Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Касьцюковічах памёр адзін з найстарэйшых сяброў БНФ Мікалай Малахаў


Фронтавец Мікалай Малахаў на 67 годзе памёр пасьля інсульту.

Мікалай Васілевіч верыў у лепшую долю Беларусі, сваёй дзейнасьцю набліжаў яе, але быў рэалістам і разумеў, што надыдзе яна ня хутка.

Мікалай Малахаў разам з аднапартыйцамі ў чарнобыльскай зоне (Малахаў чацьвёрты справа, у кепцы)

Мікалай Малахаў разам з аднапартыйцамі ў чарнобыльскай зоне (Малахаў чацьвёрты справа, у кепцы)

Намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў пасябраваў зь Мікалаем Малахавым на пачатку 1990-х гадоў. У той час, кажа Кастусёў, ствараліся фронтаўскія рэгіянальныя структуры на Магілёўшчыне.

«Ад тых часоў Мікалай Васілевіч, пакуль яму дазваляла здароўе, узначальваў Касьцюковіцкую фронтаўскую суполку. Ягоная грамадзянская пазыцыя станавілася нагодай для цкаваньня. Яго неаднойчы звальнялі з працы, не давалі ўладкоўвацца. Нягледзячы на гэта, ён трымаўся сваіх жыцьцёвых прынцыпаў. Быў адданы справе адраджэньня Беларусі», — казаў Рыгор Кастусёў.

Мікалай Малахаў удзельнічаў у назіраньні падчас выбарчых кампаніяў. Сам балятаваўся ў мясцовыя саветы. На пачатку 1990-х гадоў старшыняваў у Бялынкавіцкім сельскім савеце.

Больш за пятнаццаць гадоў рэдагаваў у Касьцюковічах газэту «Заклік». Гэта выданьне дужа раздражняла мясцовую ўладу, прыгадвае Рыгор Кастусёў.

«Але для жыхароў райцэнтру, якім газэтка траплялася ў рукі, яна станавілася глытком свабоды. Дазваляла іначай зірнуць на падзеі, якія адбываліся ў Беларусі», — казаў партыец.

У чарнобыльскай зоне, з аднапартыйцамі. Мікалай Малахаў чацьвёрты справа, у кепцы)

У чарнобыльскай зоне, з аднапартыйцамі. Мікалай Малахаў чацьвёрты справа, у кепцы)

Мікалай Малахаў нарадзіўся 6 студзеня 1950 году ў вёсцы Ліпаўка Касьцюковіцкага раёну. Яна трапіла ў зону адсяленьня праз радыяцыйнае забруджаньне з Чарнобылю. Мікалай Васілевіч штогод стараўся разам з аднапартыйцамі адведваць адселеныя мясьціны.

Фронтавец рабіў на розных пасадах у розных арганізацыях. Быў галоўным інжынэрам у раённым гаргазе. Узначальваў адзін зь першых у раёне каапэратываў. Перад пэнсіяй, разам з тым, знайсьці працу, якая б адпавядала яго здольнасьцям, ня мог. Вымушаны быў працаваць вартаўніком і дворнікам.

«Мёў тратуары перад пэнсіяй, бо апазыцыянэру іншай працы ў раёне не было. На пэнсіі, аднак, пажыў нядоўга», — з сумам адзначыў фронтавец з Крычава Уладзімер Кудраўцаў. Ён таксама сябраваў зь Мікалаем Малахавым.

«Мікалай Васілевіч быў стойкім змагаром. Патрыётам. Такіх цяпер мала засталося ў беларускай глыбінцы. Ён імкнуўся быць карысным для дэмакратычнай супольнасьці, — заўважыў сябра фронту. — Спадзевам на лепшае жыцьцё ён жыў, але быў рэалістам. Ён жа бачыў рэальнае жыцьцё і не чакаў, што яно хутка пераменіцца. Аднак і пэсымістам ён ня быў. Малахаў вылучаўся мудрасьцю і разважлівасьцю».

Мікалай Малахаў застанецца ў памяці былога кіраўніка абласной арганізацыі партыі БНФ Анатоля Фёдарава як чалавек сьціплы, сумленны ды арганізаваны.

«У сваім раёне ён быў чалавекам аўтарытэтным. Да Мікалая Васілевіча прыемна было прыяжджаць у госьці, бо ён любіў бываць сярод аднадумцаў. Па-простаму дасьціпна жартаваў. Безумоўна, ён быў ідэалістам, рамантыкам, але і разумеў, што адбываецца навокал. Пры гэтым верыў, што надыдуць для Беларусі лепшыя часы, дзеля гэтага і жыў», — адзначыў Анатоль Фёдараў.

Пахаваюць Мікалая Малахава на могілках ля вёскі Фёдараўка 25 лістапада. Праводзіць у апошні шлях фронтаўца ды падтрымаць удаву, сына і ўнукаў нябожчыка прыедуць ягоныя сябры па партыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG