Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адмовіўся ад трону


Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, партрэт мастака Юзафа Смуглевіча, ХІХ стагодзьдзе

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, партрэт мастака Юзафа Смуглевіча, ХІХ стагодзьдзе

Дата дня

25 лістапада 1795 году кіраўнік Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адмовіўся ад трону на карысьць расейскай імпэратрыцы Кацярыны ІІ. Такім чынам, Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае спынілі сваё існаваньне.

Крэсла Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў каралеўскім замку ў Варшаве

Крэсла Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў каралеўскім замку ў Варшаве

Таксама ў гэты дзень

1794 — параненага Тадэвуша Касьцюшку, лідэра антырасейскага паўстаньня ў Рэчы Паспалітай, даставілі ў Пецярбург. Там ён амаль 2 гады быў зьняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасьці, а пасьля вызваленьня выехаў у ЗША.

Тадэвуш Касьцюшка. Літаграфія з выставы «Славутыя асобы Беларусі». Ляілея Варэца, Валянцін Варэца

Тадэвуш Касьцюшка. Літаграфія з выставы «Славутыя асобы Беларусі». Ляілея Варэца, Валянцін Варэца

1867 — Альфрэд Нобэль запатэнтаваў сваю галоўную вынаходку — дынаміт.

1920 — падчас Слуцкага паўстаньня ў мястэчку Семежаве, куды пераехала рада паўстанцаў, на цэнтральным пляцы прайшоў парад беларускіх аддзелаў. Праз два дні яны ўступілі ў бой з бальшавікамі.

1989 — у Менску прайшла арганізаваная БНФ «Адраджэньне» Асамблея народаў «Чарнобыльскі шлях». У межах асамблеі адбыўся міжнародны грамадзкі Чарнобыльскі трыбунал.

1992 — Фэдэральная Асамблея Чэхаславаччыны прагаласавала за разьдзяленьне краіны на Чэхію і Славаччыну. Падзел адбыўся 1 студзеня 1993 году.

2000 — галяндзкі парлямэнт упершыню ў сьвеце легалізаваў эўтаназію – штучнае ўмярцьвеньне невылечна хворых людзей.

У гэты дзень нарадзіліся

1701 — Андэрс Цэльсій, швэдзкі астраном, геоляг і мэтэароляг, вынаходнік тэмпэратурнай шкалы, якой карыстаюцца ў краінах Эўразіі.

1884 — Уладзімер Кудрэвіч, беларускі пэйзажыст.

1908 — Анатоль Волкаў, беларускі мастак-графік. Найбольшую вядомасьць мастак атрымаў дзякуючы сваім ілюстрацыям да клясыкі беларускае літаратуры і сатырычнымі малюнкамі ў часопісе «Вожык».

1922 — Ефрасіньня Бондарава, беларускі кінакрытык, гісторык кінамастацтва.

1936 — Іван Крэнь, беларускі гісторык.

1955 — Аляксандар Казулін, экс-кандыдат у прэзыдэнты, былы рэктар БДУ і палітычны вязень.

У памяці

1970 — зрабіў сабе харакіры культавы пісьменьнік сучаснасьці і адзін з найбольш вядомых літаратараў пасьляваеннай Японіі Юкіё Місіма.

1988 — паводле афіцыйнай вэрсіі, трагічна загінула беларуская паэтка Яўгенія Янішчыц. У 1976 годзе Янішчыц трапіла ў аварыю, боль і пакуты ад якой паўплывалі на дэпрэсіўныя настроі ў апошнія гады жыцьця творцы.

Яўгенія Янішчыц

Яўгенія Янішчыц

Што будзе?

«Малады Фронт» выйдзе на вулічную акцыю супраць выступу Ўладзіміра Салаўёва, расейскага журналіста і літаратара, вядомага сваімі прапагандысцкімі перадачамі на тэлеканале «Россия». Арганізатарамі выступу стаў непасрэдна Палац Рэспублікі, дзе і пройдзе выступ тэлевядоўцы.

Маладафронтаўцы заклікаюць прыходзіць да будынка Палаца Рэспублікі з 18 да 19 гадзінаў, дзе будуць раздаваць падборку матэрыялаў зь яго выказваньнямі.

Імпрэзы і лекцыі

Прэзэнтацыя новых кніг Міхася Скоблы

Падчас вечарыны 25 лістапада будуць прэзэнтаваныя новыя кнігі паэта і літаратуразнаўцы Міхася Скоблы «Камізэлька для месяца» і «Саркафагі страху». «Камізэлька для месяца», кніга паэзіі, уяўляе сабой творчую справаздачу, выбранае за 16 гадоў. А галоўнымі героямі «Саркафагаў страху», зборніка эсэ, сталі Ларыса Геніюш, Зоська Верас і Мікалай Улашчык.

Месца правядзеньня: Менск, Літаратурным музэй Максіма Багдановіча (вул. Багдановіча, 7а). Пачатак а 18-й гадзіне. Уваход вольны.

Драматургічная лекцыя «Копія і цытата»

Эўрапейскі каледж Liberal Arts (ECLAB) правядзе лекцыю нямецкага драматурга Аляксандра Керліна. Загадчык літаратурнай часткі Дортмундзкага тэатру паспрабуе адказаць на пытаньні існаваньня тэатру ў эпоху сацыяльных сетак.

Месца правядзеньня: Менск, Галерэя ТUT.BY (пр. Дзяржынскага, 57, 9-ты паверх). Пачатак а 19:00. Уваход вольны.

Канцэрты

Канцэрт-лекцыя «Панятоўскі: кароль, герой і музыка»

Імпрэза адбудзецца ў межах праекту «Прэзэнтацыя аднаго шэдэўру». На прыкладзе сям’і Панятоўскіх перад наведнікамі музэю паўстануць часы Рэчы Паспалітай.

Месца правядзеньня: Менск, Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь (вул. Леніна, 20). Пачатак а 19:00. Уваход на сустрэчу па квітку ў музэй.

Палескі сьпеўны сход

Праект «Сьпеўны сход», на якім можа засьпяваць кожны чалавек, у 2014 годзе распачалі музыкі Аляксей Чубат і Сяргей Доўгушаў. Ён дапамагае захоўваць і папулярызаваць нематэрыяльную культурную спадчыну Беларусі.

«Асаблівасьць палескіх песень — у іх маляўнічасьці, тэмбральнай насычанасьці і першабытнай энэргетыцы», – лічыць сябра «Сьпеўнага сходу», этнасьпявачка Ірэна Катвіцкая.

Месца правядзеньня: Менск, прастора «Хто такі Джон Голт?» (Шорная вул., 20). Пачатак а 19-й гадзіне. Уваход вольны.

Канцэрт украінскага гурту «Колір»

Украінскі гурт «Колір» выступіць 25 лістапада ў абноўленым складзе. Напрыканцы лета музыкі з Адэсы выдалі альбом «Хто, як не ми», які прэзэнтуюць на поўнафарматным канцэрце ў Берасьці.

Месца правядзеньня: Берасьце, бар Korova (Савецкая вул., 73). Пачатак а 22:00. Уваход вольны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG