Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея яшчэ будзе шкадаваць, што ў Белым доме сядзіць не Клінтан, а Трамп»


Дональд Тамп ідзе на сустрэчу з рэдакцыяй The New York Times

Дональд Тамп ідзе на сустрэчу з рэдакцыяй The New York Times

Якія наступствы для сьвету можа мець магчымая палітыка ізаляцыянізму Дональда Трампа?

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паабяцаў, што адразу пасьля свайго афіцыйнага ўступленьня на пасаду Злучаныя Штаты выйдуць з дамовы па трансціхаакіянскаму партнэрству (па-ангельску TPP — Trans-Pacific Partnership). Гэта адзін з тых крокаў Трампа, які дазваляе меркаваць пра замежнапалітычную дактрыну новага прэзыдэнта. Гэты крок атрымае відавочную падтрымку ў Кангрэсе.

Цяперашнія крокі Дональда Трампа кажуць пра тое, што ён не адмаўляецца ад сваіх некаторых перадвыбарчых заяваў і будзе выконваць тое, што абяцаў. Дакладна, безумоўна, мы ня можам казаць, але ёсьць тэндэнцыя, што Трамп цяпер у міжнародных зносінах найперш будзе ставіць інтарэсы толькі сваёй краіны, а не інтарэсы міжнародных структураў, у якія ЗША ўваходзяць. «America first».

Амэрыка раней прымала ўдзел у сусьветных пагадненьнях, маючы на ўвазе сваю ролю як наймагутнейшай дзяржавы, якая павінна ўраўнаважваць уплывы іншых дзяржаў ці нават абмяжоўваць іх. Цяпер Трамп не жадае далей у той самай ступені несьці гэты цяжар.

Калі ЗША выйдуць з ТРР — то гэтаму больш за ўсё парадуецца Кітай, бо цяпер у яго будуць разьвязаныя рукі ў рэгіёне. Большасьць аналітыкаў лічыла, што гэтае пагадненьне закліканае абмяжоўваць Кітай, ягоны ўплыў на сваіх суседзяў — Віетнам, Тайвань, Інданэзію, у іх ёсьць перасьцярогі наконт занадта вялікай магутнасьці Кітаю ў рэгіёне. Але калі Вашынгтон выйдзе з пагадненьня і свае гандлёвыя інтарэсы паставіць вышэй за геапалітыку, парадуе Кітай — афіцыйныя прадстаўнікі Кітаю так і заявілі.

Многія палітыкі асьцерагаюцца, што Амэрыка будзе дзейнічаць менш на карысьць сусьветнага парадку.

Наколькі такі прынцып распаўсюдзіцца на адносіны ЗША з Эўропай і Расеяй? Існуе вельмі шмат разважаньняў і вэрсіяў, але многія палітыкі асьцерагаюцца, што Амэрыка будзе дзейнічаць менш на карысьць сусьветнага парадку і больш на карысьць сваіх вузка эгаістычных інтарэсаў.

Пра адносіны ЗША з канкрэтнымі краінамі з гэтага гледзішча пакуль рана казаць, але гэта прымушае рыхтавацца да пераасэнсаваньня ролі ЗША на сусьветнай арэне.

Гурневіч: Трамп якога мы ведаем сапраўды ізаляцыяніст і нічога добрага ў гэтым для нас, эўрапейцаў, я не бачу. Камфортная і бясьпечная Эўропа, на маю думку, магчымая дзякуючы шчыльнай трансатлянтычнай супрацы. Але паўтару тое, што казаў раней у нашых перадачах. Трамп-кандыдат альбо Трамп-бізнэсовец і палітык-Трамп гэта ня тое самае. Амэрыка — гэта не Trump Tower. ЗША — самая магутная дзяржава сьвету і яна проста не можа сабе дазволіць быць слабой. А калі Трамп зрабіў сваім галоўным выбарчым споклічам «Зробім Амэрыку ізноў вялікай», а ўзорам для яго зьяўляецца Рональд Рэйган, то гэта наўрад ці сьведчыць пра ізаляцыянізм. Каго-каго, а Рэйгана ну ніяк не назавеш ізаляцыяністам. Пры ім Амэрыка сапраўды перажывыла залатыя часы.

Учора Трамп сустрэўся з журналістамі NYT. І бачна, што яго рыторыка зьмянілася. Ён заявіў, што ніякай «перазагрузкі» адносін з Расеяй ня будзе. WSJ паведамила, што Міт Ромні застаецца самым верагодным кандыдатам на пасаду дзяржсакратара. Гэта вельмі прынцыповы палітык, але ніяк не ізаляцыяніст.

Ізаляцыянізм Трамп можа паспрабаваць рэалізаваць у эканоміцы. Тут я маю на ўвазе ягонае перадвыбарчае абяцаньне перанесьці вытворчасьць у ЗША. Але гэта ізаляцыянізм з нацяжкай. Што да дамоваў аб зоне свабоднага гандлю з ЭЗ і Ціхаакіянскім рэгіёнам. Але ж яны нават не ратыфікаваныя. Ці была амэрыканская палітыка ізаляцыянісцкай пакуль іх не было? Не, не была.

Я ня веру, што Трамп будзе праводзіць ізаляцыянісцкую палітыку.

Я ня веру, што Трамп будзе праводзіць ізаляцыянісцкую палітыку. ЗША замоцна ўцягнутыя ва ўсе сусьветныя працэсы і доўга да гэтага ішлі, каб цяпер у адначасьсе ад гэтага адмаўляцца. Гэта як у тым жарце, можа б Трамп і хацеў быць ізаляцыяністам, але хто ж яму дасьць? Рэспубліканскі Кангрэс і Сэнат? Няма такіх сыгналаў ані на зямлі, ані на небе.

Глод: У Дональда Трампа ёсьць выказваньне аб зьнешняй палітыцы новай прэзыдэнцкай адміністрацыі. Але чамусьці некаторыя аналітыкі, як і, дарэчы, сёньня Віталь Цыганкоў, цытуюць толькі яго першую частку: «Я хачу сказаць сусьветнай супольнасьці, што хоць мы заўсёды будзем ставіць амэрыканскія інтарэсы на першае месца». Але ж існуе і другая частка цытаты: «Мы зь усімі будзем весьці справы справядліва. Зь усімі народамі і іншымі краінамі. Мы будзем шукаць агульныя падыходы, а не варожасьць, партнэрства, а не канфлікты».

Таму я не сьпяшаўся б сьцьвярджаць пра істотную трансфармацыю амэрыканскай зьнешняй палітыкі. І тут я абсалютна згодны з Дзьмітрыем Гурневічам, што Трамп часоў прэзыдэнцкай кампаніі і Трамп-прэзыдэнт — гэта істотна іншыя палітыкі. Калі ты прэзыдэнт такой краіны як ЗША, то адказнасьць на табе непараўнальна большая, чым тады, калі ты толькі кандыдата на прэзыдэнта. І Трамп пры ўсёй сваёй экстравагантнасьці гэта цудоўна разумее.

І тут, на мой погляд, больш важнымі ў вызначэньні зьнешняй палітыкі ЗША стануць дачыненьні Амэрыкі з Эўропай і асабліва з блёкам НАТО. Я памятаю, што падчас выбарчай кампаніі Трамп часта выказваў сумнеў адносна каштоўнасьці НАТО і называў некаторых саюзьнікаў па альянсе «зайцамі», якія не заслугоўваюць амэрыканскай абароны. І таму, я лічу, трэба дачакацца вызначэньня Трампам палітыкі наконт НАТО. Менавіта гэта стаўленьне і будзе вызначаць найперш, на маю думку, зьнешнюю палітыку новай амэрыканскай адміністрацыі.

У 2009 годзе Барак Абама і Гілары Клінтан, калі апынуліся ў Белым доме адпаведна на пасадах прэзыдэнта і дзяржсакратара, таксама гаварылі, што хочуць выправіць адносіны з Расеяй.

І апошняе, пра што нельга не сказаць, жаданьне Трампа выправіць расейска-амэрыканскія дачыненьні. У прыватнасьці, Трамп-кандыдат некалькі разоў заяўляў, што ён хоча дамагчыся збліжэньня з Пуціным. Але ж у 2009 годзе Барак Абама і Гілары Клінтан, калі апынуліся ў Белым доме адпаведна на пасадах прэзыдэнта і дзяржсакратара, таксама гаварылі, што хочуць выправіць адносіны з Расеяй. У мяне няма прычын меркаваць, што вынік гэтай новай перазагрузкі будзе лепшым, чым вынік папярэдняй.

Так, у Расеі многія палітыкі ўспрынялі перамогу Трампа як сваю. Адзін з губэрнатараў нават дагаварыўся да таго, што на выбарах у ЗША перамагла «Адзіная Расея». Думаю, гэта заўчасная радасьць. І Расея яшчэ будзе шкадаваць, што ў Белым доме сядзіць не Гілары Клінтан, а Дональд Трамп.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG