Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трусаў піша абвяржэньне пра ток-шоў «Время покажет», бо там «прачыталі» цытаты, якіх ён не пісаў


Алег Трусаў

Алег Трусаў

24 лістапада на першым канале расейскага дзяржаўнага тэлебачаньня паказалі ў жывым эфіры ток-шоў «Время покажет», у якім абмяркоўвалі, ці ня пойдзе Беларусь «украінскім шляхам».

У якасьці пачатку тэмы зачыталі ўрыўкі з новай кнігі старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава «Гісторыя сярэднявечнай Эўропы V-XV стст.». У прыватнасьці, прагучалі цытаты пра тое, што беларуская нацыя зьявіліся на 200 гадоў раней за расейскую, а таксама пра тое, што беларусы — гэта сапраўдныя рускія, а сучасныя расейцы — гэта татары.

Падчас прамоваў вядучага Арцёма Шэйніна на экране за яго сьпінай паказвалі кадры зь мітынгаў у Менску пад бела-чырвона-белымі сьцягамі. Часам такія кадры былі на палове экрану, а на другой палове паказвалі мітынг на плошчы Незалежнасьці ў Кіеве пад жоўта-блакітнымі сьцягамі. Пры гэтым гаварылася, што ў Менску, сьледам за Кіевам, мітынгоўцы скакалі пад лёзунгам: «Хто ня скача, той маскаль!»

Званілі на мабільны разоў дзесяць

Алег Трусаў сказаў Свабодзе, што на перадачу яго запрашалі разоў дзесяць, але так і не змаглі дамовіцца пра час:

«Званілі на мабільны разоў дзесяць. Я ня змог паехаць, таму што заняты. Мог бы паехаць толькі ў пачатку студзеня, але гэта ўжо не падыходзіла стваральнікам перадачы. Тады я прапанаваў, каб яны самі прыехалі ў Менск і зрабілі тут інтэрвію са мной. Таксама не пагадзіліся. Не пагадзіліся таксама і на тое, каб я ўдзельнічаў у перадачы праз Skype».

Стужынскую, відаць, абдурылі

Стваральнікі перадачы прапанавалі прадставіць думку Алега Трусава шэрагу асобаў, сярод якіх Уладзімер Колас, Анатоль Тарас, Сяргей Харэўскі, Валянцін Голубеў. Ніхто не паехаў. Беларусь на перадачы прадстаўляла гісторык Ніна Стужынская.

«Ня ведаю, як яны яе ўгаварылі, мабыць, абдурылі. Усе іншыя, да каго зьвярталіся, далажылі мне, што не паедуць да «маскалёў», каб там іх зьневажалі. У выніку стваральнікі перадачы селі ў галёшу — ніхто з тых гісторыкаў, якія займаюцца пэрыядам, апісаным у кнізе, не паехаў. Стужынская, відаць, таксама маёй кнігі ў руках не трымала. Але яна малайчына, як магла бараніла Беларусь. Хоць я і працягваю лічыць, што дарэмна яна туды паехала«,— кажа Трусаў.

Стужынская: Не магу апрытомнець

Па вяртаньні ў Менск у інтэрвію карэспандэнту Свабоды Ніна Стужынская падзялілася сваімі ўражаньнямі:

Ніна Стужынская

Ніна Стужынская

«Не магу апрытомнець, што называецца, Гэта быў проста жах. Я разумела, што будзе кепска. Але што настолькі.... Я ў нейкую дзікунскую сытуацыю трапіла. Абсалютна штучна распальваецца супярэчнасьць паміж беларусамі і расейцамі. У мяне было адчуваньне, што гэта нейкая замова, гэта нехта замовіў. Маўляў, мы вось прагулялі Ўкраіну і тут, у Беларусі, нам трэба быць пільнымі. Проста крычаць у гэты мікрафон і ўсё. Але я адчула страх, таму што нагнятаецца абсалютна сьвядома расейска-беларускі канфлікт. Гэта ўсё на роўным месцы».

Цытаты наскрэблі з жартаў

Алег Трусаў сказаў, што цытатаў, якія «прачыталі» падчас перадачы, у яго кнізе няма. Гісторык зьбіраецца пісаць абвяржэньне, якое плянуе разаслаць у СМІ:

«Нічога з таго, што яны агучвалі — пра тое, што беларуская нацыя на 200 год старэйшая, а таксама пра татараў — у маім падручніку няма. І быць ня можа. Хутчэй за ўсё, гэтыя словы яны наскрэблі з маіх інтэрвію, у якіх я жартам нешта такое сказаў, камэнтуючы выказваньне Лукашэнкі пра тое, што беларусы — гэта расейцы са знакам якасьці. Што тычыцца татараў, то я нешта казаў пра тое, што беларусы больш рускія, таму што наша дзяржава называлася „Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае“, а яна ўзялі сабе назву „Расея“ толькі ў 1497 годзе, а былі яны ардынцамі ці татарамі. Таму цяпер я буду шукаць гэтыя словы ў інтэрнэце і пісаць вялікае абвяржэньне, якое разашлю па ўсіх СМІ. Таму што яўна яны кнігу не чыталі, тым больш што яны ж не маглі зразумець беларускую мову, відаць, яны толькі бачылі вокладку ў інтэрнэце».

Хочуць разьвязаць канфлікт зь Беларусьсю

На думку Алега Трусава, такія перадачы робяцца, каб разьвязаць канфлікт паміж Расеяй і Беларусьсю, бо «Расея прайграла вайну ва Ўкраіне і цяпер марыць пра хуткую перамогу на іншай тэрыторыі»:

«Цяпер Расея наступае на тыя самыя граблі, на якія ўжо наступіў імпэратар Мікалай ІІ. Калі было кепска ў Расеі, ён вырашыў, што „патрэбна маленькая пераможная вайна“, і разьвязаў вайну зь Японіяй, якую прайграў і выклікаў рэвалюцыю 1905 году. Цяпер Расея фактычна прайграла вайну ва Ўкраіне, у Сырыі таксама бомбы скончыліся. Таму, магчыма, ёсьць ідэя разьвязаць канфлікт на нашай тэрыторыі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG