Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскіх студэнтаў папрасілі вярнуць стыпэндыі за два месяцы


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Адзін са студэнтаў Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту распавёў Свабодзе, што нібыта ад некалькіх студэнтаў унівэрсытэту запатрабавалі вярнуць стыпэндыі за два месяцы пад пагрозай стварыць перашкоды ў навучаньні.

Гаворка пра студэнтаў, якія пасьпяхова аднавілася ў навучаньні пасьля адлічэньня і атрымалі стыпэндыі, ня ведаючы, што яны ім не належаць, бо яшчэ не закрытыя акадэмічныя запазычанасьці.

Студэнт расказаў Свабодзе, што яму вядома прынамсі пра 5 чалавек, ад якіх патрабавалі вярнуць стыпэндыі праз акадэмічныя запазычанасьці. Бальшыня студэнтаў вярнула грошы ў дэканат. Адзін зь іх атрымліваў сацыяльную стыпэндыю як пацярпелы ад чарнобыльскай аварыі, атрыманьне якой не залежыць ад адзнак і акадэмічных запазычанасьцяў.

Намесьніца дэкана лячэбнага факультэту Ірына Вуеўская, да якой Свабоду накіраваў рэктар, пацьвердзіла, што ад студэнтаў патрабавалі вярнуць стыпэндыі, і прызнала, што грошы ім былі налічаныя памылкова. Пра памылку паведамілі студэнтам, і тыя пагадзіліся, сказала Вуеўская. Ды яна заявіла, што такіх студэнтаў было толькі тры.

«Пад акадэмічнай непасьпяховасьцю разумеецца яшчэ і разыходжаньне ў навучальных плянах, бо цяпер міністэрства мяняе іх амаль штогод, — тлумачыла Вуеўская, чаму студэнты ня мусілі атрымліваць стыпэндыю. — Пакуль яны не ліквідуюць разыходжаньні ў навучальных плянах, ім, адпаведна палажэньню, не прызначаецца стыпэндыя».

Вуеўская распавяла, што сацыяльную стыпэндыю таксама ня мусілі выдаваць, бо ў навучальным пляне курсу зьявіліся новыя дысцыпліны, якія студэнт абавязаны прайсьці: хоць і быў ужо адноўлены на навучаньні, павінен быў адпрацаваць дзьве сотні гадзінаў. Той студэнт, сказала яна, аднаўляўся яшчэ на трэці курс, але не пасьпеў за год адпрацаваць усе прапушчаныя гадзіны ды быў пераведзены на чацьвёрты курс з абавязкам канчаткова адпрацаваць прапушчаныя гадзіны.

Яна сказала, што такія памылкі здараюцца ў Беларусі і з заработнымі платамі — ад іх ніхто не застрахаваны. Ва ўнівэрсытэце такая памылка здарылася першы раз. Студэнтам дазволілі вяртаць грошы не адразу, а часткамі.

Намесьніца дэкана неаднаразова падкрэсьлівала, што студэнт, які меў сацыяльную стыпэндыю, меў нізкія балы і быў выключаны за непасьпяховасьць, ды называла яго «не зусім прыстойным». Яна падрабязна расказала, што пра студэнта нібыта былі кепскія водгукі выкладчыкаў, што ён падманваў іх аб здароўі бабулі, каб адпрасіцца з заняткаў. Студэнт, сьцьвярджала яна, «не прыжываўся ні ў адной групе», «ня ўпісваўся ў калектыў», на яго нібыта скардзіліся іншыя студэнты.

«Мы ня можам яму гэтыя дысцыпліны залічыць. Гэта ягоная віна, ён мусіў добра вучыцца», — сказала яна пра студэнта, якога прасілі вярнуць памылкова выплачаную ўнівэрсытэтам сацыяльную стыпэндыю. Як ейны аповед зьвязаны з памылковай выплатай, яна не растлумачыла.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG