Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства ЖКГ уводзіць новую сыстэму разьлікаў «жыровак», больш празрыстую


Паводле ведамства, яна ня дасьць магчымасьці браць зь людзей грошы на чыесьці асабістыя патрэбы.

Урад адмяніў пеню за несвоечасовую або няпоўную плату за жыльлёва-камунальныя паслугі і электраэнэргію ў верасьні, кастрычніку і лістападзе.

Адпаведнае рашэньне замацавана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 лістапада 2016 году № 946.

Прычынай такога рашэньня паслужылі тэхнічныя моманты, зьвязаныя з «укараненьнем адзінай агульнарэспубліканскай інфармацыйнай сыстэмы ўліку, разьліку і налічэньня платы за жыльлёва-камунальныя паслугі і платы за карыстаньне жылым памяшканьнем».

Як патлумачыў Свабодзе прэс-сакратар Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Аксьціловіч, разьліковыя лісты ці «жыроўкі» ў гэтым месяцы прыйшлі ня ў тэрмін да 15 чысла, як гэта прадугледжваецца пастановай Савета Міністраў № 571, а пазьней. Таму, каб не было неабходнасьці спаганяць штраф за пратэрміноўку, урад вырашыў адмяніць пеню на тэрмін 3 месяцы.

Што тычыцца адзінай агульнарэспубліканскай інфармацыйнай сыстэмы, то яна, паводле Аксьціловіча, дазволіць зрабіць разьлік платы за жыльлёва-камунальныя паслугі больш празрыстым.

«Жыроўка будзе выглядаць па-ранейшаму, будзе прыходзіць у паштовую скрыню. Спосабы аплаты таксама застануцца ранейшымі. Зьменіцца стандарт, паводле якога адбываецца налічэньне платы. Цяпер ва ўсёй Беларусі будзе працаваць адзіная сыстэма разьліку. Што гэта дасьць? Раней было больш за 30 праграмных прадуктаў, пры дапамозе якіх рабіліся разьлікі. Цяпер будзе адзін, аднолькавы для ўсіх. Напрыклад, ня будзе злоўжываньняў з боку ЖЭСаў і іншых арганізацый, якія маглі адступіць ад рэкамэндаванай формы і ўнесьці свае паказчыкі і дадатковыя радкі альбо разьлічваць цану паслуг так, як не прадугледжана заканадаўствам. Цяпер будзе адзіная разьліковая сыстэма, якая будзе для ўсіх налічваць плату паводле адзінага фармату. Такім чынам будзе забясьпечаная празрыстасьць у гэтых разьліках».

Генадзь Аксьціловіч адзначыў, што апошнім часам былі выпадкі, калі людзі, аплачваючы камунальныя паслугі, плацілі яшчэ і за тэлефон ці паліва для старшыні таварыства ўласьнікаў.

«Былі злоўжываньні з боку некаторых таварыстваў уласьнікаў, якія маюць права арганізоўваць тэхнічнае абслугоўваньне жылога дома самастойна. І вось былі выпадкі, калі старшыня таварыства штомесяц браў сабе 2 мільёны старымі на тэлефонныя размовы, а плацілі за гэта жыхары. У іншым выпадку таксама старшыня ў „жыроўку“ закладаў паліва на сваю машыну. Зразумела, што ў разьліковым лісьце ці „жыроўцы“ гэта праходзіла пад пунктамі „Дадатковы ўзнос“. Ранейшыя сыстэмы, якія выкарыстоўваліся падчас разьлікаў, давалі такую магчымасьць. Таму і паўстала неабходнасьць распрацаваць адну агульную сыстэму, якая цяпер і ўкараняецца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG