Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над маларыцкім фэрмэрам, які трымае галадоўку, адклалі амаль на тыдзень


Фатаграфаваць падсуднага Мікалая Бельчука канваіры не дазваляюць нават у перапынку. Часам журналістам удаецца сфатаграфаваць залю з калідору

Фатаграфаваць падсуднага Мікалая Бельчука канваіры не дазваляюць нават у перапынку. Часам журналістам удаецца сфатаграфаваць залю з калідору

У Берасьці працягваецца судовы працэс над маларыцкім фэрмерам Мікалаем Бельчуком, якога вінавацяць у гвалце ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі. Падсудны працягвае галадоўку, нягледзячы на ўгаворы сваякоў спыніць яе.

Сёньня ў судзе Берасьцейскага раёну дапыталі яшчэ некалькіх сьведак у справе Мікалая Бельчука.

Паказаньні сьведак часта разыходзяцца з тымі, якія яны давалі раней

На трэці дзень паседжаньня быў дапытаны яшчэ адзін міліцыянт, Мікалай Міхайлоўскі. Ён, як і ўсе папярэднія сьведкі-міліцыянты, не прысутнічаў у той час, калі Мікалай Бяльчук, паводле пацярпелага супрацоўніка ДАІ Сяргея Неліповіча, ужыў да яго гвалт. Аднак сьведка Міхайлоўскі расказаў, што калі прыбыў на месца здарэньня, то бачыў у пацярпелага цялесныя пашкоджаньні, а на яго форме — кроў. Тым ня менш дзяржаўная абвінаваўца заўважыла некаторыя разыходжаньні з ранейшымі паказаньнямі сьведкі, на што апошні сказаў, што праз даўнасьць мог забыць некаторыя дэталі.

Дапыталі сьведку Раісу Асіпук з сельвыканкаму, якая таксама ня бачыла моманту нанясеньня цялесных пашкоджаньняў міліцыянту, але сказала, што калі прыйшла на месца здарэньня, то «ў супрацоўніка ДАІ былі сарваныя пагоны і разьбіты нос». Некаторыя ранейшыя сьведкі згадвалі толькі адзін быццам бы парваны пагон. Спадарыня Асіпук не змагла дакладна прыгадаць,у якой вопратцы быў у часе інцыдэнту міліцыянт Неліповіч, сказаўшы, што на ім быў сіні пінжак. Хоць у часе інцыдэнту на ім не было пінжака, а толькі камізэлька ДПС на белай сарочцы.

Сёньня былі зачытаныя матэрыялы справы, а да спрэчак бакоў не дайшло — судзьдзя Павал Главацкі абвясьціў перапынак у судзе да 10-й гадзіны 1 сьнежня.

Падсудны працягвае трымаць галадоўку

Сваякі Мікалая Бельчука кажуць, што ён працягвае трымаць сваю галадоўку пратэсту і моцна схуднеў.

Сваякі Мікалая Бельчука каля суду Берасьцейскага раёну

Сваякі Мікалая Бельчука каля суду Берасьцейскага раёну

Паводле бацькі Мікалая, Івана Бельчука, сын просіць стацыянарнай шпіталізацыі, але яму ў гэтым адмаўляюць. Іван вельмі перажывае за здароўе сына:

«Адклалі суд да 1 сьнежня. А ці дажыве ён... Казаў, каб пахавалі яго каля маці... Галадоўкай ён хоча дабіцца справядлівасьці, каб закон быў сапраўдны. А то ж ён у лістах пісаў, што зьдзекаваліся, зьбівалі яго ў СІЗА. Аблівалі халоднай вадой, проста на матрац лілі халодную ваду, трэсла яго. Потым адыходзіў — і зноў лілі ваду».

Іван Бяльчук кажа, што Мікалай адмаўляецца на просьбы сваякоў спыніць галадоўку. Адзінае, што ў часе працэсу, кажа Іван, Мікалай спыніў сухую галадоўку і стаў піць ваду.

Сваякі кажуць, што судовыя канваіры не дазваляюць перамаўляцца з падсудным Мікалаем, і яны ня могуць нават угаворваць яго спыніць галадоўку:

«Я спрабаваў падысьці — не дапускаюць нават слова сказаць, нават наконт галадоўкі, каб спыніў», — распавёў дзядзька падсуднага, Дзьмітры Бяльчук.

Праваабаронца: «Калегі Неліповіча спрабуюць яго абяліць»

Берасьцейскі праваабаронца «Вясны» Ўладзімер Вялічкін, які сочыць за справай Мікалая Бельчука, канстатуе, што апытаныя сьведкі-міліцыянты не прысутнічалі ў часе інцыдэнту фэрмэраў з даішнікам:

«Паказаньні сьведкаў я ацэньваю крайне крытычна. Усе сьведкі з боку супрацоўніка міліцыі выкладаюць бачаньне тых падзеяў са словаў пацярпелага Неліповіча. Ніхто зь іх самога здарэньня ня бачыў. Атрымліваецца, што Неліповіч распаўсюджвае ўласную вэрсію пра свае лёгкія цялесныя пашкоджаньні. А сьведкі-міліцыянты проста яе паўтараюць. Прычым за даўніной гэтыя сьведчаньні зьмяніліся, і на сёньняшні дзень адзін кажа, што ў яго было зрушэньне носу, другі — што прыпухлы нос, трэці кажа — прыпухласьць твару, чацьвёрты— была кроў і гэтак далей».

Бацька падсуднага Іван Бяльчук (зьлева) і праваабаронца Ўладзімер Вялічкін

Бацька падсуднага Іван Бяльчук (зьлева) і праваабаронца Ўладзімер Вялічкін

Уладзімер Вялічкін кажа, што ў справе былі супярэчнасьці ды дадаюцца яшчэ і новыя:

«Калі разьбіралі матэрыялы экспэртызы пацярпелага Неліповіча, там усплыў факт, што ў адным выпадку сьледчы запісаў зь яго словаў, што там быў укус за руку, а ў другім выпадку — што гэта быў удар ключамі ад аўтамабіля. То бок, сьведкаў здарэньня няма. На маю думку, пацярпелы проста хоча апраўдаць свае непрафэсійныя дзеяньні, калі заехаў у чужы двор без дазволу, і пазьбегнуць адказнасьці. А калегі Неліповіча спрабуюць яго абяліць», — лічыць праваабаронца.

Уладзімер Вялічкін заклікае грамадзкасьць пісаць лісты падтрымкі маларыцкім фэрмэрам Мікалаю і Аляксандру, якія знаходзяцца ў СІЗА:

«Ім зараз вельмі цяжка, адзін зь іх трымае галадоўку. Таму дасылайце лісты, каб падтрымаць гэтых сапраўдных гаспадароў, на адрас 224030, Берасьце, вуліца Савецкіх памежнікаў, 37, Мікалаю Іванавічу і Аляксандру Іванавічу Бельчукам».

Інцыдэнт адбыўся 9 траўня 2014 году, калі ў Бельчукоў здарыўся канфлікт з супрацоўнікам ДАІ Сяргеем Неліповічам праз самаробны трактар у вёсцы Страдзеч Берасьцейскага раёну.

Міліцыянт сьцьвярджае, што ў дачыненьні да яго прымянілі сілу. Брат Мікалая Аляксандар Бяльчук за гэта быў асуджаны ў 2014 годзе да двух месяцаў арышту. Мікалай пакараны ня быў, аднак праз два гады, 12 кастрычніка 2016 году, за ім у вёску Арлянка Маларыцкага раёну прыехалі міліцыянты. У гэты дзень у Бельчукоў здарыўся канфлікт з супрацоўнікамі міліцыі, у выніку якога амапаўцы нават ужылі табэльную зброю. Бельчукі ж кажуць, што ня ведалі, што гэта былі міліцыянты, бо яны не былі ў форме і не прадстаўляліся, але забіралі Мікалая. У выніку гэтага канфлікту на Аляксандра Бельчука была заведзеная крымінальная справа за супраціў міліцыянтам, цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG