Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскага праваабаронцу залічылі ў дармаеды


Леанід Судаленка

Леанід Судаленка

Гомельскі праваабаронца, юрыст Леанід Судаленка атрымаў з інспэкцыі па падатках і зборах Савецкага раёну Гомеля паведамленьне пра тое, што ён мусіць сплаціць «падатак на дармаедзтва» ў памеры 360 рублёў.

«Гэта выглядае даволі дзіўна. Я афіцыйна працую прававым інспэктарам Беларускага незалежнага прафсаюзу РЭП, атрымліваю заробак і плачу падаткі. Да таго ж я ўжо тры гады жыву і зарэгістраваны ў Гомельскім раёне.

Сёлета падатковая інспэкцыя гэтага раёну правярала мае даходы за дзесяць апошніх гадоў. Чаму цяпер паведамленьні дасылае інспэкцыя Савецкага раёну, мне не зразумела. Відаць, мяне ніяк ня могуць выкрасьліць зь нейкіх таемных сьпісаў, у якіх я фігурую то дармаедам, то экстрэмістам. Вярнуся з паездкі, запатрабую тлумачэньняў і выбачэньняў», — кажа Леанід Судаленка.

Заказныя паведамленьні падатковыя органы дасылаюць на падставе дэкрэту прэзыдэнта № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства». Гэтым дакумэнтам устаноўлена, што сплачваць збор у памеры 20 базавых велічыняў мусяць грамадзяне Беларусі, а таксама замежнікі і асобы без грамадзянства, якія стала жывуць у краіне і ня ўдзельнічаюць у фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў, альбо ўдзельнічаюць, але меней за 183 каляндарныя дні на год.

Калі хто працаваў у 2015 годзе 180 каляндарных дзён і заплаціў 200 рублёў падаткаў, яму давядзецца даплаціць яшчэ 160 рублёў, каб агулам выйшла 20 базавых велічыняў.

У сьпісы дармаедаў ня ўключаныя пэнсіянэры, а таксама асобы, якім ня споўнілася 18 гадоў.

Паводле афіцыйных зьвестак, «дармаеды» ўжо ўнесьлі ў дзяржбюджэт звыш 2,5 мільёна рублёў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG