Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Танцы ў інвалідным вазку альбо каленцы кадрылі са смакам зьбітню


23-27 лістапада ў Віцебску адбываўся найбуйнейшы на постсавецкай прасторы міжнародны форум танцу. Ён разбурае звыклае ўяўленьне пра харэаграфічнае мастацтва і дорыць гасьцям гукі кадрылі, смак зьбітню і магчымасьці тым, хто абмежаваны імі.

Балет без пуантаў

Рымэйкам на сусьветна вядомы клясычны балетны твор распачаўся ХХІХ Міжнародны фэстываль сучаснай харэаграфіі (IFMC). Аўтарскую вэрсію «Жызэлі» з трэйлерам дэкарацый у Беларусь з Украіны прывёз Раду Паклітару — харэограф з брэндавым імем, малдаўскім паходжаньнем і беларускім пашпартам. Гэта пераасэнсаваньне балету кампазытара Адольфа Адана, які з моманту прэм’еры на сцэне Опэра Ле Пэлецье ў Парыжы 1841-га не пакідае тэатральных пляцовак розных краінаў сьвету. Клясычная «Жызэль, альбо Вілісы» ёсьць і ў рэпэртуары Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатру опэры і балету Беларусі. Амаль дзесяць гадоў у тутэйшай «Жызэлі» танчыў і сам Паклітару, які ад пачатку 90-х быў адным зь вядучых балетных танцораў краіны.

«Жызэль» у выкананьні актораў «Кіеў-мадэрн балет» — гэта 39-ты балет у творчай біяграфіі харэографа. Дэкарацыі, спэцэфэкты Андрэя Злобіна, касьцюмы Ганны Іпацьевай, фрызуры ад BAREX Italiana і Віктара Задворнага зрабілі пастаноўку з удзелам 32 актораў найдаражэйшым праектам у гісторыі тэатру. Ад арыгіналу ў «Жызэлі» Паклітару засталася найлепшая ў сьвеце балетная музыка Адана, імёны галоўных пэрсанажаў і адвечная тэма каханьня. Замест клясычных па — прыёмы сучаснай харэаграфіі, замест пачак — фантазійныя касьцюмы. І поўная адсутнасьць пуантаў — танцоры выходзяць на сцэну басанож, у красоўках і пантофлях на абцасах.

Сюжэт балету надзвычай просты, і тых, хто бачыў клясычную вэрсію, можа расчараваць. Жызэль не падзяляе пачуцьцяў Ганса. Яе сэрца належыць байкеру Альбэрту. Здрада апошняга спусташае маладую дзяўчыну маральна і вядзе на самае дно, адзінае выйсьце зь якога — сьмерць.

Партыю Жызэлі выконвае таленавітая Ганна Герус (у цэнтры), якая сёлета выйшла ў фінал міжнароднага конкурсу ў ролі харэографа ўласнага праекту.

Моц зьбітню

«Танцаваць ня грэх? Грэх не танцаваць!» — штораз, пускаючыся ў скокі, перапытвалі замежных гасьцей танцоры фольк-калектыву «Медуніца». Вечарына для ўдзельнікаў фэстывалю IFMC, як і абяцалі арганізатары, была аформлена па-беларуску. Адразу пасьля афіцыйнага адкрыцьця ў адной з заляў цэнтру культуры загучалі народныя матывы і запахла смажанінай — гасьцей частавалі дранікамі, кілбаскамі і традыцыйным зьбітнем. Гэтае гарачае пітво, паступова выціснутае гарбатай, было асабліва пашыранае ў Беларусі ў XVIII-XIX стагоддзях. У кіпень зь мёдам, цукрам ці патакаю дабаўлялі спэцыі і зёлкі — перац, гвазьдзіку, карыцу, мускатны арэх ці ляўровы ліст, часам — піва ці сьпірт. Пілі і халодны зьбіцень. Разьлічаны на масавага спажыўца, напой часта прадавалі на рынках і кірмашах, дзе было шмат народу. Рэцэптура зьбітню адрозьнівалася рэгіянальна. Так, на Віцебшчыне ў напой акрамя мёду клалі рэдзьку, хрэн і соль і называлі яго хрэсьбінным зьбітнем, які павінен быў выпіць бацька нованароджанага.

Пасьля некалькіх кілішкаў зьбітню амаль усе госьці вечарыны пайшлі таньчыць кадрылю з чатырох каленаў. Гэты танец аказаўся выдатнай нагодай, каб завязаць сяброўства, нездарма другое калена мясцовай вэрсіі носіць назву «знаёмства». Пасьля кадрылі станчылі і традыцыйную лявоніху — сьвяточны танец, які выконваўся вялікай колькасьцю пар.

Станчыць Шагала, Таркоўскага і Мадыльяні

Адным з запамінальных момантаў сёлетняга фэстывалю стаў спэктакль «Ахматмады», у аснове якога ляжыць кніга францускай пісьменьніцы Элізабэт Барые «Каханьне на досьвітку». Знаёмства Ахматавай і Мадыльяні адбылося ў 1910 годзе, калі ёй было ня больш за 20, а ён спрабаваў сябе ў скульптуры. Сваё бачаньне адносінаў паэткі і скульптара ў Віцебск прывёз Міця Федаценка, які ў сваёй творчасьці спалучае тэатар, музыку і мастацтва пэрформансу. Пераехаўшы ў 90-я гады ў Францыю, якую накрыла хваля сучаснага танцу, ён стварыў аўтарскі праект Autre MiNa, які і цяпер вылучаецца сярод жорсткай канкурэнцыі — толькі ў Марсэлі і ваколіцах налічваецца 87 танцавальных кампаній, 10 зь якіх падтрымлівае дзяржава. Харэограф стаў аўтарам 14 пастановак, першую зь якіх ён прысьвяціў Шагалу, Цьвятаевай і Таркоўскаму.

Міця Федаценка і Ліна Лангнэр у спэктаклі «Ахматмадзі»

Падчас спэктаклю сцэну ўпрыгожваюць каменныя бюсты. Знаёмства герояў прыпадае на пэрыяд у творчасьці Мадыльяні, які пасьля назавуць грэцкім. Ён называў Ахматаву сваёй «Эгіпцянкай», маляваў яе, быў апантаны ідэяй зрабіць выставу ў выглядзе лябірынту з 50 бюстаў і назваць яе «Лес Ахматавай».

У спэктаклі, які перадае атмасфэру ўзаемадзеяньня дзьвюх моцных творчых асобаў, гучыць гісторыя, якую кожны глядач вольны інтэрпрэтаваць па-свойму. Хтосьці ўбачыць у ім першую іх сустрэчу ў Парыжы, Булёнскі лес, парк Бют-Шамон, стаптаныя абцасы, на якіх хадзіла паэтка, пачуе вершы, што гучаць па-француску і на мове арыгіналу. Дарэчы, фатаздымак са спэктаклю «Ахматмады» сёлета ўпрыгожваў галоўную афішу IFMC.

Клясыка і мадэрн

Апроч відовішчнай часткі, фэстываль славіцца практычна-тэарэтычным блёкам. Найлепшыя харэографы, танцоры і танцавальныя крытыкі падчас лекцый і майстар-клясаў дзеляцца досьведам і раскрываюць асобныя сакрэты свайго майстэрства. Двойчы правёў практычныя заняткі, прысьвечаныя працы зь фізычнымі ўласьцівасьцямі цела, спэцыяльны госьць сёлетняга форуму — харэограф Хорхэ Крэкіс, дактарант Лёнданскага ўнівэрсытэту Голдсьміта. Цікавасьць гасьцей фэстывалю, а таксама танцораў-пачынальнікаў зь Віцебску выклікаў майстар-кляс танцоўшчыцы флямэнка Эвы Ербабуэны. Выхаванка найлепшых гішпанскіх і кубінскіх мэтраў, сёньня Эва лічыцца адной зь вядучых танцорак флямэнка ў Гішпаніі, якая ў сваёй творчасьці спалучае клясыку і мадэрн. З 1998 года яна кіруе ўласнай танцавальнай кампаніяй Eva Yerbabuena Ballet Flamenco.

Пашырыць дзьверы ў танцавальную студыю

Сярод удзельнікаў сёлетняга міжнароднага конкурсу — дуэт Пэдэра Нільсана і Мадэліны Мэнсан з Skanes Dansteater, якія прыехалі са швэдзкага гораду Мальмё. Танцорка далучылася да найвялікшай танцавальнай кампаніі Швэцыі некалькі гадоў таму.

Пэдэр Нільсан і Мадэліна Мэнсан сталі фіналістамі міжнароднага конкурсу IFMC

Кампанія Skanes Dansteater надзвычай папулярная ў Швэцыі і па-за межамі краіны. У яе складзе 16 пастаянных танцораў і звыш 20 штатных супрацоўнікаў. За апошні год тэатар паставіў 138 спэктакляў і арганізаваў 158 майстар-клясаў, сэмінараў і варштатаў. У межах кампаніі дзейнічае праект «Дыялёг», адзін з накірункаў якога — праца зь людзьмі з абмежаванымі магчымасьцямі. «Мы сталі заўважаць, што месцы ў залі, што адведзены для такіх гледачоў, пустуюць, — распавядае каардынатарка праекту Таня Мангаланаягам. — Падчас дасьледаваньняў выявілася, што яны ня хочуць глядзець, як танчаць іншыя, яны хочуць танчыць самі. І першае, што мы зрабілі — замянілі дзьверы ў танцавальную студыю. Яны былі занадта вузкія для вазка».

Мадэліна была адной з першых жанчын у вазку, якія сталі наведваць танцавальную студыю. Тры дні заняткі праходзілі за закрытымі дзьвярыма і завешанымі вокнамі. На чацьвёрты дзень харэографы і танцоры адважыліся паказаць вынік сваёй працы. Так быў зьняты кароткамэтражны фільм «Ня бойцеся, гэта толькі рух», які за кароткі час атрымаў тысячы праглядаў, абышоў безьліч фэстываляў і быў уключаны ўрадам Швэцыі ў праект аб мастацтве, прэзэнтацыя якога адбылася ў Нью-Ёрку. Пасьля фільму зьявіўся паўнавартасны нумар Katlego, альбо «Ідзі да мяне», з удзелам танцораў розных катэгорый і здольнасьцяў, які быў паказаны ў тым ліку ў Вялікім опэрным тэатры краіны. Найбольшы посьпех займела пастаноўка C me, пасьля якой Мадэліна захацела працаваць як самастойны танцор. На конкурсную праграму фэстывалю IFMC дуэт Пэдэра Нільсана і Мадэліны Мэнсан прывёз кранальную 4-хвілінную пастаноўку Dare To Wreck.

Кожную падтрымку танцоркі заля сустракала аплядысмэнтамі.

15 гадоў чаканьня

Спэктакль «Там» у выкананьні нарвэскай танцавальнай кампаніі ў Віцебску чакалі з 2001-га.

Сярод 150 спэктакляў Jo Strømgren Kompani «Там» — найбольш запатрабаваны. Звыш сотні разоў ён быў паказаны на тэатральных пляцоўках ЗША, краін Усходняй і Заходняй Эўропы, Скандынавіі.

Па словах выканаўцаў, Беларусь — самая экзатычная краіна, у якой ім давялося паказваць «Там». Гэта гісторыя чатырох савецкіх дысыдэнтаў, якія вымушаны пэўны час знаходзіцца на міжзанальнай тэрыторыі сярод драўляных кантэйнэраў — магчыма, на таварным складзе, магчыма, на борце карабля. У далёкай ад гармоніі атмасфэры, яны задаюцца пытаньнем: вярнуцца ў добра вядомае ці працягваць свой шлях у нязьведанае. Стваральнікі спэктаклю ўпэўнены, што твор існуе па-за часам, па-за тэрыторыяй, бо тэма сумневу і выбару актуальная для ўсяго чалавецтва. Магчыма, у гэтым посьпех спэктаклю, які ідзе ўжо больш за 15 гадоў. Менавіта пасьля спэктаклю «Там» у Jo Strømgren Kompani зьявілася пазнавальная ва ўсім сьвеце фішка — мова бяз сэнсу, калі акторы размаўляюць паміж сабой на мове, якой не існуе. Інтанацыі больш важныя за словы, перакананы рэжысэр спэктаклю.

Тэатар носіць імя свайго мастацкага кіраўніка. Падчас працы Ю Стрэмгрэн ужывае элемэнты тарабаршчыны, кіно, лялечнага тэатру і жывой музыкі — дарэчы, каб выступіць у спэктаклі «Там», аднаму з танцораў Івару Эрну Свэрысану давялося засвоіць саксафон. Аднаго з самых запатрабаваных харэографаў у сьвеце, Ю Стрэмгрэна, запрашаюць да супрацы ў Венскай нацыянальнай опэры, Дацкім каралеўскім балеце, Каралеўскім балеце Швэцыі, Нарвэскім нацыянальным балеце.

Конкурс даўжынёю 9 гадзін 46 сэкундаў

Звыш 30 калектываў зь Беларусі, Латвіі, Літвы, Кітаю, Польшчы, Расеі, Украіны, Швэцыі і Эстоніі змагаліся сёлета за званьне ляўрэатаў. Каб праглядзець 11 аднаактовых балетаў і 30 харэаграфічных мініятур, журы спатрэбілася 9 гадзін і 46 сэкундаў. У фінал выйшла 16 харэаграфічных прац, сярод якіх тры зь Беларусі. Канкурсантаў ацэньвала надзвычай кваліфікаванае журы зь сямі чалавек, якое ўзначаліў прафэсар Пэкінскай акадэміі танцу Сяо Сухуа.

Пераможцаў абвясьцілі на заключным фінальным канцэрце ў нядзелю. Гран-пры памерам $5000 атрымаў саліст Цэнтральнага ансамблю песьні і танцу арміі КНР Юйчэн Яо з Пэкіну. Ідэальна выкананая тэхнічна праца «Мае мэрыдыяны» — гэта разважаньне-жаль над тым, што ў жыцьці можна было б зрабіць усё прасьцей, без пакут і гора. Аднак толькі так можна навучыцца жыць.

Пераможца IFMC-2016 — Юйчэн Яо і яго жыцьцёвыя мэрыдыяны

Першай прэміяй памерам $3000 узнагародзілі супольны праект катэдры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў і польскага харэографа Мацея Кузьмінскага. Псыхалягічна абгрунтаваная пастаноўка «Afterbefore» заснавана на гісторыі сырыйскіх уцекачоў.

Другую прэмію памерам $2000 журы падзяліла на дзьве часткі паміж украінскімі калектывамі з Кіева: дыплём атрымалі «Табіле Модэрн Балет» і праект Кацярыны і Анатоля Вадзянскіх «Second Floor».

«Second Floor» — гэта танец аб рознасьці людзей, іх сьветапогляду, узаемаадносінаў. Мы шукаем сябе ў адлюстраваньні іншага чалавека, і толькі разам гатовыя падняцца паверхам вышэй.

Трэцяя прэмія і тысяча даляраў паехалі ў Эстонію — узнагароду атрымала талінская танцорка Хэлін Юрман. Яе працу «Memorize=Memories» з выкарыстаньнем элемэнтаў мультымэдыяў журы знайшло надзвычай сучаснай і арыгінальнай.

Хэлін Юрман на сцэне віцебскага фэстывалю

Прэм’еры заўсёднага госьця і надзвычай лёгкі фінальны акорд

Разам з гледачамі перажывалі фінал і акторы тэатру «Балет Яўгена Панфілава». Артысты зь Пярмі больш за дваццаць гадоў прыяжджаюць на віцебскі фэстываль, апошнім часам — у ролі ўшанаваных гасьцей. Сёлета тэатар прывёз на віцебскую сцэну адразу дзьве прэм’еры. Балет «Яна» ў пастаноўцы харэографа Аляксея Растаргуева і правакацыйны і інтрыгуючы спэктакль на музыку латвійскага кампазытара Пэтэрыса Васкса «Сын спадара П’еро з Вінчы/Мона Ліза». Гэтай відовішчнай, прысьвечанай узаемаадносінам аўтара і яго твора пастаноўкай, панфілаўцы сёлета адкрылі свой юбілейны, 30-ы тэатральны сэзон.

У ролі Леанарда да Вінчы гледачы пазналі Сяргея Райніка, які цяпер зьяўляецца мастацкім кіраўніком тэатру «Балет Яўгена Панфілава». Мону Лізу станчыла прыма тэатру Марыя Ціханава.

Сапраўдны падарунак аматары сучаснага танцу атрымаюць на будучы год — IFMC споўніцца трыццаць. Пакуль невядома, хто прыедзе зь віншаваньнямі, аднак можна не сумнявацца, што гэта будзе запамінальна.

Фота: Сьцяпан Баярскі

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG