Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура Ўкраіны абвінавачвае Януковіча ў дзяржаўнай здрадзе


Віктар Януковіч падчас відэаканфэрэнцыі

Віктар Януковіч падчас відэаканфэрэнцыі

Генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка ў перапынку судовага пасяджэньня, прызначанага для правядзеньня допыту былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча ў рэжыме відэаканфэрэнцыі з расейскага суду, уручыў ягоным адвакатам матэрыялы ў справе падазрэньня ў дзяржаўнай здрадзе.

«1 сакавіка 2014 году, будучы грамадзянінам Украіны і знаходзячыся ў нявызначаным месцы на тэрыторыі Расеі, дзейнічаў наўмысна на парушэньне патрабаваньняў артыкулаў 1, 2, 65, 68, 132, 133, 134 Канстытуцыі Ўкраіны, учыніў дзяржаўную здраду», — заявіў Юры Луцэнка.

У прыватнасьці, генэральны пракурор Украіны нагадаў, што Віктар Януковіч «склаў, падпісаў ды зьвярнуўся зь пісьмоваю заяваю да прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі Пуціна з просьбай выкарыстаць Узброеныя сілы Расеі на тэрыторыі Ўкраіны».

Паводле Юрыя Луцэнкі, такія дзеяньні Віктара Януковіча прывялі да парушэньня сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласьці Ўкраіны — акупацыі паўвострава Крым, нанясеньня шкоды ўкраінскай дзяржаве праз страту аб’ектаў дзяржаўнай уласнасьці на суму больш як адзін трыльён 80 мільярдаў грыўняў (афіцыйны курс Нацыянальнага Банку Ўкраіны на сёньня 1 даляр — 25,72 грыўні).

Матэрыялы ў справе падазрэньня ў дзяржаўнай здрадзе былі ўручаныя сёньня адвакатам Віктара Януковіча, а таксама адпраўленыя па пошце на магчымыя адрасы ягонага пражываньня ў Расеі. Абвінавачаньні высунутыя Віктару Януковічу ўпершыню за апошнія 2,5 гады.

«Я хачу зьвярнуцца да Віктара Януковіча як украінец, таму што ён адчыніў дзьверы агрэсіўнай вайне супраць нашай дзяржавы, якой ён прысягаў на Канстытуцыі. У выніку былі забітыя 2264 украінскіх жаўнераў, больш як 83 тысячы зь іх былі параненыя, адзін мільён 700 тысяч уцекачоў, не падлічаная пакуль колькасьць забітых і параненых цывільных грамадзян — гэта ўсё на сумленьні таго, хто сёньня брэша ўкраінскаму народу. На ўсё прыйдзе час расплаты», — заявіў Юры Луцэнка.

Сёньня ў Сьвятошынскім раённым судзе Кіева адбываецца допыт былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча ў рэжыме відэаканфэрэцыі з расейскім судом у справе забойстваў актывістаў Эўрамайдану ў студзені-лютым 2014 году.

Допыт быў перанесены з 25 на 28 лістапада таму, што ў залю паседжаньня суду з Лук’янаўскага сьледчага ізалятара не даставілі пяцярых супрацоўнікаў кіеўскага адмысловага падразьдзяленьня «Беркут», якіх абвінавачваюць у расстрэле мірных удзельнікаў акцыі пратэсту.

Пра правядзеньне допыту Віктара Януковіча хадайнічалі адвакаты, якія абараняюць інтарэсы супрацоўнікаў «Беркуту» ў судовым працэсе. Менавіта таму цяпер былы прэзыдэнт Украіны будзе дапытвацца ў статусе сьведкі, а не абвінавачанага. І гэты працэсуальны статус выклікае найбольшае абурэньне ва ўкраінскім грамадзтве.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG