Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь скараціла дзяржаўную падтрымку эканомікі ў 3,5 раза


За студзень-верасень 2016 году зь дзяржаўнага бюджэту была аказаная падтрымка эканоміцы Беларусі на 295,7 млн беларускіх рублёў (дэнамінаваных), што ў 3,5 раза меней за падтрымку ў такі ж пэрыяд 2015 году, заўважае БелаПАН.

Найбольшая частка дзяржаўнае падтрымкі, 243,9 з 295,7 млн, была нададзеная як пазыкі. Найбуйнейшымі атрымальнікамі былі прадпрыемствы Міністэрства прамысловасьці — 227,7 з 295,7 млн.

Беларусь абавязалася перад крэдыторамі зьнізіць дзяржаўную падтрымку эканомікі як праз такія беспасярэднія выплаты зь бюджэту, так і праз дырэктыўныя банкаўскія крэдыты на дзяржаўныя праграмы. У траўні прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў дапускаў, што «асобныя прадпрыемствы раптам вырашылі падняць заробкі, седзячы пры гэтым на іголцы дзяржпадтрымкі».

Паводле ўмоваў крэдыту ад Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця, якія Беларусь падпісала ўвесну, дырэктыўных крэдытаў ня можа быць больш за 2,8 млрд беларускіх рублёў у 2016-м і 2 млрд — у 2017 годзе. Фонд лічыць, што аб’ёмы такіх крэдытаў у Беларусі празьмерныя, а крэдытуюцца нізкарэнтабэльныя праекты. Такія крэдыты яшчэ ў 2009 годзе эканаміст Зьміцер Крук называў асноўным чыньнікам «штучнага разагрэву эканомікі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG