Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кастра згвалціў усю кубінскую нацыю». У.Мацкевіч і А.Сідарэвіч пра сьмерць дыктатара


Шматгадовы лідэр Кубы Фідэль Кастра прайшоў шлях ад рэвалюцыянэра і змагара за свабоду да звычайнага дыктатара, пасьля сыходу якога краіну могуць чакаць вялікія ўзрушэньні.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказалі філёзаф Уладзімер Мацкевіч і гісторык Анатоль Сідарэвіч.

Філёзаф і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч лічыць Фідэля Кастра вельмі супярэчлівай фігурай:

«За аднаго боку гэта такі адчайны герой супраціву, змагар з дыктатурай Батыста на Кубе, чалавек, які імкнуўся да свабоды на пачатку сваёй дзейнасьці. А потым ён стаў звычайным дыктатарам. Скарыстаўшыся матэрыяльнай і ўзброенай дапамогай СССР, ён пераняў камуністычную ідэалёгію і пачаў адбудоўваць сваю дыктатуру, выкарыстоўваючы тое, што Куба, як геастратэгічны пляцдарм у Амэрыцы, была вельмі неабходная СССР».

Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

На будучыню Кубы Ўладзімер Мацкевіч глядзіць вельмі скептычна.

«Прывабныя якасьці Кастра і ягоных паплечнікаў зрабілі тое, што ён быў вельмі папулярным сярод кубінцаў — нацыі не прамысловай, сельскагаспадарчай і люмпэзаванай за часы дыктатуры. Карыстаючыся сваёй папулярнасьцю і камуністычнай ідэалёгіяй, ён настолькі згвалціў усю кубінскую нацыю, што здаецца ў сёньняшніх кубінцаў амаль няма ні інтэлектуальных сілаў, ні энэргіі, каб пачаць самім нармалізаваць сытуацыю ў краіне. Таму ўжо знаходзячы ў непрытомнасьці, адышоўшы ад справаў амаль 10 год, Фідэль Кастра быў сымбалям працягу так званай кубінскай рэвалюцыі. Гэты сымбаль зараз зьнік, Фідэль памёр. Што будзе з кубінцамі, ці змогуць яго досыць састарэлыя паплечнікі ўтрымаць Кубу ў тым самым стане, што яна была? Наўрад ці. Пасьля гэтай сымбалічнай падзеі, сьмерці дыктатара, што кіраваў амаль паўстагодзьдзя, думаю, што на Кубе пачнуцца вельмі дрэнныя працэсы. Калі ў нацыі няма моцнай дзяржавастваральнай эліты, то пасьля сканчэньня дыктатуры пачынаецца хаос. Вельмі баюся, што на Кубе пачнуцца працэсы вельмі падобныя на тое, што мы бачылі там, дзе апошнім часам руйнаваліся дыктатарскія рэжымы — Ірак, Лібія і г.д», — адзначыў ён у інтэрвію Свабодзе.

Гісторык Анатоль Сідарэвіч лічыць, што Фідэль Кастра прайшоў звычайны шлях «ад ультрарэвалюцыянэра да контррэвалюцыянэра».

Анатоль Сідарэвіч

Анатоль Сідарэвіч

«Пачынаецца ўсё з высокіх слоў пра сацыяльную справядлівасьць, роўнасьць і братэрства. А канчаецца ўсё сацыяльнай несправядлівасьцю, няроўнасьцю і лютасьцю. Такі шлях прайшоў Сталін, такі шлях прайшоў Чаўшэску, такі шлях прайшоў і Кастра. Гэта звычайны шлях ультрарэвалюцыянэра», — кажа ён.

«Што будзе далей з камуністычным рэжымам на Кубе? Калі кубінцы будуць такія разумныя як кітайскія камуністы, то яны могуць зрабіць нармальную эканоміку пры захаваньні ўлады камуністычнай партыі. То бок кітайская або в’етнамская мадэль. Але я ня ведаю наколькі разумны Рауль Кастра, якому таксама ўжо 85 гадоў, і хто там у яго за плячамі. Ці ёсьць у Кубы свой Дэн Сяопін? Гэта галоўнае пытаньне», — лічыць Сідарэвіч.

Фідэль Кастра памёр на 91-годзе жыцьця. Народу пра сьмерць правадыра абвясьціў у тэлезвароце яго брат Рауль, які займае з 2008 году вышэйшую пасаду ў дзяржаве.

Пахаваньне Фідэля Кастра павінна адбыцца 4 сьнежня ў сталіцы краіны Гаване. У сувязі са сьмерцю Кастра на Кубе абʼяўленая 9-дзённая жалоба.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG