Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусі становіцца менш сацыялізму і менш сацыяльнай дзяржавы»


Чаму ў Беларусі расьце розьніца ў даходах паміж беднымі і багатымі Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч і Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Кастрычніцкі сярэдні заробак беларусаў паменшыўся да 722,9 рубля. Прычым атрымліваць сталі менш ва ўсіх рэгіёнах краіны. У рэйтынгу сфэраў з самымі высокімі і нізкімі заробкамі больш за ўсіх традыцыйна зараблялі спэцыялісты, праца якіх зьвязана з інфармацыйнымі тэхналёгіямі і дзейнасьцю ў галіне інфармацыйнага абслугоўваньня. У мінулым месяцы яны ў сярэднім атрымлівалі 3 306,7 рублёў, ці амаль 1700 даляраў. Акрамя гэтага, у лідэрах традыцыйна транспартнікі і банкіры.

Цікава, што ў кастрычніку ў 8 з 10 заробкавых лідэраў сярэдні заробак вырас па параўнаньне зь верасьнем. То бок, у той час, калі ў сярэднім па краіне заробак зьніжаецца, у «багатых» павялічваецца. Клясычная сытуацыя — бедныя бяднеюць, багатыя багацеюць.

Зарплатнымі аўтсайдэрамі па выніках кастрычніка сталі спэцыялісты, якія займаюцца доглядам у спэцыялізаваных установах і прадстаўленьнем сацыяльных паслуг — 413,2 рублёў. На другім месцы апынуліся работнікі культуры, а на трэцім — творчыя работнікі.

Такім чынам, працягваецца расслаеньне грамадзтва.

Клясычная сытуацыя — бедныя бяднеюць, багатыя багацеюць.

Ёсьць дзьве відавочныя прычыны. Першая — у Беларусі крызіс, і тыя, у каго падаюць заробкі — гэта перш за ўсё бюджэтнікі. А бюджэт слабее, грошай менш, заробак не падвышаецца. Растуць заробкі тых, хто зьвязаны з замежжам. Альбо яны тут працуюць на замежжа, альбо выяжджаюць. І банкі таксама можна сюды аднесьці, бо хто не зьвязаны зь дзяржавай, а з экспартам паслуг, той багацее. То бок там, дзе існуе эканоміка больш рынкавая, там працягваецца рост, і дасюль гэты працэс не спыняецца.

Другая прычына — у Беларусі зьніжаецца каэфіцыент Джыні. Гэта паказьнік ступені расслаеньня грамадзтва. Заўсёды беларускія ўлады ганарыліся, што Беларусь сацыяльная дзяржава і гэты каэфіцыент адзін з самых нізкіх у рэгіёне. То бок сытуацыя адрозьнівалася ад таго, што адбывалася ў Расеі і ва Ўкраіне, і была падобная да таго, што адбывалася ў рэальных сацыяльных дзяржавах, дзяржаў поўначы ці Францыі. Але апошнія месяцы і ўжо фактычна два гады розьніца паміж багатымі і беднымі расьце. І гэта таксама вынік па-першае эканамічнага крызісу, па-другое таго, што хоць і тыя рэформы, якіх мы ўсе жадаем, не адбываюцца, але адбываюцца нейкія капіталістычныя зьмены ў беларускай эканоміцы. Усё больш установаў, якія не прыносяць прыбытку, з-за крызісу скасоўваецца, а людзі перацякаюць туды, дзе гэтыя заробкі большыя. І вось працэс павелічэньня гэтай розьніцы сьведчыць пра тое, што ў Беларусі становіцца менш сацыялізму і менш сацыяльнай дзяржавы.

Гурневіч: Паводле мяне, сацыялізму застаецца столькі сама, паколькі велізарных зьменаў няма. Адзіная зьмена — сапраўды народ бяднее. Людзі самі пра гэта кажуць, і незалежныя сацыяльныя дасьледаваньні пра гэта кажуць. І сама рыторыка ўлады сьведчыць пра тое, што сытуацыя вельмі кепская і трэба рыхтавацца да яшчэ горшай. Хоць ёсьць слова віцэ-прэм’ера, які кажа, што быццам бы Беларусь з рэцэсіі выйшла па прамысловасьці. Насамрэч цяжка ў гэта верыцца. Гульня зь лічбамі можа быць такая, што любую статыстыку можна перавярнуць на свой бок.

Цыганкоў: Сямашка яшчэ вясной казаў, што ў Беларусі па выніках года будзе плюс, а зараз відавочна, што ВУП упадзе як мінімум на 3%. Сямашка такі запісны аптыміст у кіраўніцтве, і іншыя ніколі не вырашаюцца казаць такія аптымістычныя заявы, як ён.

Гурневіч: Ёсьць таксама статыстыка, якая ўсё-такі не на карысьць Сямашкі, хоць яна з гэтым непасрэдна не зьвязаная. Агульная атмасфэра пэсымістычная — зьменшыўся таваразварот Беларусі, напрыклад, з Эўрапейскім Зьвязам, дзе, здавалася б, можна было б шукаць валюту і палепшыць сытуацыю. Зьменшыўся гандлёвы абарот з Эўразьвязам на ¼, экспарт Беларусі зьменшыўся больш чым на траціну — на 32%.

За заробкі не пражывеш — трэба натуральная гаспадарка.

Натуральна, у Расеі Беларусь новых рынкаў ня знойдзе, там у саміх крызіс, і яны выконваюць імпартазамяшчэньне. Гэта ёсьць асноўныя складнікі гэтай кепскай сытуацыі. Расслаеньне, на маю думку, будзе толькі павялічвацца, таму што ня бачна інструмэнтаў у Беларусі, якія маглі б гэта хутка вырашыць. Калі б Захад адмяніў санкцыі супраць Расеі, калі б вырасьлі цэны на нафту, але гэта сытуацыя ідэальная, у рэальнасьці яе вельмі цяжка ўявіць. Незадаволенасьць будзе расьці, усё будзе набліжацца да сацыяльнага выбуху, улада будзе часам кідаць людзям штосьці, каб супакоіць, будуць называць індэксацыю заробкаў і пэнсій павышэньнем. Многія сапраўды павераць у гэта. Будзем паступова вяртацца да таго, ад чаго адмовіліся напачатку 2000-х гадоў: людзі будуць на лецішчах больш часу летам праводзіць, садзіць гародніну. Я ўжо ведаю такія выпадкі. На маёй малой радзіме Стаўпеччыне людзі пачалі зноў купляць сьвіней — яны адмовіліся ад утрыманьня пасьля афрыканскай чумы сьвіней, прывыклі безь іх, а цяпер купляюць па 5 штук і больш. Гэта знак таго, што за заробкі не пражывуць — трэба натуральная гаспадарка. Вось такі лёс нас чакае, таму што няма нейкіх знакаў, што ўрад кантралюе сытуацыю.

Глод: У прынцыпе, гэтая праблема характэрная ня толькі для Беларусі. На Давоскім форуме праблема маёмаснай няроўнасьці была прызнана ледзь ня самай актуальнай сярод 50 глябальных рызыкаў — як фактар палітычнай нестабільнасьці.

Але чаму ў Беларусі разрыў паміж багатымі і беднымі не памяншаецца, а павялічваецца? Усё ж Беларусь, як казаў Віталь Цыганкоў, краіна не такая, як усе, тут нібыта будуць сацыяльную дзяржаву.

Я думаю, што розныя заявы кіраўніцтва пра сацыяльную дзяржаву, пра дзяржаву аднолькава добрую для ўсіх, не адпавядаюць рэчаіснасьці. Беларусь ідзе да капіталізму. Таму і на яе тэрыторыі таксама дзейнічае агульная тэндэнцыя расслаеньня.

Калі насельніцтва бяднее, то немагчыма ўзнавіць спажывецкі попыт.

А ёсьць яшчэ і постсавецкая тэндэнцыя. У найбольш забясьпечаных людзей частка прыбыткаў намінаваная ў далярах. І ў сувязі з падзеньнем курсу рубля іх даходы толькі павялічваліся. Паралельна гэтаму працэсу ў краіне расьце колькасьць беднякоў — людзей, якія жывуць за мяжой беднасьці.

Найноўшая эпоха спарадзіла ў Беларусі «новых бедных». Гэта людзі працаздольнага ўзросту, занятыя ў нізкааплатнай бюджэтнай сфэры, гэта насельнікі згалелых аграгарадкоў, яны звычайна моцна прывязаныя да месца кватэрай і прапіскай.

Мае калегі згадвалі тут некалькі лічбаў. Я таксама прывяду дзьве. Аналітыкі заўважылі, што калі дзяржаўная прысутнасьць у эканоміцы складае да 50% Валавога ўнутранага прадукту, то гэта моцна спрыяе расслаеньню грамадзтва. У Беларусі тры чвэрці ВУП даюць дзяржаўныя прадпрыемствы. Гэта вельмі шмат. Прыватны бізнэс становіцца неканкурэнтаздольным у параўнаньні зь дзяржаўнымі прадпрыемствамі і кампаніямі, якія карыстаюцца мноствам прывілеяў, найперш наўпроставымі датацыямі. Гэта таксама спараджае няроўнасьць. Адпаведна, тыя, хто ўчора адносіўся да сярэдняй клясы, сёньня папаўняюць шэрагі ў лепшым выпадку шараговых наёмных работнікаў, у горшым — беспрацоўных.

Калі насельніцтва бяднее, то немагчыма ўзнавіць спажывецкі попыт. А тым болей насельніцтва ня можа стаць драйвэрам эканомікі. Што мы сёньня і бачым у Беларусі.

Канечне, можна паспрабаваць неяк падраўняць прыбыткі багатых і бедных. Мэханізмы пераразьмеркаваньня існуюць. Напрыклад, акрамя ўвядзеньня прагрэсіўнай шкалы (чым больш прыбытак, тым вышэй падатак), можна ўвесьці падатак на раскошу. Аднак падобныя ініцыятывы ніякага разуменьня, па меншай меры пакуль, ва ўладных структурах не сустракаюць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG