Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Круглага «Можа, аўтобус пусьцяць, каб было, як у горадзе»


У Круглым, як і ў большасьці райцэнтраў, навюткая праваслаўная царква

У Круглым, як і ў большасьці райцэнтраў, навюткая праваслаўная царква

Рэпартаж Свабоды з новага беларускага горада.

Ранкам на аўтавакзале райцэнтру зьбіраецца немалая грамада старых. У іх кампаніі патанаеш у беларускай гамане. Кабеты, не саромеючыся сваёй беларускасьці, голасна апавядаюць адна адной пра жыцьцё. Зьбіраюцца яны, каб пад’ехаць на талачынскім аўтобусе да бальніцы, якая на другім канцы Круглага.

«Каб, дзетачка, хаця пусьцілі аўтобус да бальніцы. Яна ж далёка. Ня з нашымі нагамі ісьці да яе», — паскардзілася журналісту адна са старых. Астатнія згодна заківала галовамі:

«У гарадах жа аўтобусы рэйсавыя ходзяць, а чым мы горшыя за іншых?»

На прыхарошаных леташнімі «Дажынкамі» вуліцах райцэнтру з савецкімі назвамі беларускай мовы вобмаль. Круглае вымеценае. Перад будынкам райвыканкамам няма помніка Леніну.

Перад райвыканкамам у Круглым Леніна няма

Перад райвыканкамам у Круглым Леніна няма

«Дык Круглае і стала ўжо як горад. Мы сюды прыехалі зь вёскі сорак гадоў таму, дык райцэнтар быў, як вялікія вёска. Нават наша вёска была больш прыбранай. Але за апошнія гады Круглае стала больш падобным на горад. „Дажынкі“ былі багатымі. Ды й горад дапамаглі прыбраць», — казала жанчына пажылога веку непадалёк ад раённага Дома культуры.

«Жыцьцё ў горадзе ня стане лягчэйшым. Той цяпер заможна жыве, у каго ёсьць агарод. У мяне восем сотак зямлі», — працягвала яна.

Да ўскрайкаў «Дажынкі» не дайшлі

Да ўскрайкаў «Дажынкі» не дайшлі

«У мяне свая бульбачка, бурачок, цыбульчына, моркаўка. Мой унук у Магілёве, дык бацькі, якія тут, яму дужа дапамагаюць. Заробак яму ўрэзалі, а выбраць іншую працу ня можа. Усё занята. А нам, пэнсіянэрам, хоць пэнсію рэгулярна даюць. Усё ж так цяпер падаражэла. Але добра, што ў нас цішыня», — на разьвітаньне сказала кабета.

Ад Сапегі да ПМК

Герб Круглага — падкова. Шляхетны сымбаль «Ястрабец» мелі ў сваіх родавых гербах уладальнікі Круглага, сярод якіх быў канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега.

Уладальнік Круглага Леў Сапега. Партрэт у краязнаўчым музэі

Уладальнік Круглага Леў Сапега. Партрэт у краязнаўчым музэі

Пасьля прыходу расейцаў імпэратрыцы Кацярына ІІ падарыла Круглае князёўне Кацярыне Дашкавай.

Падкова на пляцоўцы перад раённым Домам культуры

Падкова на пляцоўцы перад раённым Домам культуры

Прыкметаў даўніны ў райцэнтры амаль што не захавалася. Старым выглядае будынак краязнаўчага музэю. У ім неблагая калекцыя старадрукаў. Сярод іх і статут Вялікага Княства Літоўскага.

Будынак краязнаўчага музэю

Будынак краязнаўчага музэю

Экспазыцыя старадрукаў. Ніжні справа — Статут Вялікага Княства Лістоўскага

Экспазыцыя старадрукаў. Ніжні справа — Статут Вялікага Княства Лістоўскага

Старажылы Круглага называюць яго Кругла. Адна з кабет зазначыла, што так здавён гавораць.

У Круглым нямала новабудоўляў. Дамы ўзводзіць мясцовае ПМК-266. Дабрабыт Круглага трымаецца на гэтым прадпрыемстве.

Дажынкаўская даўніна Круглага. Пано ля раённага Дома культуры

Дажынкаўская даўніна Круглага. Пано ля раённага Дома культуры

«Хлебазавод быў, цяпер няма. Ільнозавод быў — няма. Гаспадара ў Круглым няма. Толькі гэтае ПМК. Цяжка тут жывецца. Заробкі не растуць. Пэнсіі таксама. Што ён — пяць працэнтаў дабавіць, а дваццаць пяць забярэ. Цэны па капейчыне штодня растуць. Выкручваецца хто як можа», — апавядае пра жыцьцё ў Круглым адзін зь мінакоў.

«Абяцаў 500 даляраў заробак, — прыгадаў словы Лукашэнкі суразмоўца. — Дык у ПМК зараблялі такія грошы. Да дзесяці мільёнаў выходзіла. А зь мінулага году заробак пачалі ўразаць. Цяпер да пяці зарабляюць. Як для райцэнтру, дык заробак добры, але ўсіх жа ў ПМК не ўладкуеш. Туды чарга ахвотнікаў».

«Як горадам стане Круглае, дык падаткі пабольшаюць. Людзі ў трывожным чаканьні. Як яно насамрэч будзе, ніхто ня ведае», — зазначае наступны мінак.

На цэнтральнай вуліцы Савецкай

На цэнтральнай вуліцы Савецкай

«Усе тут залежыць ад работы ПМК. Усё, што раней працавала, цяпер збанкрутавала. ПМК узьвяла забаўляльны цэнтар ды шмат чаго яшчэ. Моладзь езьдзіць на Расею ў заробкі. У ПМК не ўладкавацца. Пэрспэктыў, што жыцьцё палепшыцца, няма. Усё толькі горшае. Каб хоць тыя дзьвесьце даляраў не забралі. А тое, што Лукашэнка кажа пра пяцьсот, дык гаварыць можна што заўгодна».

Расейцы, прастытуткі і крызіс

Ля раённага Дома культуры — вялікі забаўляльны цэнтар «Ізумруд» з боўлінгам, рэстаранам, гандлёвым цэнтрам ды гасьцініцай.

Гандлёвы цэнтар «Ізумруд» цяпер пустуе

Гандлёвы цэнтар «Ізумруд» цяпер пустуе

«Як толькі ён адчыніўся, больш за пяць гадоў таму, дык дужа вялікі наплыў расейцаў быў. Багата хто прыяжджаў са сваёй сьвітай. Яны дужа любілі гуляцца ў боўлінг. Прастытуткі прыяжджалі. Садзіліся за столікі і чакалі кліентаў. Нумары здымалі», — казаў жыхар Круглага. Ён заявіў, што ў той час працаваў у забаўляльным цэнтры.

«Тады можна было зарабіць за ноч неблагія грошы. Госьці не разьбіраліся ў нашых мільёнах, дык за паслугі расплачваліся далярамі. Час добры быў, — з усьмешкай прыгадаў суразмоўца. — Цяпер усё сьцішалася. Гады два цягнулася такое жыцьцё. Паклалі тут немалыя грошы. А цяпер крызіс у іх. Цяпер у гэты цэнтар асабліва ніхто ня ходзіць».

Гарадамі абвясьцілі заўчасна

Што новага чакае жыхароў Бялынічаў і Круглага ў новым іх статусе, пакуль няясна. Чыноўнікі заяўляюць, што канчатковага рашэньня на гэты конт няма, і ўстрымліваюцца абвяшчаць, што чакае насельніцтва. Кажуць, што СМІ пасьпяшаліся паведамляць пра зьменены статус райцэнтраў:

Друць у Круглым

Друць у Круглым

«Такое рашэньне прымае абласны савет дэпутатаў ва ўзгадненьні з Саветам Міністраў Беларусі. Саўмін даў дазвол, і на сэсіі абласнога савету мусяць такое рашэньне зацьвердзіць. Пакуль жа гаварыць пра зьмены не выпадае. З юрыдычнага гледзішча пакуль нічога не зьмянілася», — паведамілі ў Круглянскім райсавеце. Такой жа пазыцыі трымаюцца і ў Бялынічах.

Коні яшчэ будуць запатрабаваныя. На ўскрайку Круглага

Коні яшчэ будуць запатрабаваныя. На ўскрайку Круглага

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG