Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тамара Мацкевіч: Куба пакідае ўражаньне, што нават кастрысты хочуць адтуль уцячы


Я патрапіла на Кубу восем гадоў таму. Якраз Фідэль Кастра абвясьціў пра сваю невылечную хваробу і перадаў уладу брату. Ехаць было страшнавата. Тады ўсе думалі, што Фідэль можа памерці ў кожны момант і невядома, якія падзеі гэта пацягне за сабой.

Тамара Мацкевіч, намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы, рэдактар парталу nastaunik.info

Першае ўражаньне ад Кубы — адчуваньне, нібыта я прыехала туды з супэрсвабоднай і заможнай краіны.

Усё ж такі таталітарызм адрозьніваецца ад аўтарытарызму ў горшы бок.

Паўсюль за табой сочаць, кожны дзень ператрасаюць рэчы ў гатэлі, кожны дзень забіраюць пашпарт на рэгістрацыю, супрацоўнікі запалоханыя: ці маўчаць, ці размаўляюць лёзунгамі...

Дзіцячы малюнак. Так кубінскія дзеці бачаць сваю краіну.

Дзіцячы малюнак. Так кубінскія дзеці бачаць сваю краіну.

Калі ў Беларусі палітычным апанэнтам фабрыкуюць справы і саджаюць на 15 сутак ці ў горшым выпадку на 6 год, то кубінцам за тое самае пагражае 23, 26 год турмы, або і пажыцьцёвы тэрмін. Больш за тое, дзяцей дысыдэнтаў тады пазбаўлялі прадуктовых картак, у тым ліку і на малако, і гэта зусім страшна. Бо на Кубе крамаў, дзе можна набыць прадукты, адзеньне ці гаспадарчыя тавары, не было зусім — толькі картачнае разьмеркаваньне. Рэжым Кастра як увёў картачную сыстэму пасьля свайго прыходу, так яна там і захавалася на больш чым 50 год. Хіба што былі нейкія базарчыкі з гароднінай.

Памятаю, мы сустрэліся з жанчынай, жонкай дысыдэнта. Я ўзяла на рукі паўтарагадовага хлопчыка, яе сына. А ён нічога ня важыць. Дагэтуль памятаю свае пачуцьці. Так хацелася яго забраць з сабой (і яго маму таксама). Але замежныя пашпарты кубінцам атрымаць было амаль немагчыма, дый каб зьезьдзіць у суседні горад, трэба было недзе атрымаць дазвол.

"Грамадзкі транспарт": дзеці вяртаюцца са школы.

"Грамадзкі транспарт": дзеці вяртаюцца са школы.

Сустракаліся мы з настаўнікамі. Распавядалі ім пра тое, што зьмянілася пасьля распаду савецкай таталітарнай дзяржавы. Да чаго трэба рыхтавацца, што можна было зрабіць інакш. Каб кубінцы не нарабілі нашых памылак. Сустракаліся падпольна, на кватэрах. Туды набівалася пад 40 чалавек. Людзі вельмі прыемныя і адукаваныя, але зусім ізаляваныя інфармацыйна. У іх было адно жаданьне — каб людзі ў сьвеце даведаліся пра парушэньні правоў чалавека на Кубе, пра іхную бяду, іхную галечу.

Помнік Чэ Гевару

Помнік Чэ Гевару

Яны казалі, што рэжым Кастра выкарыстоўвае хлусьню, каб захаваць сваю ўладу. Тады Куба падпісала ў ААН два пагадненьні аб захаваньні правоў чалавека ўзамен на нейкія прэфэрэнцыі. І праз пару дзён пасьля падпісаньня ў Гаване адразу былі арыштаваныя людзі, якія раздавалі Дэклярацыю правоў чалавека. Нас прасілі перадаць сьвету, што дамаўляцца з дыктатарскімі рэжымамі ня мае сэнсу.

На Кубе выдавалася толькі адна газэта — Granma. Там Фідэль публікаваў свае прамовы. Таму самым вялікім падарункам былі газэты і часопісы па-гішпанску, якія я сабрала ў самалёце: гішпанцы, якія ляцелі на курорты, іх пакідалі. Толькі так кубінцы маглі нешта даведацца, што робіцца ў сьвеце.

Дзецям там не хапала ні сшыткаў, ні флямастэраў, ні асадак, ні падручнікаў, затое ўсе ходзілі ў школу ў школьнай форме з гальштукамі. Відаць, яе таксама выдаюць па картках. Усіх падлеткаў-старшаклясьнікаў тады забіралі ў абавязковыя працоўныя лягеры на некалькі месяцаў для ідэалягічнай накачкі. Ім там канкрэтна прамывалі мазгі: вакол Кубы ворагі, а яны павінны памерці за справу рэвалюцыі. У дадатак яны працавалі на фабрыках, у асноўным скручвалі цыгары.

Усё напаўразбуранае: і дамы, і сельская гаспадарка, і транспарт. Нават у парлямэнце (будынак — копія амэрыканскага Капітолію) не было шкла ў вокнах. Яно некалі разьбілася, і няма дзе ўзяць новае. Будаўнічыя матэрыялы там не прадаваліся зусім. Нам патлумачылі, што людзі могуць зь якіх дошчачак ці фанэрак змайстраваць плыт і паплыць да Маямі. Таму фанэрку, каб закрыць дзірку ў даху ці вакне, там знайсьці малаверагодна. Людзі так і жылі. Ратуе цёплае надвор’е.

Але больш за ўсё кінулася ў вочы не галеча, а прыніжэньне кубінскаю дзяржаваю сваіх жа грамадзян, сутыкненьне іх ілбамі паміж сабой.

Інтэрнэт тады быў толькі ў гатэлях, для турыстаў: два кампутары ў холе. Каб скарыстацца, трэба было заплаціць больш за 5 эўра за паўгадзіны. У гатэлі, дарэчы, кубінцаў не пускалі, толькі іншаземцаў. Уявіце, я іду ў гатэль, каб праверыць пошту, а кубінец, паважаны адукаваны чалавек, застаецца чакаць на вуліцы, бо ня мае права нават наблізіцца да ганку. Уваход кубінцам быў забаронены і на тэрыторыі, дзе адпачываюць турысты, напрыклад, на знакаміты Варадэра.

Забаронена было грамадзянам Кубы мець сотавыя тэлефоны, валюту. За ўсё гэта можна было сесьці ў турму. За дысыдэнтамі (і проста грамадзянамі) сачылі так званыя Камітэты рэвалюцыі — квартальныя швондзеры. Яны рэгулярна абмазвалі дзьверы іншадумцаў чорнай фарбай, пісалі брыдкія словы, часам проста зьбівалі. Склалася такое ўражаньне, што ўсе 100% кубінцаў, у тым ліку і кастрысты, ня вераць у зьмены і хочуць зьехаць з краіны.

Праўда, дэпрэсіі на Кубе не адчувалася. Людзі танцуюць, сьпяваюць, малююць — ратуюцца мастацтвам.

Я апісала, як выглядала Куба 8 год таму. Думаю, што прынцыпова мала што зьмянілася і зараз. Шмат чакаць ад сыходу Фідэля Кастра не выпадае. Рэжым жа застаўся: поруч з малодшым братам Раулем, іншыя сямейнікі займаюць ключавыя пасады. Яны праз спэцслужбы трымаюць кантроль над турыстычнай сфэрай, у тым ліку так званымі сумеснымі з замежным капіталам прадпрыемствамі. Адзіны для іх спосаб працягнуць існаваньне рэжыму — трымаць людзей у галечы, страху, а найперш у няведаньні.

Самая вялікая небясьпека для кастрызму — адукаванае і інфармаванае грамадзтва, якое рана ці позна сфармуецца. І нямала залежыць ад прынцыповага, заснаванага на каштоўнасьцях, стаўленьня дэмакратычнага сьвету да такіх рэжымаў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG