Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францыя: на праймэрыз правых перамог Франсуа Фіён


Франсуа Фіён
Франсуа Фіён

Былы прэм’ер-міністар Францыі часоў Сарказі Франсуа Фіён перамог у другім туры праймэрыз францускіх кансэрватараў свайго праціўніка больш памяркоўных поглядаў Алена Жупэ. За Фіёна ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты паводле папярэдніх вынікаў было 68% галасоў, за Жупэ — 34%.

Жупэ прызнаў сваю паразу і павіншаваў Фіёна зь пераканаўчай перамогай. Ён заклікаў да адзінства і спакою пасьля надзвычай жорсткай перадвыбарнай кампаніі, падчас якой ён вінаваціў Фіёна ў гульні з крайне правымі сіламі, якія стаяць на антыімігранцкіх і антыісламскіх пазыцыях.

Фіён выступае за больш шчыльныя дачыненьні з Уладзімірам Пуціным, гатовы прызнаць Крым расейскім і разгледзець зьняцьце санкцыяў з Крамля. Фіён называе сваю праграму «сынтэзам лібэральных і аўтарытарных правых ідэяў». У першым туры Фіён і Жупэ перамаглі экс-прэзыдэнта Нікаля Сарказі, той падтрымаў Фіёна.

Рэспубліканцы, якія цяпер знаходзяцца ў апазыцыі, нядаўна пачалі рыхтаваць імпічмэнт прэзыдэнту-сацыялісту Франсуа Алянду. Але наўрад ці здолеюць яго правесьці: бракуе і падтрымкі кіроўнай партыі сацыялістаў, і часу. Прэзыдэнцкія выбары ў Францыі маюць прайсьці ў красавіку-траўні 2017 году.

Алянд можа выставіць сваю кандыдатуру і пайсьці на другі тэрмін. Канкурэнцыю яму і Фіёну можа скласьці правая кансэрватарка з «Нацыянальнага фронту» Марын Ле Пэн, якая хоча правесьці рэфэрэндум аб сяброўстве ў Эўразьвязе і вяртаньні франка замест эўра, падтрымлівае Пуціна. Паводле розных апытаньняў, найбольш народнай падтрымкі маюць Жупэ (якому сацыёлягі прадказвалі перамогу ў праймэрыз) і Ле Пэн.

Парлямэнцкія выбары пройдуць у прэзыдэнцка-парлямэнцкай Францыі пасьля прэзыдэнцкіх, у чэрвені 2017 году. Калі прэзыдэнт і парлямэнт не ў апазыцыі адзін да аднаго, Францыя становіцца практычна цалкам прэзыдэнцкай рэспублікай; калі ў апазыцыі (як было пры Шыраку і Мітэрану), то становіцца хутчэй парлямэнцкай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG