Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксандар Лукашэнка ўсклаў кветкі да манумэнта на Алеі шагідаў


У другі дзень свайго візыту ў Баку Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з прэм’ер-міністрам Азэрбайджану Артурам Расізадэ.

Як падае сайт беларускай тэлевізіі tvr.by палітыкі абмеркавалі пэрспэктывы разьвіцьця беларуска-азэрбайджанскіх дачыненьняў.

Перад сустрэчай з Артурам Расізадэ Аляксандр Лукашэнка наведаў пабудаваны ў постмадэрнісцкім стылі Цэнтар Гейдара Аліева. Будынак лічыцца адным з сымбаляў сучаснага Баку. Паводле беларускіх тэлежурналістаў, цэнтар зьяўляецца нагляднай ілюстрацыяй філязофіі дзяржаўнага будаўніцтва і ідэалёгіі азэрбайджанства Гейдара Аліева, гісторыі краіны, мовы, культурных, нацыянальных і духоўных каштоўнасьцяў.

Аляксандр Лукашэнка таксама наведаў экспазыцыю рарытэтных аўтамабіляў.

Акрамя таго, сёньня Лукашэнка прыняў удзел у цырымоніі ўскладаньня вянка да манумэнта на Алеі шагідаў.

Тым часам, у Армэніі крытыкуюць заявы Лукашэнкі ў Баку.

Беларусь і Азэрбайджан выступаюць за вырашэньне канфлікту ў Нагорным Карабаху ў адпаведнасьці з нормамі міжнароднага права. Пра гэта гаворыцца ў супольнай заяве кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева. Пра гэта з Баку, дзе 28 лістапада адбыліся перамовы паміж двума лідэрамі, перадае карэспандэнт БелТА.

У заяве гаворыцца: «Бакі адзначаюць важнасьць урэгуляваньня нагорна-карабахскага канфлікту ў адпаведнасьці з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права, перш за ўсё на аснове захаваньня і забесьпячэньня сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласьці і непарушнасьці межаў дзяржаваў, а таксама адпаведных рэзалюцый Рады Бясьпекі ААН і рашэньняў АБСЭ».

Гэтыя дэклярацыі прыцягнулі ўвагу армянскіх палітыкаў.

Афіцыйная пазыцыя Менску па карабахскім урэгуляваньні адлюстравана ў Ерэванскай дэклярацыі АДКБ, пад якой свой подпіс у ліку іншых кіраўнікоў дзяржаваў-членаў арганізацыі паставіў і Аляксандар Лукашэнка. Пра гэта 29 лістапада ў гутарцы з карэспандэнтам агенцтва «Армінфа» заявіў віцэ-сьпікер парлямэнту Армэніі, сустаршыня армяна-беларускай міжпарлямэнцкай камісіі па супрацоўніцтве Эдуард Шармазанаў, камэнтуючы супольную заяву прэзыдэнтаў Беларусі і Азэрбайджану ў Баку, у якім знайшлі месца палажэньні, якія супярэчаць, на думку палітыка, пазыцыі Менскай групы АБСЭ.

«14 кастрычніка ў прысутнасьці і за подпісам Лукашэнкі была прынятая Ерэванская дэклярацыя АДКБ, у якой была адлюстравана пазыцыя краін-удзельніц структуры па карабахскім урэгуляваньні. У прыватнасьці, была выказана салідарнасьць менскім і пецярбурскім дамоўленасьцям па зьніжэньні эскаляцыі ў зоне канфлікту, мірнага ўрэгуляваньня праблемы на аснове трох Хэльсынкскіх прынцыпаў — права народаў на самавызначэньне, тэрытарыяльная цэласьць дзяржаваў і неўжываньне сілы. Армянскі бок менавіта гэта прымае ў якасьці афіцыйнай пазыцыі Беларусі і краін АДКБ па карабахскім урэгуляваньні. Парушэньне палажэньняў гэтага дакумэнту азначае ігнараваньне пазыцыі АДКБ. Думаю, усе кіраўнікі дзяржаваў-удзельніц АДКБ паважаюць свае подпісы», — падкрэсьліў палітык.

Пры гэтым, адказваючы на пытаньне аб тым, ці не павінен армянскі бок даць ацэнку падобным заявам Лукашэнкі, Шармазанаў нагадаў, што аналягічны інцыдэнт быў зафіксаваны і ў дні красавіцкай вайны. Тады беларускі амбасадар быў выкліканы ў МЗС Армэніі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG