Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мастах асудзілі актывіста за ўдзел ва ўшанаваньні паўстанцаў Каліноўскага. Ён кажа, што яго там не было 


Васіль Клімовіч.

Васіль Клімовіч.

Актывіст Васіль Клімовіч прыводзіў у судзе ўсе магчымыя аргумэнты, што наагул ня быў у Сьвіслачы падчас ушанаваньня паўстанцаў Каліноўскага. Але зь ім не пагаджаліся сьведкі-міліцыянты, і судзьдзя не прыняў да ўвагі ягоных аргумэнтаў. Васіль Клімовіч аштрафаваны на 9 базавых велічынь, што складае 189 рублёў.

Паводле Васіля Клімовіча, позва ў суд для яго сталася нечаканасьцю, паколькі сёлета ён ня быў на акцыі па ўшанаваньню паўстанцаў Каліноўскага ў Сьвіслачы.

Клімовіч кажа, што ішоў у суд з надзеяй, што ва ўсім разьбяруцца і справу закрыюць. Але ягоныя сумненьні разьвеяліся пасьля таго, калі абодва сьведкі-міліцыянты і судзьдзя не ўспрымалі ягоных аргумэнтаў.

«Напачатку я сказаў суду, што ня езьдзіў у Сьвіслач, амаль цалкам распавёў, як правёў той дзень. Распавёў, што ў цешчы быў Дзень народзінаў, мяне ў той дзень у Мастах бачылі многія людзі. Але сьведкі стаялі на сваім, паказалі відэа. Яны паказалі чалавека падобнага да мяне. Я ім даводзіў, што гэта не я, але і сьведкі і судзьдзя цьвердзілі, што гэта я. Потым здымкі паказалі і я ізноў ім кажу: паглядзіце, ён нават малодшы за мяне, у яго іншая фрызура і вопраткі ў мяне такой ніколі не было. Ізноў безвынікова».

Паводле Клімовіча, судзьдзя рабіў перапынак, выходзіў з залі суду, але вярнуўшыся, вынес рашэньне прызнаць яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Клімовіч кажа, што з такой фальсыфікацыяй справы яму давялося сутыкнуцца ўпершыню ў жыцьці.

Гэта прававое бязьмежжа, наагул нават цяжка сабе ўявіць. Я разумею, каб там не было таго ж відэа, тых здымкаў, то засьведчылі б і ўсё. Але ж на здымках відавочна, што гэта быў не я. Мне цяжка нешта камэнтаваць, але ўжо ў панядзелак я панясу скаргу на гэтае рашэньне ў абласны суд. Так быць папросту ня можа, калі відавочнае перайначваюць на свой капыл.

На акцыі ўшанаваньня паўстанцаў Каліноўскага ў Якушоўцы — вёсцы ў Сьвіслацкім раёне Гарадзенскай вобласьці

На акцыі ўшанаваньня паўстанцаў Каліноўскага ў Якушоўцы — вёсцы ў Сьвіслацкім раёне Гарадзенскай вобласьці

У Сьвіслачы ўжо адбыўся суд над мясцовым актывістам Юрыем Глебікам, якога абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі і прысудзілі штраф у памеры 840 рублёў.

Вядома, што пратаколы складзеныя на актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка, Валерыя Мінца з Ліды, гарадзенца Эдварда Дзьмухоўскага, на Віктара Марчыка і Паўла Севасьцяна са Слоніма, а таксама на актывістаў з Менску. Пазалетась за ўшанаваньне паўстанцаў Каліноўскага ў Сьвіслачы былі асуджаны 19 актывістаў, а летась — пяць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG