Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд Нямеччыны адхіліў апэляцыю «бухгальтара Асьвенціму»


Оскар Гронінг

Оскар Гронінг

Вярхоўны суд Нямеччыны адхіліў апэляцыю пададзеную Оскарам Гронінгам, якога называюць «бухгальтарам Асьвенціму» і які быў асуджаны летась да чатырох гадоў турэмнага зьняволеньня за сваю ролю ў забойстве 300 тысяч чалавек у нацысцкім лягеры сьмерці.

Суд адхіліў апэляцыю 95-гадовага Гронінга, які быў асуджаны ў ліпені 2015 года за дапамаганьне ў забойстве, а таксама апэляцыі, пададзеныя некалькімі іншымі асобамі, якія сьцьвярджалі, што Гронінг павінен быць асуджаны паводле больш сур’ёзнага абвінавачаньня, як «супольнік» забойстваў.

Фэдэральны суд заявіў, што прысуд Гронінга набыў юрыдычную моц. Суд прыняў рашэньне аб адхіленьні апэляцый у верасьні, але абвясьціў пра яго толькі сёньня.

Гронінг, былы афіцэр СС, нікога не забіваў падчас службы ў лягеры, які знаходзіўся ў акупаванай нацыстамі Польшчы. Аднак суд ніжэйшай інстанцыі пастанавіў, што ён дапамагаў тым, хто нясе адказнасьць за масавыя забойствы, у тым ліку дапамагаючы сартаваць банкноты, адабраныя ад габрэяў, якія прыбывалі ў канцлягеры.

Адвакат Гронінга сказаў, што няма магчымасьці далейшага абскарджаньня прысуду, але ён вывучае магчымасьць скаргі ў Канстытуцыйны суд Нямеччыны.

Гэтая судовая справа стала прыкладам вызначэньня вінаватасьці асобаў, якія былі ўдзельнікамі нацысцкіх злачынстваў, але не прымалі актыўнага ўдзелу ў забойстве 6 мільёнаў габрэяў падчас Галакосту. У ходзе судовага разьбіраньня Гронінг сказаў, што можа толькі прасіць Бога дараваць яму, паколькі ён ня меў права прасіць аб гэтым ахвяраў Галакосту.

Больш за 1 мільён чалавек, у большасьці эўрапейскія габрэі, загінулі паміж 1940 і 1945 гадамі ў лягеры Аўшвіц-Біркенаў у акупаванай нацыстамі Польшчы. Лягер быў вызвалены савецкімі войскамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG