Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ва Ўкраіне ўшаноўваюць памяць 4 мільёнаў ахвяр савецкага Галадамору


Ва Ўкраіне 26 лістапада ўшаноўваюць памяць ахвяр Галадамору — масавага голаду, які стаў прычынай да значных чалавечых ахвяр на тэрыторыі Ўкраінскай ССР у 1932-1933 гадах.

Дзень памяці ахвяр Галадамору адзначаецца ва Ўкраіне штогод у чацьвёртую суботу лістапада. Па дадзеных кіеўскага Інстытуту дэмаграфіі і сацыяльных дасьледаваньняў імя Птухі, за гэты час на тэрыторыі Ўкраіны ад голаду памерлі каля 4 мільёнаў чалавек або 13 адсоткаў насельніцтва рэспублікі.

Ля Нацыянальнага Мэмарыялу ахвярам Галадамору ў Кіеве, дзе сабраліся сотні людзей, прайшла хвіліна маўчаньня, пасьля чаго па ўсёй краіне пачалася акцыя «Запалі сьвечку». У жалобных мерапрыемствах ля галоўнага мэмарыяла ўдзельнічалі сьведкі Галадамору, кіраўнікі дзяржавы, замежныя дыпляматы, грамадзкія актывісты. Прадстаўнікі розных рэлігійных канфэсій адслужылі паніхіду па ахвярах масавага голаду.

28 лістапада 2006 Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла закон «Аб Галадаморы 1932-1933 гадоў ва Ўкраіне», згодна зь якім гэтая трагедыя прызнана генацыдам украінскага народа. Галадамор афіцыйна прызнаны генацыдам у 23 краінах. Разгляд гэтага пытаньня ў Арганізацыі Абʼяднаных нацый у ліпені 2008 года быў заблякаваны Расеяй, якая адмаўляе сьвядомае зьнішчэньне ўкраінцаў сталінскім рэжымам.

Паводле ўкраінскіх экспэртаў, штучны масавы голад быў арганізаваны кіраўніцтвам ВКП (б) і ўрадам СССР з мэтай падаўленьня ўкраінскага нацыянальна-вызвольнага руху і фізычнага зьнішчэньня часткі ўкраінскіх сялян. У Расеі лічаць, што гэтая пазыцыя накіраваная «на разьяднаньне народаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG