Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Алег Грузьдзіловіч, Валер Карбалевіч.

Грузьдзіловіч: Да размовы на гэтую тэму падштурхнула ўчорашняя гутарка, якую пачуў на хвалях радыё «Эхо Москвы» — гутарка з журналістам і музычным крытыкам Арцеміем Троіцкім. Падставай стаў днямі надрукаваны рэйтынг рэгіёнаў Расеі паводле ўжываньня алькаголю. Аказалася, на першых радках не сталіцы, Масква і Піцер, як можна было меркаваць, а самыя далёкія рэгіёны — Магаданская вобласьць, Чукотка, Рэспубліка Комі. Тлумачэньне паважаны журналіст знайшоў простае — жорсткі клімат. І вырашыў для сябе, што можа і змагацца з гэтай зьявай ня варта, калі халодныя зімы не адменіш.

Ну а што рабіць нам — з нашым менш кантынэнтальным, амаль эўрапейскім кліматам? Таксама скласьці рукі і не змагацца? Між тым алькагалізацыя насельніцтва імкліва расьце: у 2011 годзе пілі за год па 15,1 літра ўмоўнага алькаголю, праз 3 гады ўжо 17,7 літра — абагналі нават Малдову, якая была ў лідэрах.

А што вырашаюць пра гэта самі людзі? Літаральна днямі ў крымінальнай зводцы бачыў такую навіну: у адным раёне мужчына, каб забраць пітушчую жонку з дому сяброўкі, дзе ішла пʼянка, з адчаю падпаліў дзьверы — бо жонка адмаўлялася выходзіць. У выніку пажару загінула гаспадыня дому. Цяпер мужыка, які характарызаваўся як добры семʼянін, будуць судзіць за забойства. Жудасная алегорыя, зь якой вынікае: так, трэба змагацца з пʼянствам, інакш загіне сямʼя, але трэба і захады падбіраць добрыя. Толькі якія? Ці можна чаго прыдумаць новага і эфэктыўнага?

Пік нараджальнасьці ў канцы ХХ стагодзьдзя прыйшоўся якраз на канец 80-х — гэта час барацьбы з алькагалізмам.

Згадваю сярэдзіну 80-х, калі з ініцыятывы Міхаіла Гарбачова пачалася барацьба з пʼянствам. Высякалі вінаграднікі, абмяжоўвалі продаж алькаголю, паднялі цэны на гарэлку — цяпер усе гэтыя захады прызнаныя памылковымі, яны, маўляў, толькі падштурхнулі выраб і ўжываньне самагону. Але ж заўважу, па-першае, што пік нараджальнасьці ў канцы ХХ стагодзьдзя прыйшоўся якраз на канец 80-х — гэта час барацьбы з алькагалізмам. То бок такая нараджальнасьць у той час — пэўны вынік гэтай кампаніі. Мільёны здаровых дзяцей не зьявіліся б на сьвет, калі б усё працягвалася як раней. Па-другое, былі іншыяя захады, вартыя ўвагі. Наперш я пра тое, што было скіравана, так бы мовіць, на рамонт мэнталітэту. Бо ўсё ж прапагандаваліся іншыя традыцыі, найперш безалькагольнага ладу жыцьця. І гэта мне падаецца самым прагрэсіўным і карысным з таго гістарычнага пэрыяду. Сёньня, калі я бачу маладыя семʼі, дзе зусім не ўжываюць сьпіртнога — вось сямʼя аднаго з маіх сыноў такая — дык бачу ў іх прыклад, як можна будаваць сваё жыцьцё інакш. І гэта рэальнасьць ужо, а ня толькі мара. Варта вывучаць досьвед такіх семʼяў, ствараць умовы, каб іх было болей. Але на дзяржаўным узроўні такой прапаганды ня бачу.

А цяпер пра тое, што мы маем пакуль. А маем, што калі ўвесь сьвет змагаецца з алькагалізацыяй, у тым ліку праз падвышэньне цэнаў на моцны алькаголь, у нас гарэлка стасоўна іншых відаў алькагольнай прадукцыі вельмі танная. Стасунак цэнаў на піва і гарэлку, прыкладам, ніжэйшы ва ўсёй Эўропе. Другі прыклад: Лукашэнка нядаўна нават выказаўся за меншыя акцызы на алькагольную прадукцыю. Навошта? Каб падштурхнуць попыт і даць палёгку мясцовым заводам гарэлкі і пладовых вінаў, якія адмыслоўцы лічаць самымі шкоднымі для здароўя?

Праўда, вось урад заявіў пра новую праграму барацьбы з алькаголем на 2017–2020 гады. Але на яе вылучаюць толькі 20 мільёнаў даляраў — гэта па 5 мільёнаў на год. Сьлёзы! За такія грошы можна толькі пабудаваць, як заяўлена, новы шпіталь для алькаголікаў пад назвай «Наркалёгія» ды адрамантаваць корпус у шпіталі ў Навінках. На іншае проста грошай не застанецца. Але ж будоўля шпіталя — гэта барацьба з наступствамі, а не з прычынамі.

Ня веру і заявам, што абмяжуюць час, калі можна прадаваць алькаголь. Ужо было, што абмяжоўвалі, а потым вярнулі назад. Цяпер алькагольныя вырабы прадаюць фактычна без абмежаваньняў, нават на некаторых запраўках для гэтага пабудавалі адмысловыя крамы. Вось нядаўна ў нашым Сухараве адкрылася такая крама на запраўцы «Белнафтахіму» — выйшаў з аўтамабіля, набраў бутэлек колькі хочаш, едзь далей! Праўда, у сваёй праграме ўрад заявіў, што ўсё ж увядуць з наступнага году абмежаваньні ў продажы алькаголю — толькі зь 9 да 22 гадзінаў. Аднак ці гэта рэалізуюць, слаба верыцца, бо зноў бюджэту будуць патрэбныя грошы, а адкуль іх узяць, як не з гарэлкі?

На памяці яшчэ алегарычны факт: у 2014 годзе ў Гомелі судзілі за пікет актывіста Дзьмітрыя Карашкова. Чалавек выйшаў на плошчу з плякатам «Спыніце продаж алькаголю каля школы». Далі вялікі штраф. У новай праграме абяцаюць увесьці адлегласьць 500 мэтраў паміж навучальнай ўстановай і крамай з гарэлкай. Але ня бачу падставаў спадзявацца, што сапраўды ўвядуць.

Паводле Белстату, найбольш праблемаў з алькагалізацыяй насельніцтва ў Гарадзенскай вобласьці, за ёй ідзе сталіца краіны Менск.

І апошняе. Паколькі пачынаў з рэйтынгу самых пітушчых рэгіёнаў Расеі, дык паглядзім і ў Беларусі. Думаў, што ў нас самыя пітушчыя — усходнія раёны Віцебскай, Магілёўскай абласьцей, якія суседзяць з Расеяй. А на заходнім кірунку, меркаваў, усё лепш. Памыляўся. Аказалася, паводле Белстату, найбольш праблемаў з алькагалізацыяй насельніцтва ў Гарадзенскай вобласьці, за ёй ідзе сталіца краіны Менск, меней за іншых — у Берасьцейскай і Гомельскай абласьцях. Сярод гарадзенцаў на 100 тысяч насельніцтва 220 алькаголікаў, у Менску паказьнік амаль такі самы — 217. Здаецца, ня гэтак і шмат у параўнаньні зь лічбай у 100 тысяч. Толькі вось я з сваіх назіраньняў ведаю: у маім падʼезьдзе за 5 гадоў адны алькаголікі ўжо памерлі, замест іх зьявіліся новыя. То бок колькасьць тых, хто ўцягнуты у гэтае пекла, трэба памнажаць ня меней як удвая. А праз тых, хто пʼе, распадаюцца семʼі, пакутуюць дзеці — яшчэ павялічвайце колькасьць ахвяраў. І колькі атрымаецца, калі ў нас у краіне, паводле мэдыкаў, ужо 300 тысяч чалавек злоўжываюць алькаголем? Гэта ж амаль адзін абласны горад зь пяці! Беларусь па-ранейшаму ў сусьветных лідэрах пітушчых звыш меры нацыяў — гэта брыдка і сорамна!

Глод: Здаецца, колькі памятаю сябе дарослым чалавекам, столькі чую пра барацьбу з пʼянкамі. Так было яшчэ да Гарбачова. І ў Савецкім Саюзе, і пасьля — у Рэспубліцы Беларусі. Мэта выглядала добрай, але змаганьне за цьвярозасьць збольшага заўжды заканчвалася аднолькава. Улады бачылі, як рэзка «прасядае» бюджэт, і паціху згортвалі свае ж ініцыятывы.

Месяц таму стала вядома, што ў Беларусі падрыхтаваны ўказ прэзыдэнта, які робіць больш жорсткімі ўмовы рэалізацыі алькагольнай прадукцыі. У прыватнасьці, алькаголь можна будзе прадаваць толькі ад дзявятай гадзіны раніцы да дзявятай вечара. Акрамя гэтага, праект прадугледжвае стварэньне ўнутры крамаў адасобленых падразьдзяленьняў з асобнымі касамі.

Але магчымыя захады з боку кіраўніцтва дзяржавы напалохалі гандляроў. Яны правялі спэцыяльную прэсавую канфэрэнцыю, дзе казалі пра нэгатыўныя для рынку наступствы такога рашэньня. Мяне асабліва ўразіла такая лічба — у сетцы крамаў «Эўраопт» алькаголь прысутнічае аж у 40% чэкаў.

Відавочна, што да вялікай антыалькагольнай кампаніі ўлады не гатовыя.

Барацьба з алькагалізмам — гэта комплексны працэс, і абмежаваньнем продажу алькаголю ў начны час праблемы ня вырашыць. Але відавочна, што да вялікай антыалькагольнай кампаніі ўлады не гатовыя — яны цудоўна разумеюць, наколькі непапулярныя сярод насельніцтва любыя забароны ў гэтай сфэры. Памятаеце, як увялі забарону на продаж алькаголю ў начны час, а потым яе скасавалі акурат напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году. Мне падаецца, сымбалічнае супадзеньне.

Колькі беларусаў цярпіць ад злоўжываньня алькаголем, дакладна сказаць цяжка. У заяве Генэральнай пракуратуры я нядаўна сустрэў такі выраз: «200 тысяч беларусаў вядуць асацыяльны лад жыцьця з прычыны праблемаў з алькаголем. Праблема алькагольнай залежнасьці ёсьць для беларускага грамадзтва вельмі істотнай». Мабыць, зыходзячы з гэтай трывожнай сытуацыі, у Беларусі сёлета распрацавалі адмысловую ўрадавую праграму прадухіленьня і пераадоленьня пʼянства да 2020 году. Асноўныя пункты гэтай праграмы: абмежаваньні ўзросту продажу алькаголю, месцаў і часу.

Тое, што прапаноўваецца ў праекце прэзыдэнцкага ўказу, уваходзіць у нацыянальную праграму. Але ў грамадзтве існуе, так бы мовіць, альтэрнатыўная думка — маўляў, з алькаголем змагацца бессэнсоўна, бо гэта гістарычная нацыянальная традыцыя.

Карбалевіч: Фармальна барацьба з пʼянствам у Беларусі вядзецца. Прымаюцца нейкія праграмы. Аднак аб небясьпецы гэтай бяды папярэджваюць дзьве структуры: міліцыя і мэдычныя работнікі. Міліцэйскае кіраўніцтва прыводзіць статыстыку злачынстваў, якія робяцца ў пʼяным выглядзе, і прапануе абмежаваць продаж сьпіртовых напояў. Мэдыкі папярэджваюць, што пʼянства пагражае здароўю нацыі.

Аднак на ўзроўні дзяржаўнага кіраўніцтва ніякіх сурʼёзных захадаў не прымаецца. Лукашэнка шмат разоў казаў, што, маўляў, шлях забароны — гэта няправільны шлях, ён даказаў сваю неэфэктыўнасьць падчас гарбачоўскай перабудовы. На гэтым усё і заканчваецца.

Даходы ад алькагольных напояў складаюць значную частку напаўненьня бюджэту, асабліва мясцовага.

Тут дзьве праблемы. Адна чыста эканамічная. Рэч у тым, што даходы ад алькагольных напояў складаюць значную частку напаўненьня бюджэту, асабліва мясцовага. Таму цяпер у кожным раёне пабудаваныя заводы таннага і нізкаякаснага віна, як кажуць у народзе, «чарніла».

Але ёсьць і палітычная праблема. Лукашэнка добра разумее, што ягоны электарат успрыме захады дзеля абмежаваньня ўжываньня алькаголю нэгатыўна. Бо ягоны электарат — гэта ня самыя багатыя пласты насельніцтва, гэта, як правіла, людзі пітушчыя. Таму і адбываецца імітацыя барацьбы з пʼянствам. Цэны на моцныя напоі ў Беларусі вельмі нізкія, даступныя. І мяняць гэтую сытуацыю ніхто ня хоча.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG