Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская публіка Салаўёву: Забярыце нас як Крым


Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Увайшоўшы ў залю Палацу Рэспублікі, я ўважліва прыглядаўся, хто гэтыя людзі, якія аддалі ад 60 да 150 рублёў, каб за гэтыя грошы паслухаць тэлевядоўцу, якога яны і так бясплатна глядзяць амаль штодня ў сваіх тэлевізарах. Публіка была пераважна старэйшага ўзросту, ад 50 і больш, ня самага малога дастатку, добра, але без шыку апранутыя пэнсіянэры, з прадчуваньнем непазьбежнага сьвята ў вачах. Сустракаліся і мужчыны ў шэрых чынавенскіх строях гадоў пад 40, і цэлыя сем’і — мама з дачкой, напрыклад, ці бацька з сынам. Гледзячы на іх, я адразу ўяўляў, як кожны вечар яны разам сядаюць каля тэлевізару, уключаюць сваю любімую тэлеперадачу, і глядзяць яе да самай апошняй хвілінкі, нягледзячы на тое, што заканчваецца яна каля другой гадзіны начы.

Тое, што ў залі знаходзяцца зацятыя і адданыя спажыўцы салаўёўскага прадукту — стала відавочна даволі хутка, калі гледачы вельмі жвава і прыхільна рэагавалі на прозьвішчы (невядомыя мне) сталых удзельнікаў ток-шоў — украінца, амэрыканца, паляка. Кожнае імя ўспрымалася аўдыторыяй з цэлай гамай эмоцыяў — відавочна, гэтыя пэрсанажы даўно сталі для гледачоў даўно сваімі, роднымі. Калі пачалі задаваць пытаньні ад мікрафону, то амаль кожны другі не прамінуў заявіць, што ня толькі глядзіць «усёй сям’ёй» перадачы Салаўёва, але нават запісвае іх і пераглядае.

Побач са мной сядзеў чалавек, які пасьля найбольш яркіх рэплік вядучага скакаў у сваім крэслы ў захапленьні, бадай, як на футбольным матчы.

У такой атмасфэры маскоўскі госьць адчуваў сябе як рыба ў вадзе. Ягоны выступ паводле стылю нагадваў канцэрт коміка, аднак з прэтэнзіяй на глыбіню і філязафічнасьць. Выступаючы ў тым самым фрэнчы, што і ў тэлеэфіры, Салаўёў трымаў аўдыторыю, выдатна ведаючы, што ёй спадабаецца і на якія рэплікі і мэтафары яна будзе найбольш прыхільна адгукацца. Побач са мной сядзеў чалавек, які пасьля найбольш яркіх рэплік вядучага скакаў у сваім крэслы ў захапленьні, бадай, як на футбольным матчы.

Жарты пра геяў і анэкдоты пра Лукашэнку спалучаліся з драматычнымі паўзамі, сэнтэнцыямі пра Другую Сусьветную і цытатамі з Бібліі. Але непрыкметна і рознымі шляхамі ўсё гэта вяло да галоўнага тэзісу — Расея вясёлая, добрая і зычлівая, Захад злобны, ваяўнічы і антымаральны, сучасная заходняя цывілізацыя пярэчыць Богу і традыцыі.

Беларус пытаецца ад мікрафона ў расейскага тэлежурналіста, чаму ж Расея ня ўводзіць войскі ва Ўкраіну.

Мяне, аднак, больш цікавіў ня сам Салаўёў, а аўдыторыя, тыя некалькі тысяч беларусаў, што амаль цалкам запоўнілі вялікую залю Палацу Рэспублікі. Вось беларус пытаецца ад мікрафона ў расейскага тэлежурналіста, чаму ж Расея ня ўводзіць войскі ва Ўкраіну. Салаўёў адказвае — ня маем права, «не дачакаецеся».

Вось выходзіць іншы, задае пытаньне і прадстаўляецца: Ялта, Рэспубліка Крым, Расейская Фэдэрацыя. У залі аплядысмэнты, амаль авацыя. А вось сам Салаўёў зачытвае наступнае пытаньне — «Забярыце нас як Крым». «Ні ў якім разе» — тэатральна ўскрыквае тэлевядучы. — Вы самастойная дзяржава, і самі павінны вырашаць свой лёс«.

Калі б Салаўёў адказаў — «а вось хутка і забярэм» — баюся, я таксама пачуў бы авацыі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG