Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Допыт Януковіча ў справе пра расстрэлы на Майдане, другая спроба (трансьляцыя)


Віктар Януковіч пасьля відэаканфэрэнцыі з украінскім судом, дзе яго дапытвалі справе пра забойствы актывістаў Эўрамайдану ў студзені-лютым 2014 году. 25 лістапада 2016 году

Віктар Януковіч пасьля відэаканфэрэнцыі з украінскім судом, дзе яго дапытвалі справе пра забойствы актывістаў Эўрамайдану ў студзені-лютым 2014 году. 25 лістапада 2016 году

Сьвятошынскі раённы суд Кіева сёньня мае дапытаць у рэжыме відэаканфэрэнцыі з расейскім судом былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча ў справе пра забойствы актывістаў Эўрамайдану ў студзені-лютым 2014 году.

Допыт быў перанесены з 25 на 28 лістапада таму, што ў залю паседжаньня суду з Лук’янаўскага сьледчага ізалятара не даставілі пяцярых супрацоўнікаў кіеўскага спэцыяльнага падразьдзяленьня «Беркут», якіх абвінавачваюць ў расстрэле мірных удзельнікаў акцыі пратэсту.

Украінская служба Радыё Свабода вядзе прамую трансьляцыю ад будынка Сьвятошынскага суду.

Аб правядзеньні допыту Віктара Януковіча хадайнічалі адвакаты, якія абараняюць інтарэсы супрацоўнікаў «Беркуту» ў судовым працэсе. Менавіта таму зараз былы прэзыдэнт Украіны будзе дапытвацца ў статусе сьведкі, а не абвінавачванага. І гэты працэсуальны статус выклікае найбольшае абурэньне ва ўкраінскім грамадзтве.

Выканаўчы дырэктар Цэнтра прыкладных палітычных дасьледаваньняў «Пэнта» Аляксандар Лявонаў не выключае, што і сёньня гэты допыт можа не адбыцца:

— На гэты момант захоўваюцца ўсе стартавыя ўмовы. Судзьдзя мае забясьпечыць дастаўку ў суд падазраваных супрацоўнікаў «Беркуту», якіх абвінавачваюць у расстрэлах. Як гэта будзе зроблена? Прагназаваць досыць складана. Відавочна, што сам судзьдзя ня мае ўсіх паўнамоцтваў, каб гарантаваць правядзеньне допыту, таму магчымыя розныя варыянты. Можа паўтарыцца мінулы сцэнар, а магчыма, што абвінавачваных даставяць. Нешта сказаць дакладна і гарантавана нельга. Калі падыходзіць канцэптуальна, з прававога пункту гледжаньня, то гэты допыт ня мае нічога агульнага з юрыдычнай працэдурай. Насамрэч неабходна забясьпечыць некалькі дастаткова прынцыповых рэчаў — гэта і прысутнасьць украінскага прадстаўніка ў Расеі, які б пракантраляваў, што Януковіч даваў паказаньні сам, а не з падказкі суфлёра, навушніка і гэтак далей. Па-другое, паказаньні Януковіча фактычна ня маюць юрыдычнай сілы, таму што ён не знаходзіцца пад прысягай і такім чынам не нясе ніякай адказнасьці за свае словы. Па-трэцяе, відавочна, што гэта было расплянаванае PR-шоў, бо ўвечары ў пятніцу была заплянаваная і адбылася ягоная прэсавая канфэрэнцыя, на якой усе гэтыя паказаньні атрымалі больш разгорнуты выгляд.

Зразумела, што было досыць шмат людзей, якія былі незадаволеныя гэтай сытуацыяй, у тым ліку і тыя, хто блякаваў вываз падазраваных з СІЗА. Магчыма, Віктар Януковіч назваў бы нейкія прозьвішчы, што ён зрабіў у часе свайго інтэрвію для фільма Олівэра Стоўна. А такія заявы маглі б справакаваць ва Ўкраіне скандал і ўзаемныя высьвятленьні адносінаў. І такім чынам справа зноў бы зацягвалася.

Па вялікім рахунку, галоўныя прэтэнзіі зараз павінны быць да судзьдзі, які не запатрабаваў ад Расеі забесьпячэньня прававога боку — прысутнасьць украінскага прадстаўніка ў РФ, каб нейкім чынам удалося прытрымлівацца працэсуальнага боку, і да начальніка ўпраўленьня спэцыяльных расьсьледаваньняў Генпракуратуры Ўкраіны Сяргей Гарбацюка, які больш чым за два гады ня змог выставіць Януковічу ніякіх абвінавачаньняў.

— Навошта тады Ўкраіна пагадзілася на правядзеньне такога допыту, без выкананьня працэсуальных патрабаваньняў?

— Гэта пытаньне да судзьдзі, які ўхваліў рашэньне правесьці допыт менавіта ў такім фармаце. Зараз зьяўляецца яшчэ такі цікавы нюанс: калі ў Расеі судзілі ўкраінскіх грамадзян і адвакаты хадайнічалі аб правядзеньні допыту па Skype, расейскі бок настойваў на тым, што такі допыт ня мае ніякай юрыдычнай моцы. Відавочна, цяпер у Расеі дапускаецца й такі варыянт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG