Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пакістане пяцёра асуджаныя на сьмерць за забойства хрысьціянскай пары 


Самасуд у Пакісіане (ілюстрацыйнае фота).

Самасуд у Пакісіане (ілюстрацыйнае фота).

Пакістанскі антытэрарыстычны суд прысудзіў пяцёра чалавек да сьмяротнага пакараньня ў сувязі з забойствам хрысьціян натоўпам пасьля таго, як яны былі ілжыва абвінавачаныя ў блюзьнерстве.

Шахзад Масіх і Шама Бібі былі зьбітыя, а затым кінутыя ў печ разьюшаным натоўпам на цагляным заводзе ў правінцыі Пэнджаб у 2014 годзе. Ня выключана, што калі іх кінулі ў агонь, яны былі яшчэ жывыя. Нагодай для самасуду было нібыта апаганьваньне Карану, якое, аднак, пазьней не пацьвердзілася.

Гэтае судовае рашэньне ўяўляе сабой рэдкую перамогу дыскрымінаванай хрысьціянскай абшчыны ў Пакістане, дзе ўлады ў такіх выпадках звычайна не супрацьстаяць масаваму гвалту, баючыся раззлаваць магутныя ісламісцкія групоўкі.

Цяпер жа антытэрарыстычны суд у горадзе Лягор, прысудзіў яшчэ восем чалавек да двух гадоў турэмнага зьняволеньня за іх удзел у забойстве. Суд таксама апраўдаў 93 падазраваных, якія праходзілі па справе.

«У адпаведнасьці з рашэньнем суду, пяць чалавек былі асуджаныя на сьмерць, яны зьбівалі і спалілі пару, астатнія васьмёра адыгрывалі дапаможную ролю,» — сказаў Рыяз Анджум, адвакат, які прадстаўляў на працэсе сям’ю забітых.

Аднак пакуль невядома, калі будзе сьмяротны прысуд прыведзены ў выкананьне.

Гэтая падзея зьвярнула ўвагу на бядотнае становішча хрысьціян, якія складаюць менш за 2% насельніцтва ў кансэрватыўнай ісламскай краіне з насельніцтвам 170 мільёнаў.

Забойства выклікала міжнародную крытыку закону аб блюзьнерстве, які быў прыняты ў Пакістане ў 1980-х гадах. Паводле гэтага закону, блюзьнерства караецца сьмерцю. Да самасуду даходзіць нават і пры бяздоказных абвінавачваньнях.

Праваабаронцы неаднаразова заклікалі Пакістан адмяніць гэты закон, бо яго часта выкарыстоўваюць, каб зводзіць асабістыя рахункі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG