Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кідалі дзіця на рукі, не давалі працаваць міліцыянтам» — другі дзень суду над фэрмэрам Мікалаем Бельчуком


24 лістапада, у другі дзень суду над фэрмэрам з Маларыцкага раёну Мікалаем Бельчуком, працягваўся допыт сьведкаў. Мікалая вінавацяць у гвалце адносна супрацоўніка міліцыі, які нібыта адбыўся 9 траўня 2014 году.

На другім паседжаньні Мікалай Бяльчук, які трымае ў СІЗА галадоўку з 1 лістапада, паводзіў сябе меней актыўна, радзей задаваў пытаньні сьведкам, бо даверыў іх допыт адвакатам. Сваякі Мікалая адмовіліся ад кантактаў з прэсай, сказалі, што будуць камэнтаваць толькі пасьля выраку.

Цягам двух дзён у якасьці сьведак дапыталі 10 міліцыянтаў розных пасадаў, ажно да кіраўніка аднаго з аддзелаў унутраных спраў. Сярод апытаных міліцыянтаў і супрацоўнікі АМАПу, і міліцэйскія экспэрты.

Сьведкі-міліцыянты распавялі, што не прысутнічалі на месцы здарэньня ў момант нанясеньня супрацоўніку ДАІ Сяргею Неліповічу цялесных пашкоджаньняў 9 траўня 2014 году. Многія зь іх кажуць, што прыехалі ўжо на выклік, што ў вёсцы Страдзеч зьбілі даішніка. Аднак большасьць міліцыянтаў сьцьвярджаюць, што калі прыехалі на месца здарэньня, то ўбачылі ў пацярпелага кроў, некаторыя сьведчылі аб парванай форме.

Некаторыя сьведкі-міліцыянты сказалі, што 9 траўня 2014 году ў Страдзечы, ужо пасьля інцыдэнту з супрацоўнікам ДАІ, вяскоўцы аказвалі непадпарадкаваньне міліцыі і нават блякавалі іх машыны, кажучы, што не дадуць забраць трактар Бельчукоў.

Супрацоўнік АМАП Валер Шкутовіч, прынамсі, распавёў, што вяскоўцы «блякавалі машыны, не давалі працаваць», ды нават «кідалі дзіця на рукі» міліцыянтам, і тыя «не маглі прымяніць сілу, бо дзіця пацярпела б». Спадар Шкутовіч распавёў, што супраць сялянаў вёскі Страдзеч міліцыянты сілу не прымянялі, «таму што там жанчыны і дзеці былі».

У другі дзень працэсу дапыталі некалькіх сваякоў Мікалая Бельчука, яго суседзяў, гаспадара хаты ў вёсцы Страдзеч, на падворку якой адбыўся канфлікт зь міліцыянтам.

Сваякі Мікалая Бельчука, якія прысутнічалі ў часе канфлікту з супрацоўнікам ДАІ, сьцьвярджалі, што ніхто на міліцыянта рукі не падымаў, не кусаў яго, а наадварот, апошні ўхапіў Аляксандра Бельчука за грудкі, а падсудны Мікалай стаў між імі, спрабуючы іх разьняць.

Сёньня ў судзе абвешчаны перапынак да 9.30 раніцы 25 лістапада. Працягнецца допыт яшчэ некаторых сьведак у справе.

Інцыдэнт адбыўся 9 траўня 2014 году, калі ў Бельчукоў здарыўся канфлікт з супрацоўнікам ДАІ Сяргеем Неліповічам праз самаробны трактар у вёсцы Страдзеч Берасьцейскага раёну. Міліцыянт сьцьвярджае, што ў дачыненьні да яго прымянілі сілу. Брат Мікалая Аляксандар Бяльчук за гэта быў асуджаны ў 2014 годзе да двух месяцаў арышту. Мікалай пакараны ня быў, аднак праз два гады, 12 кастрычніка 2016 году, за ім у вёску Арлянка Маларыцкага раёну прыехалі міліцыянты. У гэты дзень у Бельчукоў здарыўся канфлікт з супрацоўнікамі міліцыі, у выніку якога АМАПаўцы нават ужылі табэльную зброю. Бельчукі ж кажуць, што ня ведалі, што гэта былі міліцыянты, бо яны не былі ў форме і не прадстаўляліся, але забіралі Мікалая. У выніку гэтага канфлікту на Аляксандра Бельчука была заведзеная крымінальная справа за супраціў міліцыянтам, цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG