Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТБМ прапанавала Міністэрству адукацыі стварыць беларускамоўныя гімназіі ў кожным раёне Беларусі


Архіўнае фота. 2014 год.

Архіўнае фота. 2014 год.

Адозва на імя міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова была прынятая 27 лістапада на пасяджэньні рады ТБМ.

«На сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў кіраўнік нашай краіны заявіў пра неабходнасьць паляпшэньня сытуацыі зь беларускай мовай у сфэры адукацыі, — гаворыцца ў звароце. — У сувязі з гэтым прапануем вам прыняць рашэньне пра стварэньне гімназій зь беларускай мовай навучаньня ў кожным раёне нашай краіны. Гэта здыме пытаньне аб навучаньні дзяцей на беларускай мове ў сувязі з закрыцьцём малакамплектных школ у вёсках, а таксама падвысіць узровень адукацыі вучняў».

Пра гэта інфармуе агенцтва БелаПАН.

Як лічаць у ТБМ, пачаць стварэньне сеткі беларускіх гімназій можна з цэнтральных раёнаў Менскай вобласьці, да прыкладу, Стаўпецкага, які зьвязаны з жыцьцём і дзейнасьцю клясыка беларускай літаратуры Якуба Коласа, і Нясьвіскага, «дзе на высокім міжнародным узроўні папулярызуецца наша слаўная гісторыка-культурная спадчына».

7 кастрычніка, выступаючы са зваротам да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі пятага і шостага скліканьняў, Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Беларусі варта забыцца пра паняцьце „вораг“ ці „свой“, не адмаўляцца ад рускай культуры, але і памятаць пра тое, што мы беларусы і ў нас ёсьць свая мова».

«Некаторыя дамарослыя знаўцы на ўсходзе пачынаюць нас папракаць у залішняй беларускасьці. Што за глупства? Мы нацыя, а ў кожнай нацыі ёсьць свае прыкметы. І галоўнае, акрамя тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэннасьці, — гэта мова. Чаму мы павінны адмовіцца ад беларускай мовы?» — спытаў тады Лукашэнка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG