Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус напісаў «Геаграфію Польшчы»


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Беларусы дарасьлі да таго, што ня толькі самі пішуць гісторыю сваёй краіны ці агульнага для некалькіх народаў Вялікага княства Літоўскага, але й бяруцца за гісторыю замежную. Напрыклад, эўрапейскую, як зрабіў Алег Трусаў. Дайшла чарга і да геаграфіі. Павал Церашковіч напісаў геаграфію суседняй Польшчы. Гэтым днямі яе павінны былі пачаць друкаваць.

Навошта Церашковіч гэта зрабіў? У чым навіна? Чаму патрэбная такая кніга? Няўжо нельга было ўзяць у рукі падручнік геаграфіі ад саміх палякаў, якія лепей за іншых ведаюць сваю краіну? Аўтар мае свае аргумэнты. Першы: у польскіх амаль ніколі ня знойдзеш зьвестак пра нацыянальныя меншасьці, у тым ліку пра беларусаў.

Беларуская меншасьць, як вядома, здаўна насяляе цяперашнюю Беласточчыну. Але нашых у Польшчы было значна больш. Як вядома, Польшча была некалі амаль да Полацку, з гэтых зямель пасьля вайны перасялялі людзей на захад, за новую польскую мяжу. Каталікоў, удакладняе Церашковіч і завастрае — якіх палічылі палякамі, якіх часьцей за ўсё прымусова высялялі ў Польшчу ў 1945-м, потым у канцы 1950-х. Нас ня можа не цікавіць: што стала з гэтымі людзьмі? А збольшага яны трапілі на былыя нямецкія землі. Як вядома, немцаў выселілі і ўладам ПНР было пільна патрэбнае новае насельніцтва. Трэба са свайго боку зацеміць, што назвацца палякам і мець магчымасьць трапіць у ПНР было насамрэч вялікай спакусай, ня ўсім дазвалялі. Аб гэтым, між іншым, піша гарадзенскі аўтар Тадэвуш Гавін у сваёй кнізе на польскай мове «Быць палякам у БССР». Так што пытаньне спрэчнае. Іншая рэч: гэтай зьявы магло б ня быць, каб Варшава не хадайнічала перад Масквой. У БССР, зразумела, былі выканаўцы. Людзей не хацелі выпускаць, спасылаліся, што ў калгасах будзе не хапаць рук. Аб гэтым піша і спадар Гавін.

Нашы былыя землякі сталі ахвярай сацыялістычнага экспэрымэнту ў Польшчы, перакананы аўтар «Геаграфіі Польшчы». Польскія саўгасы, так званыя ПГР-ы (Panstwowa gospodarka rolna), стваралі на былых нямецкіх землях. Чаму? Таму што перасяленцы былі людзьмі, у якіх нічога не было. Раз так, будзеце працаваць у ПГР-х. Калі паглядзець: пры канцы 1980-х у іх працавала паўмільёна чалавек. За два гады іх распусьцілі. Гэта была трагедыя для людзей. Мазуры, Любуская зямля, дзе жывуць нашы былыя землякі, самыя дэпрэсіўныя, лічыць Церашковіч. Тое, што было атрымана некалі ад немцаў, цяпер у горшых умовах, там самае вялікае беспрацоўе.

Частку нашых людзей перасялілі і на былыя нямецкія землі на паўднёвым захадзе Польшчы. У нас польскі Шлёнск па нямецкай традыцыі называюць звычайна Сілезіяй, але палякі карыстаюцца толькі сваім словам, кажа Церашковіч. Я магу толькі сьціпла зацеміць, што нямецкая назва, якой не адзін век, апошнім часам таксама культывуецца. Напрыклад, у Горадні я адзін часам глядзеў рэгіянальнае польскае «Тэлебачаньне Сілезія».

Шлёнск, аднак, эканамічна моцны рэгіён, адрозна ад былых усходнепрускіх зямель Польшчы. Гэта месца, дзе зьбіраюць большасьць аўтамабіляў, распавядае Павал Церашковіч. Калі пісаў польскую геаграфію, зрабіў свае асабістыя маленькія адкрыцьці. У 1990 годзе гадавы валавы прадукт на душу насельніцтва ў ПНР быў роўны кубінскаму. У беларусаў было з гэтым лепей. Сёньня польская эканоміка на 25-м месцы ў сьвеце. За адзін год выпускаецца 26 мільёнаў тэлевізараў вядомых марак, адзін мільён аўтамабіляў.

Аўтар асэнсаваў цікавую зьяву, што датычыць польскага жыцьця. Палякі звычайна амаль ня пішуць аб нацыянальных меншасьцях. А ў гэтай справе адбываюцца апошнім часам вельмі важныя рэчы. У 2002 годзе паводле перапісу кашубаў было ўсяго пяць тысяч чалавек. А вось паводле апошняга перапісу 2011 году іх стала 228 тысяч, у 45 разоў больш! Як так магло здарыцца? Рэч у тым, што Польшча падпісала эўрапейскую канвэнцыю па правах меншасьцяў. Беларусы дзякуючы гэтаму таксама атрымалі дадатковыя правы, як і немцы, літоўцы, кашубы. Там, дзе жыве больш за дваццаць адсоткаў насельніцтва, можна выкарыстоўваць сваю мову ў справаводзтве і на дарожных шыльдах.

Ёсьць разам з тым і больш незвычайны выпадак. Існуюць яшчэ шлёнзакі, якіх не прызнаюць за нацыянальную меншасьць, але дазваляюць фіксаваць сваю ідэнтычнасьць, калі адбываецца перапіс. Церашковіч зазначае: іхні дыялект прызнаны бібліятэкай Кангрэсу ЗША як самастойная мова, але ў Польшчы — не. Ён шукаў для свайго падручніка здымак шлёнзака ў нацыянальным строі, знайсьці было немагчыма. Толькі трапіўся здымак, дзе яны выйшлі на дэманстрацыю зь лёзунгам, што шлёнзакі — гэта этнічная меншасьць. І выйшла так, што іх было каля пяцідзесяці тысяч, а стала — васямсот тысяч, кажа Церашковіч. Адбываецца рэнэсанс меншасьцяў, але ў польскіх падручніках аб гэтым ні слова ня знойдзеш.

Пытаньне далікатнае, але дзіўных рэчаў бывае сапраўды нямала. Напрыклад, польскае насельніцтва Беларусі скарачаецца, але людзей з картай паляка ўсё больш.

Міжволі ўзгадаецца паралель: сёньняшняга руху шлёнзакаў з колішнім, дваццаць год таму, — палешукоў у Беларусі. Мэты і задачы, канечне, могуць быць адрознымі. Алег Трусаў мне сказаў: у часы Пілсудзкага палякі вылічвалі, калі апошняга беларуса асімілююць, яны нават нацыянальнасьць прыдумалі «палешукі», каб напалову зьменшыць беларусаў.

Спрачацца з гэтым хіба што ня будзеш. Зь лічбамі, як вядома, можна рабіць што заўгодна. У 1921 годзе палякі правялі свой першы перапіс. У Палескім ваяводзтве «тутэйшымі» сябе назвалі 38 тысяч чалавек. Праз дзесяць год — 707 тысяч. А беларусаў за гэты час раптоўна стала ў пяць разоў менш! Папера не пачырванела, лічбы не заплакалі. Беларускае пытаньне было амаль вырашанае сапраўдным стаханаўскім чынам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG