Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У лягеры Трампа ня могуць вырашыць, хто стане дзяржсакратаром


Міт Ромні сустракаецца з абраным прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам (у цэнтры) і віцэ-прэзыдэнтам Майкам Пэнсам (справа).
Міт Ромні сустракаецца з абраным прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам (у цэнтры) і віцэ-прэзыдэнтам Майкам Пэнсам (справа).

Былы губэрнатар Масачусэтсу Міт Ромні, які лічыцца фаварытам на пасаду дзяржаўнага сакратара ў адміністрацыі Дональда Трампа, стаў аб’ектам рэзкіх нападаў з боку найбліжэйшага атачэньня абранага прэзыдэнта.

Памочніца Трампа Келіэн Конуэй, выступаючы ў некалькіх тэлешоў, заявіла: «Партыйнае адзінства — гэта выдатна, але я ня ўпэўненая, што нам варта расплачвацца за яго пасадай дзяржсакратара. Мы дакладна ня ведаем, ці галасаваў наогул Ромні за Дональда Трампа». Паводле Конуэй, верныя Трампу кансэрватары палічаць за «здраду» назначэньне на такую высокую пасаду цэнтрыста Ромні, які, да таго ж, вельмі непахвальна адзываўся пра Трампа ў ходзе перадвыбарнай кампаніі, называючы яго «самазванцам» і «шарлатанам», і толькі пасьля завяршэньня гонкі салідарызаваўся зь пераможцам.

Супраць Ромні выказваецца і такі цяжкавагавік рэспубліканскага істэблішмэнту, як былы сьпікер Палаты прадстаўнікоў Ньют Гінгрыч.

Кандыдатуру Ромні ў дзяржсакратары, згодна з паведамленьнямі, падтрымлівае абраны віцэ-прэзыдэнт Майк Пэнс, які бачыць у былым губэрнатары саюзьніка ў дыялёгу з памяркоўным крылом Рэспубліканскай партыі. Галоўны палітычны стратэг будучай адміністрацыі Стыў Бэнан прасоўвае на ролю першага дыплямата больш кансэрватыўнага палітыка, былога мэра Нью-Ёрку Рудзі Джуліяні.

Кадравую блытаніну ў лягеры Трампа на днях пагоршыла зьяўленьне яшчэ аднаго прэтэндэнта на пост дзяржсакратара. Гэта вядомы сваімі прарасейскімі сымпатыямі кангрэсмэн-рэспубліканец з Каліфорніі Дэйна Рорарбэйкер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG