Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нябачныя перамены


Анастасія Дашкевіч, грамадзкая актывістка, у мінулым адна зь лідэраў «Маладога Фронту».

Анастасія Дашкевіч, грамадзкая актывістка, у мінулым адна зь лідэраў «Маладога Фронту».

«Барацьба трымаецца на некалькіх асобах» — кажа мне паважаны журналіст старэйшага пакаленьня і называе мне некалькі прозьвішчаў.

Я не пагаджаюся, маўляў, ёсьць Андрэй Кім з ягонымі кінапаказамі. Забітыя залі! А колькі яшчэ ў плянах! Думаеце, ягоны ўклад у Беларушчыну меншы? Анягож!

Мы нібыта зьехалі ў часе.

І тут, паважаны суразмоўца робіць цікавую выснову: мы нібыта зьехалі ў часе і знаходзімся там, дзе «Майстроўня», «Талака», малады Вячорка, Баршчэўскі ды Дубавец, то бок у 1980-х. Вам гэта здаецца нагодай для суму, такое хаджэньне па «зачараваным коле»? Або культурніцкае — гэта нешта не тое: меншае і не такое значнае?

Не, панове. Культурніцкі фронт — ён самы першы, самы важны. І ён знаходзіўся ў такім жа крызісе, як і палітычны, да нядаўняга часу. Вось той жа Андрэй Кім расказваў, што яшчэ пару гадоў таму яго гналі з гэтага кінатэатру паганай мятлой, тлумачачы, што «ваша мова нікому не патрэбная»...

А цяпер, толькі паглядзіце: і яму радыя, і аб’яўкі ў кожным вагоне мэтро, і сэансаў усё болей! Ня будзем паглыбляцца ў падрабязнасці, чаму так сталася і хто даў адмашку «можна». Важны, сам факт: «Можна!»

А яшчэ важна, што Андрэй, гадамі абіваючы парогі кінатэатраў, не расчараваўся, не занядбаў сваю мару, нягледзячы на адмовы і, здавалася б, поўны «беспэрспэктыўняк», ён перакладаў фільмы далей. Упарта, мэтанакіравана ён рабіў сваю справу і дачакаўся часу, калі на шырокіх экранах зьявіліся стужкі для дарослых і маленькіх па-беларуску.

Чалавеку гэтаму, Андрэю Кіму, ня трэба ані славы, ані грошаў з гэтага. Ёсьць ідэя і грунтоўная руплівая праца, якая толькі і дае станоўчы вынік. У выйгрышы па выніку ўсе: і гледачы, і кінатэатры, і Беларусь.

Ня варта расчароўвацца ды глядзець на культурныя ініцыятывы з паблажлівай усьмешкай.

Дык можа ня варта расчароўвацца ды глядзець на культурныя ініцыятывы з паблажлівай усьмешкай, маўляў, «яны робяць, бо можна», але «гэта нічога ня зьменіць». Хацелі ўжо Беларусь зьмяніць за адзін дзень ці ноч. Ня раз і ня два хацелі. Што атрымалася — самі ведаеце. Дык навошта кпіць са свайго суседа па акопе, які трымае той самы беларускі фронт, як і ўсе мы?

Так, ня ходзяць на палітычныя акцыі ў цэнтры Менску тысячы і дзесяткі тысяч. Так, ня гоняць Салаўёва са сталічнай сцэны дымавымі шашкамі. Так, ня бурацца ідалы ленінаў-дзяржынскіх па гарадах ды вёсках.

Затое ёсьць тысячы на канцэртах Вольскага і Міхалка, на фільмах, перакладзеных Кімам, тысячы нашых суайчыньнікаў, якія выстаўляюць на лабавым шкле бел-чырвона-белыя сьцяжкі, набываюць і чытаюць беларускія кніжкі і г. д.

Дзякуючы тым адзінкам, якія трымаюць свой фронт — культурны фронт — 1980-я у свой час перацяклі ў 1990-я, з бурлівым палітычным жыцьцём і шансам для ўсёй краіны. Бо за культурнымі зьменамі немінуча прыйдуць і палітычныя.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG