Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пецярбург: суд над бандай, якая нападала на выхадцаў з Цэнтральнай Азіі


Меліс Асанаў з дачкой, якія зрабіліся ахвярамі нападу.

Меліс Асанаў з дачкой, якія зрабіліся ахвярамі нападу.

У Пецярбурскім гарадзкім судзе пачаліся слуханьні па справе 19 маладзёнаў, якія наладзілі 12 ліпеня 2013 году сэрыю нападаў на выхадцаў з Цэнтральнай Азіі, якія скончыліся сьмерцю аднаго з пацярпелых.

Самую гучную сваю акцыю яны назвалі «Белы вагон» — урываліся ў вагоны мэтро і зьбівалі людзей «неславянскай зьнешнасьці».

Сьледзтва лічыць, што гэтую групоўку стварыў ў 2012 годзе жыхар Пецярбургу Андрэй Калесьнікаў. Насамрэч яго завуць Джэмаль, паводле паходжаньня ён араб, але праз нацыяналістычныя погляды ў 2002 годзе ўзяў сабе іншае імя — Андрэй. Усяго групоўку абвінавачваюць у 36 злачынствах.

Намесьнік дырэктара Агенцтва журналісцкіх расьсьледаваньняў Яўген Вышанкоў лічыць распачаты суд адным з сэрыі падобных працэсаў, якія ён ставіць ў адзін шэраг з справамі нацысцкай групоўкі «Невоград», «Шульц-88» і банды Баравікова-Ваяводзіна, на рахунку якой — забойства навукоўца-этноляга антыфашыста Мікалая Гірэнкі.

Яўген Вышанкоў лічыць галоўнай адметнай рысай падобных груповак маладосьць і невуцтва, а таксама баязьлівасьць, паколькі яны заўсёды нападаюць натоўпам на безабароннага чалавека. У той жа час ён лічыць няправільным, што працэс праходзіць у закрытым рэжыме: калі жыхары і госьці гораду штодня маюць небясьпеку быць зьбітымі або нават забітымі экстрэмістамі, значыцца, яны павінны мець права паглядзець на іх паводзіны ў судзе.

З 19 абвінавачаных 14 маладых людзей на момант злачынстваў не дасягнулі паўналецьця, таму судзьдзя прыняла рашэньне праводзіць працэс закрытым.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG