Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Алег Грузьдзіловіч, Валер Карбалевіч.

Карбалевіч: У чацьвер 24 лістапада ў Лукашэнкі адбылася нарада пра разьвіцьцё беларускага машынабудаваньня. Апошнім часам кіраўніцтва краіны ня першы раз зьвяртаецца да гэтай тэмы. Яшчэ на нарадзе летам 2015 году ўраду было даручана выпрацаваць захады дзеля разьвіцьця машынабудаўнічых прадпрыемстваў краіны. Іх плянавалася разгледзець яшчэ вясной, калі кіраўнік Беларусі наведаў МАЗ, аднак усё было адкладзена. Больш за год ўрад вызначаўся са стратэгіяй разьвіцьця машынабудаваньня.

Галоўная выснова, якую зрабіў Лукашэнка на нарадзе, такая: «Вядучым арганізацыям галіны была аказаная значная дзяржпадтрымка. Машынабудаўнікам дапамаглі рэфінансаваць крэдытную запазычанасьць, папоўніць абаротныя сродкі і тым самым стварыць перадумовы для эфэктыўнай працы. Аднак істотных станоўчых вынікаў не назіраем. І за гэта нехта павінен адказаць».

З выступу Лукашэнкі высьветлілася, што толькі за 2014-2015 гады прадпрыемствы галіны страцілі палову абʼёму прадукцыі, што выпускаецца, у тым ліку амаль 25% за 2015 год. «Калі мы і далей будзем разьвіваць вытворчасьць у такім рэжыме і тэмпах, то для выхаду на ўзровень 2013 году спатрэбяцца, як вы разумееце, дзясяткі гадоў», — казаў Лукашэнка.

За два гады абʼём прадукцыі ўпаў удвая.

Удумайцеся ў сытуацыю. За два гады абʼём прадукцыі ўпаў удвая. Няма іншай такой галіны прамысловасьці, дзе быў бы такі правал.

У красавіку Лукашэнка наведаў МАЗ, які ён назваў «тварам нашай краіны». Дык вось некаторыя лічбы. У 1993 годзе (апошні год, калі Беларусь жыла без Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта) МАЗ вырабіў і прадаў 40 тысяч аўтамабіляў за год. У 2005-м іх выпускалася ўжо 20 тыс., у 2014-м — каля 12 тыс., у 2015-м — каля 6 тыс. грузавікоў. Расейскі рынак ужо заняты іншымі фірмамі, доля МАЗу там цяпер 6%.

Гэта пры тым, што МАЗ атрымліваў падтрымку ня толькі зь беларускага бюджэту. Праграма «Саюзны дызэль» шмат гадоў фінансавалася з бюджэту Саюзнай дзяржавы. Але яе лёс такі ж змрочны, як і праграмы «Саюзны тэлевізар». У 2014 годзе МАЗ стаў самым стратным прадпрыемствам у краіне.

Лукашэнка на нарадзе казаў звыклыя рэчы, якія ён паўтарае шмат гадоў: «Сытуацыю трэба кардынальна выпраўляць. Мяне цікавіць, ці ёсьць ва ўраду сапраўды эфэктыўныя меры для ўздыму галіны?»

Машынабудаўнічая галіна, якая яшчэ з савецкіх часоў была сымбалем і гонарам Беларусі, павольна памірае. І выратаваць яе ўжо немагчыма. Час упушчаны.

Але трагічная праўда ў тым, што машынабудаўнічая галіна, якая яшчэ з савецкіх часоў была сымбалем і гонарам Беларусі, павольна памірае. І выратаваць яе ўжо немагчыма. Час упушчаны. Гадоў 10-15 таму яшчэ можна было ўратаваць шмат якія прадпрыемствы, калі б прадалі іх акцыі багатаму інвэстару, правялі прыватызацыю. І былі нядрэнныя прапановы. Але тады Лукашэнка казаў: навошта прадаваць тое, што добра працуе. А цяпер гэтыя прадпрыемствы ўжо нікому не патрэбныя.

«За гэта нехта павінен адказаць», — грозна заявіў Лукашэнка на нарадзе. Але за ўсё ў краіне адказвае адзін чалавек. Але сваёй адказнасьці ён не прызнае.

Глод: Чым даўжэй адцягваюцца радыкальныя рашэньні ва ўсёй беларускай эканоміцы, а ня толькі ў машынабудаваньні, тым мацней пагаршаецца сытуацыя. Гадамі нічога прынцыпова не зьмяняецца: колькасьць стратных прадпрыемстваў расьце, склады па-ранейшаму забітыя, рэнтабэльнасьць продажаў зьніжаецца, крэдыторская запазычанасьць павялічваецца.

Некаторыя экспэрты нават кажуць, што ідзе павольная, але ўпэўненая дэградацыя, нават катастрофа галіны. Калі б нашы так званыя флягманы машынабудаваньня былі ў прыватных руках, то тут бы рэзка скарацілі «лішнія» працоўныя рукі. Але на дзяржаўных заводах і фабрыках гэтага пазьбягаюць. Адпаведна, растуць выдаткі на вытворчасьць, падае заробак, сыходзяць кваліфікаваныя работнікі, падае якасьць прадукцыі і зьніжаецца попыт. Такое замкнёнае кольца дэградацыі існуе і можа доўжыцца гадамі.

Паколькі мы вельмі моцна прывязаныя да расейскага рынку, раней ці пазьней яго стан павінны быў адбіцца і на Беларусі.

Пакуль на беларускія трактары, грузавікі, камбайны ды іншую прадукцыю быў попыт на расейскім рынку, гэта ня так кідалася ў вочы. Але апошнім часам, калі супраць Расеі ўвялі санкцыі, калі там адбываецца рэзкае скарачэньне прыбыткаў ад нафты і газу, у гэтай краіне адбылося істотнае зьніжэньне плацежаздольнага попыту. А паколькі мы вельмі моцна прывязаныя да расейскага рынку, раней ці пазьней яго стан павінны быў адбіцца і на Беларусі. А калі рынак звужаецца, узмацняецца канкурэнтная барацьба. Зьвесткі пра МАЗ сьведчаць аб тым, што экспарт у Расію скарачаецца ня толькі ў абсалютным вымярэньні, але і скарачаецца доля МАЗу на расейскім рынку, які проста не вытрымлівае канкурэнцыі.

А вось адзін цікавы прыклад. Выкарыстаньне вытворчых магутнасьцяў у станкабудаваньні за год зьнізілася на 38%. Натуральна, што тут заводы стратныя, таму што толькі простае ўтрыманьне вытворчых памяшканьняў патрабуе калясальных выдаткаў.

Калі на менскіх трактарным і аўтамабільным заводах правесьці ўнутраную рэканструкцыю, яны могуць яшчэ гадоў дзесяць працягнуць.

Але як хутка можа наступіць каляпс? Аляксандар Бухвостаў, які добра ведае сытуацыю ў галіне, лічыць, што вялае адміраньне прадпрыемстваў можа доўжыцца яшчэ доўга. Калі на менскіх трактарным і аўтамабільным заводах правесьці ўнутраную рэканструкцыю, нават не рэфармуючы прамысловую палітыку ў цэлым, яны могуць яшчэ гадоў дзесяць працягнуць.

Вядома, трэба ў корані пераглядаць прамысловую палітыку, што немагчыма пры цяперашняй палітычнай уладзе. Акрамя палітычнай волі, якая адсутнічае ў беларускага кіраўніцтва, патрэбны і інвэстыцыі. Але і яны без кардынальных рэформаў у краіну ня прыйдуць.

Экспэрты адзначаюць: з эфэктыўных прадпрыемстваў у Беларусі засталіся толькі «Беларуськалій», нафтаперапрацоўчыя заводы, некаторыя прадпрыемствы харчовай прамысловасьці. У іншых справы дрэнныя. Асабліва ў машынабудаваньні.

І тут варта вярнуцца да пытаньня Лукашэнкі на ўчорашняй нарадзе: хто за гэта адкажа? Я ўпэўнены: ніхто. Бо, калі прыцягваць да адказнасьці па вялікаму рахунку, то яна ў асноўным кладзецца на кіраўніка беларускай дзяржавы. Але ж ён, як усе ведаюць, пэрсанальнай адказнасьці за справы ў краіне не нясе. Як ён заявіў: «Я для вас здабыў танныя нафту і газ. А далей гэта ўжо вашы справы».

Грузьдзіловіч: МАЗ за мінулы год на 10% страціў колькасьць аўтамабіляў, якія прадаў у Расею. Хоць ня толькі МАЗ страціў пазыцыі, ГАЗ таксама, а яшчэ вытворца грузавікоў «Урал». Але больш за ўсіх МАЗ. Гэтая аднабаковая арыентацыя беларускага вытворцы на Расею вельмі памылковая. Паводле статыстыкі, продажы ў іншыя рэгіёны апошнія гады не растуць, МАЗ сканцэнтраваўся на расейскім рынку і прайграў.

Прычына паразы іншых гігантаў машынабудоўлі ў Беларусі — гэта нярынкавая сытуацыя ў краіне, пры якой немагчыма вырабіць добрую, канкурэнтназдольную машыну.

Прычына паразы іншых гігантаў машынабудоўлі ў Беларусі — гэта нярынкавая сытуацыя ў краіне, пры якой немагчыма вырабіць добрую, канкурэнтназдольную машыну. Калі няма канкурэнцыі паміж вытворцамі, калі ўлада карыстаецца адміністрацыйнымі мэтадамі кіраваньня эканомікай, то яна ня можа вырабіць добрую прадукцыю.

Упушчаны добры час, калі была магчымасьць рэарганізаваць гэтую вытворчасьць, былі прапановы ад КамАЗу абʼяднацца з МАЗам, але тады Лукашэнку, відаць, не задаволіла, што большасьць пакета пяройдзе да КамАЗу. Тады экспэрты казалі, што празь нейкі час вы пацерпіце ад гэтага, вось так яно ўжо адбываецца. Зноў памылка самога Лукашэнкі адбілася на эканамічным становішчы прадпрыемства і ўсёй краіны.

Былі ўпушчаныя магчымасьці стратэгічных зьменаў. У канцы 90-х мне як журналісту давялося ўдзельнічаць у Штутгарце ў сэмінары журналістаў, якія дасьледуюць сытуацыю ў машынабудоўлі, і экспэрты прадказвалі, што такія прадпрыемствы ва Ўсходняй Эўропе, якія выраблялі знакавыя мадэлі — «МАЗ», «Ікарус», «Татра», цяжкія машыны-грузавікі, што патрабуюць шмат мэталу, альбо павінныя пераарыентавацца на іншыя мадэлі, шукаць іншую нішу, альбо памерці, таму што яны ня вытрымаюць канкурэнцыі з краінамі, дзе ёсьць танны мэтал і іншыя танныя матэрыялы. Ім давядзецца абʼядноўвацца, альбо яны загінуць. Тады стаўка ў Беларусі была зробленая на тое, што Расея будзе даваць мэтал, электраэнэргію, танна купляць гэтыя машыны на сваім рынку. Гэта быў пройгрышны выбар, і мы цяпер пажынаем гэтыя вынікі.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG