цяжка размаўляць, альтэрнатывы менскім перамовам няма».

Зьлева направа: міністры замежных спраў Францыі Жан-Марк Эро, Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер, Расеі Сяргей Лаўроў і Ўкраіны Паўло Клімкін.

Зьлева направа: міністры замежных спраў Францыі Жан-Марк Эро, Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер, Расеі Сяргей Лаўроў і Ўкраіны Паўло Клімкін.

Кіраўнік расейскага зьнешнеэканамічнага ведамства Сяргей Лаўроў паведаміў, што міністры на сёньняшняй сустрэчы абмяркоўвалі пытаньні па даручэньні лідэраў чацьвёркі, якія сустракаліся 19 кастрычніка:

«Відавочна, што гэтыя дамоўленасьці буксуюць. На працоўным ўзроўні не ўдаецца нават узгадніць пасьлядоўнасьць крокаў у сфэры бясьпекі і палітычнай сфэры».

Спаслаўшыся на статыстыку маніторынгавай місіі АБСЭ, Лаўроў сказаў, што фіксуецца «у разы парушэньняў больш з боку Ўкраіны» па вяртаньні цяжкай тэхнікі і ўзбраеньняў на раней агавораныя месцы.

Таксама расейская дэлегацыя падтрымлівае прапановы па доступу прадстаўнікоў Чырвонага Крыжа да затрыманых па абодва бакі канфлікту, сказаў Лаўроў.

«Ніякіх прарываў сёньня не было, але суцяшае тое, што дамовы лідэраў ад 19 кастрычніка не падвяргаюцца сумневу», — падсумаваў вынікі сустрэчы расейскі міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў.

Сяргей Лаўроў

Сяргей Лаўроў

Міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін распавёў журналістам, што дыскусія па дарожнай мапе, зь якой прыехаў на перамовы ўкраінскі бок, была вельмі кароткай і павярхоўнай. Расейскі бок не пагаджаўся з ключавымі прыярытэтамі, вылучанымі Ўкраінай.

Але першым пытаньнем была праблема вызваленьня палонных з абодвух бакоў. Паводле Клімкіна, украінскі бок настойвае, каб прадстаўнікі Чырвонага Крыжа мелі доступ да кожнага закладніка. Паўло Клімкін спадзяецца, што да Новага года будуць вызваленыя 57 закладнікаў, якія знаходзяцца ў Расеі, прычым, 40 зь іх утрымліваюцца больш за 2 гады.

Абмяркоўваўся і гуманітарны блёк пытаньняў, праблемы з забесьпячэньнем вадой акупаваных тэрыторый. «Сьвядома ствараецца гуманітарная катастрофа», — адзначыў Паўло Клімкін.

Паўло Клімкін

Паўло Клімкін

Яшчэ адзін важны момант, які абмяркоўваўся — праблемы бясьпекі:

«Толькі за гэты месяц на ўкраінскіх вайскоўцаў было выпушчана 132 тоны мін і снарадаў. Зь лініі дотыку за гэты месяц было 317 абстрэлаў», — паведаміла віцэ-сьпікер Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ірына Герашчанка.

Таксама спадарыня Герашчанка адзначыла, што краіна сама ў стане правесьці выбары на сваёй тэрыторыі ў любым рэгіёне, і Расея не павінна ўмешвацца ў гэты працэс, як яна рабіла гэта ў Крыме. «Дапамога ў правядзеньня выбараў нам не патрэбна. Нам патрэбна дапамога ў ціску на Расею, каб яна сышла з украінскай тэрыторыі».

Украіна заклікае ўсе краіны СНД падтрымаць ў ААН рэзалюцыю па становішчы з правамі чалавека ў Крыме, паведаміў міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін. У Генасамблеі ААН гэтая рэзалюцыя павінна разглядацца 15 сьнежня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG