Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Лінднэр: «Сам факт правядзеньня Менскага форуму пасьля шасьцігадовага перапынку ўжо зьяўляецца посьпехам»


Райнэр Лінднэр
Райнэр Лінднэр

У другі дзень працы XIV Менскага Форуму адбылася дыскусія «Зьнешняя палітыка: Беларусь і рэгіянальнае разьвіцьцё ў Эўропе», у якой прынялі ўдзел уплывовыя беларускія і нямецкія палітыкі, чыноўнікі, дэпутаты, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці.

З боку афіцыйнага Менску ў дыскусіі бралі ўдзел кіраўнік упраўленьня агульнаэўрапейскага супрацоўніцтва Міністэрства замежных спраў Андрэй Бушыла і старшыня камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў, былы амбасадар Беларусі ў Аўстрыі Валер Варанецкі.

Эўразьвяз і Нямеччыну прадстаўлялі кіраўнік аддзелу двухбаковых зносінаў з краінамі Ўсходняга партнэрства Эўрапейскай службы па зьнешніх стасунках Дырк Шубэль, дэпутат Бундэстагу з фракцыі ХДС-ХСС Карл-Георг Вэльман і старшыня Менскага Форуму прафэсар Райнэр Лінднэр.

Дзірк Шубэль, у сярэдзіне Райнэр Лінднэр, справа Валер Варанецкі
Дзірк Шубэль, у сярэдзіне Райнэр Лінднэр, справа Валер Варанецкі

Беларусь будзе «злучаць Эўропу»

Прадстаўнік беларускага МЗС Андрэй Бушыла паведаміў, што старшынства Беларусі ў Цэнтральна-Эўрапейскай ініцыятыве будзе праходзіць пад лёзунгам «Злучаючы Эўропу».

«Гэта ня толькі неабходная інфраструктура ў сфэры транспарту, лягістыкі (хаця гэта таксама важна), але гэта так званыя „гарызантальныя захады“: спрашчэньне гандлю і мытных працэдур, паскарэньне перасоўваньня тавараў і людзей празь межы шляхам укараненьня сучасных тэхналёгій беспапяровага гандлю, выбудоўваньне ўзаемадзеяньняў паміж мясцовымі органамі ўлады. Мы бачым наша старшынства ў ЦЭІ як дадатковы элемэнт да ідэі Шаўковага шляху, да таго, што зараз актыўна прасоўваецца Кітаем. Мы хочам актыўнага прасоўваньня ініцыятывы „16 плюс 1“ (16 эўрапейскіх дзяржаваў і Кітай), створанай Кітаем для абʼяднаньня сваіх інтарэсаў у Эўропе».

Спадар Бушыла таксама адзначыў, што летам 2017 года ў Менску плянуецца правесьці міжнародную міністэрскую канфэрэнцыю па тэматыцы сумяшчальнасьці з удзелам міністраў транспарту краін ЦЭІ, Кітая.

На думку чыноўніка МЗС Беларусі, трэба вызначыць пэўныя сфэры для супрацоўніцтва паміж Эўразьвязам і Эўразійскім эканамічным саюзам, да прыкладу, у энэргетыцы, экалёгіі, лягістыцы, барацьбе зь нелегальнай міграцыяй:

«Мы лічым, што працуючы па гэтых накірунках, мы можам імкнуцца пераадолець існуючы недавер паміж гэтымі абʼяднаньнямі».

Офіс АБСЭ ў Менску беларускія ўлады закрылі, але цяпер высока ацанілі ролю арганізацыі

Спадар Бушыла ўхваліў і дзейнасьць АБСЭ: «Мы лічым, што дзеяньні АБСЭ ва Ўкраіне сталі пэўным тэстам на прафпрыдатнасьць гэтай арганізацыі. Менавіта ўкраінскі крызыс прадэманстраваў, што АБСЭ нельга ня толькі сьпісваць з рахунку, але неабходна ўмацоўваць і разьвіваць. Таму вельмі значнай падзеяй для нас стане правядзеньне летняй сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Менску».

(У сакавіку 2011 году офіс АБСЭ ў Менску быў закрыты па рашэньні беларускіх уладаў — РС).

Дэпутат Валер Варанецкі: «Беларусі неабходна мець цесныя, прагматычныя адносіны з усімі суседзямі»

Cтаршыня камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў, былы амбасадар у Аўстрыі Валер Варанецкі кажа, што Беларусі неабходна мець цесныя, прагматычныя адносіны з усімі суседзямі — і на ўсходзе, і на захадзе, і на поўначы, і на поўдні. А вось пытаньне, трэба ці не супрацоўнічаць з Эўразьвязам і ЭАЭС, палічыў некарэктным: «Усё дыктуе эканоміка, інтэграцыйныя працэсы. Эканамічныя сувязі будуць разьвівацца, тканкі будуць умацоўвацца, і калі не заўтра, то пазаўтра стане пытаньне аб гарманізацыі гэтых прастораў — ЭЗ і ЭАЭС».

Стасункі паміж Беларусьсю і ЭЗ пацяплелі, але гэта не азначае, што Беларусь прымуць у Эўразьвяз

Карл-Георг Вэльман
Карл-Георг Вэльман

Дэпутат Бундэстагу з фракцыі ХДС-ХСС Карл Георг Вэльман адзначыў, што стасункі паміж Беларусьсю і Эўразьвязам неабходна паляпшаць, бо тое, што ўсе бачылі апошнія 10 гадоў, не адпавядае эўрапейскім плянам і эўрапейскім адносінам:

«Але я не кажу, што ў бліжэйшы час Беларусь пачне ўступаць у ЭЗ», — заўважыў ён. Спадар Вэльман таксама адзначыў ролю Беларусі, менскай пляцоўкі ва ўрэгуляваньні канфлікту ва Ўкраіне. «Менскія перамовы сталі новым сымбалем дыпляматыі міра».

ЭЗ чакае ад Беларусі мараторыю на сьмяротнае пакараньне і зьменаў у выбарчае заканадаўства

Кіраўнік аддзелу па двухбаковых зносінах з краінамі Ўсходняга партнэрства Эўрапейскай службы зьнешніх стасункаў Дырк Шубэль адзначыў: вельмі важна, што Менскі форум аднавіў працу, пералічыў дасягненьні ў паляпшэньні стасункаў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю, узгадаўшы міністра замежных спраў Ўладзімера Макея, намесьніцу міністра Алену Купчыну, новага амбасадара Беларусі ў Нямеччыне Дзяніса Сідарэнку. Аднак чыноўнік з Брусэлю заўважыў:

«Пагадненьня аб асацыяцыі чакаць пакуль не даводзіцца. Гэта азначае, што трэба распрацоўваць асаблівыя дакумэнты і падыходы па працы зь Беларусьсю.

Эўразьвяз чакае ад Беларусі мараторыю на сьмяротнае пакараньне і зьменаў у выбарчае заканадаўства», — падкрэсьліў спадар Шубэль.

Крытыка Беларусі ў рэзалюцыі Эўрапарлямэнту не прывядзе да зьмены палітыкі Брусэлю ў дачыненьні Менску

На пытаньне з залі лідэра грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Тацяны Караткевіч, ці ня зьменіць дзейнасьць і падыходы Эўразьвязу да Беларусі даволі крытычная рэзалюцыя Эўрапарлямэнту, прадстаўнік Брусэлю Дырк Шубэль адказаў так:

«Крытыка Беларусі ва ўчорашняй рэзалюцыі Эўрапарлямэнту не прывядзе да зьмены палітыкі Брусэлю ў дачыненьні Менску. Нічога незвычайнага ў гэтай рэзалюцыі няма. Там ёсьць усё, што мы ведаем: і станоўчыя, нэгатыўныя моманты. У сфэры правоў чалавека не было дастатковага прагрэсу. Плян па правах чалавека, які быў прыняты ўрадам Беларусі — гэта правільны крок. Аднак яго неабходна сапраўды рэалізоўваць, каб у наступнай рэзалюцыі Эўрапарлямэнту градус крытыкі зьнізіўся».

Малога памежнага руху з Польшчай і Літвой хутка чакаць ня варта

Старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька зьвярнуўся да прадстаўніка беларускага МЗС Андрэя Бушылы:

«Вы прамовілі такі прыгожы лёзунг: „Злучаць Эўропу“. Але яшчэ ў 2010 годзе падпісана пагадненьне пра малы памежны рух. Польшча, Літва, Латвія ратыфікавалі пагадненьне. Гэта пытаньне закранае інтарэсы мільёнаў грамадзян Беларусі. Што перашкаджае?»

Начальнік Упраўленьня агульнаэўрапейскага супрацоўніцтва Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Бушыла адказаў спадару Лябедзьку так:

«Наколькі я разумею, стратэгічна гэта даволі складаны і працаёмісты працэс — малы памежны рух. На дадзеным этапе з трох краін, зь якім заключана пагадненьне — Літвы, Латвіі, Польшчы — у нас адпрацоўваецца функцыянаваньне малога памежнага руху з Латвіяй. Увядзеньне малога памежнага руху зь Літвой і Польшчай — больш складаная, комплексная задача. Дапусьцім, зь Літвой яно будзе ахопліваць горад Вільню. Не хацеў нават прымаць да ўвагі колькасьць людзей, якія будуць перасякаць беларуску-польскую і польска-беларускую мяжу. Гэта ў некалькі разоў больш, чым беларуска-латвійская мяжа. Таму нам для таго каб запусьціць гэты працэс, не сутыкнуцца зь вялізнымі чэргамі, нам трэба дасканала адпрацаваць малы памежны рух з Латвіяй».

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька таксама ўнёс прапанову — на веснавую сэсію вынесьці пытаньне аб зьменах выбарчага заканадаўства, і правесьці ў 2018 годзе мясцовую выбарчую кампанію згодна з рэкамэндацыямі АБСЭ.

Андрэй Бушыла адказаў:

«Вы ж цудоўна ведаеце, што пакуль яшчэ няма канчатковага дакладу па выніках парлямэнцкіх выбараў. І цудоўна ведаеце, што дыялёг па гэтай тэматыцы зьяўляецца адным з ключавых у абмене думкамі паміж беларускім бокам і прадстаўнікамі ЭЗ, прычым, літаральна кожнай краіну Эўразьвязу. Дыялёг гэты, натуральна, будзе працягнуты. Паглядзім на рэкамэндацыі, але іх трэба спачатку дачакацца. Пакуль няма справаздачы, яна зьявіцца ў сьнежні».

Прафэсар Лінднэр: «Хочацца спадзявацца, што прадстаўнікі Беларусі прыслухаюцца да таго, што казалі нашы экспэрты»

Старшыня Менскага Форуму прафэсар Райнэр Лінднэр выказаў спадзяваньне, што форум адбудзецца і ў наступным годзе:

«Пасьля шасьцігадовага перапынку мы, канечне, ня ведалі, як народ адрэагуе, але мне падалося, што дыскусіі былі вельмі цікавыя, вострыя, адкрытыя. Я мяркую, ёсьць рэальнае збліжэньне паміж Беларусьсю і Эўрапейскім Зьвязам, у тым ліку, і зь Нямеччынай. Былі прадстаўнікі і Брусэлю, і Бэрліну, і афіцыйнага Менску. Таму сам факт правядзеньня форуму ўжо зьяўляецца посьпехам. Хочацца спадзявацца, што прадстаўнікі Беларусі прыслухаюцца да таго, што казалі нашы экспэрты.

Беларусь адыгрывае вельмі важную ролю ў эўрапейскай бясьпецы. Беларусь вельмі цікавая для нямецкага бізнэсу. І агульнапалітычны клімат вельмі важны. Так што форум своечасова адбыўся, і ён будзе разьвівацца», — запэўніў прафэсар Лінднэр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG