Лінкі ўнівэрсальнага доступу

55 гадоў, як узарвалі ў Горадні гатычны касьцёл, называны Фарай Вітаўта. Ну які гэта помнік? Склад гэта быў. А навошта склад са званіцай? Ня кажучы пра крыжы. Абсурд!

Хрушчоўскі час зьнішчэньня цэркваў і касьцёлаў. У Горадні ў самым цэнтры зь імі быў яўны перабор. Асабліва з касьцёламі. Хацелася адрапартаваць. І як усё прыўкрасна атрымалася! Заклалі грузавік дынаміту. Насельніцтву ў дамах навокал сказалі вокны накрыж заклеіць, як у вайну. Участковы рабіў абыход. І калі выбух будзе, час быў вядомы, разявіць раты, каб перапонкам шкоды не было. І ўсё атрымалася выдатна, паводле пляну, як і мела быць у гаспадарцы, якая адной нагой стаяла ў камунізьме.

Дадумалася цяпер начальства паставіць памятны знак на месцы ўзарванага храма. Можна пайсьці кветкі пакласьці, запаліць зьнічы. І нічога ня будзе. А яшчэ зусім нядаўна гэта было «несанкцыянаванай акцыяй», міліцыя пільна сачыла і складала пратаколы. Штрафы выпісваў бескампрамісны суд.

Памятны знак на месцы ўзарванай Фары Вітаўта

Памятны знак на месцы ўзарванай Фары Вітаўта

Тым, хто ўзарваў, нічога не было. Я маю на ўвазе, калі Хрушчова сатаварышы кулюарна з савецкага Алімпу зьнялі. Дроў шмат наламаў, патлумачыў Леанід Ільліч з паплечнікамі. А самім дрывасекам — нічога. Узарвалі Фару Вітаўта? Ды бог зь ёй, яна ж ня помнік архітэктуры, таварышы, навошта кракадзілавыя сьлёзы? Не да месца. Камунізм не за гарамі, а там богу месца зусім няма.

Колькі пасьля той Фары ў горадзе дроў пераламалі, колькі збурылі старых камяніц, ніхто не лічыў. Навошта? Ніякія гэта ня помнікі архітэктуры.

Гісторыя працягваецца. І зьдзіўляцца нібы няма чаму. Аднак я ўзяў ды зьдзівіўся зьнянацку. Не ўстрымаўся. Прымусілі вочы шырока расплюшчыць.

На вуліцы Тэльмана, адной з самых гістарычных, ёсьць арганізацыя, пераехала сюды ня так даўно, якая мае дачыненьне да экспэртызы ў будаўніцтве. Словам, зусім недалёкая ад старых сьцен і цэглы. Па суседзтву нядаўна стаялі стогадовыя камяніцы. Адны больш не стаяць і ніколі ня будуць: разбурылі. Але застаўся напалову збураны дом N7а.

Дом N7а — зьлева, правы дом зруйнаваны цалкам

Дом N7а — зьлева, правы дом зруйнаваны цалкам

Яму, можна сказаць, пашанцавала больш. Але пашанцавала толькі напалову. Паколькі частку разбурылі (глядзі на здымку). А выглядаў з тылу — згадзіцеся — даволі незвычайна, няма такіх іншых у Горадні. Што праўда, з цэглы рабочыя старанна аббівалі цэмэнт і складалі ў стосы. Гэта сьведчыла, што яе выкарыстаюць для сьцен паўторна. Факт станоўчы. Але гэта яшчэ ня ўсё.

Стан дому 7а з тыльнага боку сёньня

Стан дому 7а з тыльнага боку сёньня

Увагу мясцовых аматараў архітэктуры прыцягнула тое, што глыбокія падвалы, на двух узроўнях, засыпаюць. Шкада! Але ў абласной прэсе паяўляецца разгорнуты камэнтар наконт «рэканструкцыі» некалькіх камяніц на Тэльмана. І што мы чытаем? Падвалы, аказваецца, аварыйныя, «нясуць пагрозу гістарычным будынкам у Горадні», таму іх захоўваць ня трэба. Узялі і засыпалі. І далей: «Меркаваньне спэцыялістаў было непахісным», усё ўзгоднена зь міністэрствам культуры.

Вы думаеце менавіта гэта мяне ўразіла? Зусім не! Хіба я першы дзень у Горадні?

Я не паверыў сваім вачам, калі прачытаў пачатак тэксту: «Дом №7А па вуліцы Тэльмана быў пабудаваны ў 1903 годзе, не зьяўляецца помнікам архітэктуры, але ўваходзіць у комплекс старадаўняй забудовы гістарычнага цэнтру».

Камяніца, якой больш за сто гадоў, ужо можа лічыцца помнікам. Апрыёры. Культурнаму чалавеку гэта павінна быць вядома. Ня тым зухавым, хто куражыцца ў чатах наконт старых камяніц. Тыя па-хрушчоўску ўсё дасавецкага часу гатовыя збурыць. Па-другое: калі гэты дом не тыпавы, мае архітэктурныя асаблівасьці, тым больш. А дом N7а гэта меў. Досыць зірнуць на здымак.

Ахоўная шыльда на доме N7а

Ахоўная шыльда на доме N7а

Ну й апошняе: ахоўная шыльда паведамляе наступнае — «Рэспубліка Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасьць. Гістарычны цэнтар Гродна. ХІІ-ХХ стагодзьдзі. Будынак. 1900 год. Прычыненьне шкоды караецца па закону». Побач нумарны знак — «7а».

Застаецца толькі прабачыцца: шыльда больш не вісіць, вісела. Дзе яна і што зь ёй? Хто адкажа? Ня выключана, што больш не існуе зусім. І тысячы чытачоў прачыталі цяпер у газэце, што дом — ня помнік архітэктуры. Чорным па белым надрукавана.

Ранейшы стан дому 7а

Ранейшы стан дому 7а

Так і з Фарай Вітаўта было некалі. Усё па закону: прызнаны ня помнікам архітэктуры, рашэньне — узарваць. Прозьвішчы, подпісы, пячаткі. Усё на месцы, усё як мае быць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG