Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КХП БНФ і случакі адзначылі ўгодкі Слуцкага паўстаньня


Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ і случане ўшанавалі 96-ю гадавіну паўстаньня і памяць слуцкіх паўстанцаў на мітынгу ў гарадзкім парку.

Прыкладна 70 чалавек прынялі ўдзел у мітынгу памяці Слуцкага Збройнага Чыну.

Пасьля наведваньня мэмарыяльных крыжоў у вёсках Грозаў, Семежаў, мястэчку Вызна (Чырвоная Слабада) каля 15.00 удзельнікі вандроўкі па баявых мясьцінах разам з случакамі калёнай рушылі ад будынку ўнівэрмагу ў парк, дзе і адбыўся мітынг.

Прысутныя выслухалі палымяную прамову намесьніка старшыні партыі КХП БНФ Юрася Беленькага.

Выступае Юрась Беленькі.

Выступае Юрась Беленькі.

У сваёй прамове Юрась Беленькі напомніў прысутным пра падзеі далёкага 1920-га году, ушанаваў гераізм случакоў, якія, нягледзячы на пераважныя сілы бальшавіцкай Чырвонай Арміі, паспрабавалі адстаяць незалежнасьць Слуцкай Народнай рэспублікі.

— Сёньня пагроза вайны за незалежнасьць зноў наблізілася да нашых парогаў, — заявіў Юрась Беленькі. — Фактычна, мы маем акупацыйныя ўлады, якія крок за крокам ваююць зь беларускай эканомікай, беларусамі, з мовай і беларускай гісторыяй, каб лягчэй было здаць краіну суседняй агрэсіўнай дзяржаве.

У сувязі з зацікаўленасьцю Расеі ў тэрыторыях, дзе пануе расейская мова, выступоўца заклікаў прысутных быць беларусамі і карыстацца толькі беларускай мовай.

— Каб на нас іншая краіна не глядзела, як на свой уласны дом, мы павінны карыстацца сваёй роднай мовай, быць салідарнымі і бараніць сваё роднае ад чужынцаў. І ў гэтым вучыцца ад случакоў, якія першымі стварылі зьвяно ланцуга змаганьня.

Усе прысутныя і хор прачыталі малітву.

Пасьля заканчэньня мітынгу, які доўжыўся ня болей за 40 хвілін, людзі вярнуліся да стаянкі аўтобуса каля ўнівэрмагу «Слуцк» і яшчэ доўга не разыходзіліся.

Пакуль адны згортвалі сьцягі, удзельнікі хору гучна сьпявалі песьні змаганьня і проста беларускія песьні, чым прывабілі мінакоў.

Сьпявае хор.

Сьпявае хор.

Алесь Чахольскі, адзін з арганізатараў мітынгу, распавёў пра наведваньне вёскі Семежава і Чырвонай Слабады:

— Адзін зь мясцовых жыхароў паведаміў нам, што мясцовыя ўлады аддалі загад людзям не прыходзіць у той час, калі мы ўскладаем кветкі каля крыжа. Нягледзячы на гэта знайшоўся адзін сьмяльчак, які прымацаваў бел-чырвона-белы сьцяг да ровара і прыехаў на ім да нас. У Вызьне (Чырвонай Слабадзе) людзі зусім блізка не падыходзілі да нас, але стаялі ўздоўж дарогі і ўважліва слухалі выступы.

Алесь Чахольскі лічыць, што наша краіна знаходзіцца перад пачаткам карэнных пераменаў і выказаў пажаданьне адзначыць 100-годзьдзе Слуцкага Збройнага Чыну ва ўмовах дэмакратычнай і па-сапраўднаму незалежнай Беларусі.

Міхаіл Казак.

Міхаіл Казак.

Жыхару горада Слуцка Міхаілу Казаку сёлета споўніўся 81 год. Нягледзячы на ўзрост, мужчына з задавальненьнем нёс бел-чырвона-белы сьцяг па Слуцку.

— Люблю гэты дзень і заўсёды прыходжу — за сваю загінуўшую маці падчас рэпрэсій, за свайго бацьку, якога таксама рэпрэсавалі. Хочацца дажыць да таго часу, каб над будынкам Слуцкага райвыканкаму залунаў мой любімы сьцяг і каб у гарадзкім парку ў дзень памяці Слуцкага Збройнага Чыну сабраліся тысячы случан, — сказаў пажылы мужчына.

Мітынг Менаблвыканкам дазволіў праводзіць у гарадзкім парку Слуцка.

Зінаіда Цімошак

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG