Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве ўспрынялі як жарт прапанову Лукашэнкі правесьці выбары на Данбасе


Прадстаўніца Ўкраіны ў палітычнай падгрупе менскай трохбаковай кантактнай групы па разьвязаньні вайсковага канфлікту на Данбасе Вольга Айвазоўская заяўляе, што Беларусь ня мае падставаў прэтэндаваць на арганізацыю ды правядзеньне выбараў у органы самакіраваньня на акупаванай тэрыторыі Луганскай ды Данецкай абласьцей.

«Рэспубліка Беларусь дакладна не зьяўляецца стандартам у арганізацыі выбараў — чарговых ці пазачарговых, канфліктных ці бесканфліктных, таму, хутчэй за ўсё, гэта варта ўспрымаць як жарт», — сказала Вольга Айвазоўская сёньня журналістам у Кіеве, камэнтуючы нядаўнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі пра гатоўнасьць арганізаваць мясцовыя выбары на Данбасе.

Рэспубліка Беларусь дакладна не зьяўляецца стандартам у арганізацыі выбараў — чарговых ці пазачарговых, канфліктных ці бесканфліктных, таму, хутчэй за ўсё, гэта варта ўспрымаць як жарт.

Украінская прадстаўніца мяркуе, што гэтая заява Аляксандра Лукашэнкі ёсьць працягам тэндэнцыі атрыманьня пэўных палітычных ды эканамічных выгод на фоне канфлікту між Украінаю ды Расеяю. «На тэрыторыі асобных раёнаў Данецкай ды Луганскай абласьцей досыць шмат прадуктаў, завезеных зь Беларусі, а ў сытуацыі дзеяньня санкцыяў супраць Расеі, калі тая ня мае магчымасьці набываць тавары і паслугі ў Эўразьвязе, — усё гэта фармальна ідзе празь Беларусь», — дадала яна.

«Беларусь сёньня зьяўляецца пляцоўкай, якая выгадная самой Беларусі, бо такім чынам адкладваюцца нейкія непапулярныя рашэньні (з боку Эўразьвязу — РС) адносна гэтай краіны. Зь іншага боку, Беларусь можа рабіць такія заявы як „гасьцінны гаспадар“ такой пляцоўкі, на якой кожныя два тыдні праходзяць паседжаньні ў Менску. Таму і заява спадара Лукашэнкі знаходзіцца ў рэчышчы агульнай тэндэнцыі атрыманьня выгод на канфлікце, хаця яны закладзеныя Беларусьсю не наўмысна, але атрымліваюцца ўскосна», — заявіла Вольга Айвазоўская.

Раней Аляксандар Лукашэнка заявіў пра гатоўнасьць прадставіць сваю дапамогу ў арганізацыі выбараў на Данбасе.

«Як? Будзе жаданьне двух бакоў (Украіны і Расеі — РС), выйсьце можна знайсьці. Калі гэтыя два бакі дамовяцца і ўбачаць ролю Беларусі — мы гатовыя. Хоць мясцовыя выбары, пра якія столькі кажуць — гатовыя арганізаваць. Хочаце — закрыем межы на Данбасе, гэтыя 400 кілямэтраў мяжы паміж Украінай і Расеяй, парадак навядзем — мы гэта зробім», — заявіў ён падчас сустрэчы з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі і блогерамі з Расеі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG