Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«У 1996 Лукашэнка перамог, бо быў больш сьмелым і бескампрамісным»


Belarus - Lukashenka's Presidency in Pictures, 1996.

Belarus - Lukashenka's Presidency in Pictures, 1996.

Які галоўны ўрок для беларусаў з падзей 1996-га году?

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Віталь Цыганкоў.

Гурневіч: 20 гадоў таму ў Беларусі прайшоў рэфэрэндум, вынікі якога цалкам зьмянілі палітычны ляндшафт краіны, якая стала на шлях аўтарытарызму. Некаторыя называюць падзеі, якія запачаткаваў гэты рэфэрэндум, канстытуцыйным пераваротам.

На галасаваньне было вынесена сем пытаньняў. Беларусам прапанавалі перанесьці Дзень незалежнасьці на 3 ліпеня, адмяніць сьмяротнае пакараньне, увесьці прыватную ўласнасьць на зямлю, надзяліць народ правам выбіраць мясцовую ўладу, а фінансаваньне ўсіх галін улады зрабіць празрыстым. Гэтыя пытаньні былі багажом. Асноўнае пытаньне датычылася зьмяненьняў Канстытуцыі.

Парлямэнт прапаноўваў ліквідаваць пасаду прэзыдэнта, а прэзыдэнт, наадварот, хацеў моцна пашырыць свае паўнамоцтвы.

Уся ўлада ў краіне пасьля рэфэрэндуму сканцэнтравалася ў руках Лукашэнкі.

У нас няма права ўласнасьці на зямлю. За 20 гадоў яна страціла гаспадара. Калгасы, якія пераўтварылі ў акцыянэрныя таварыствы, так і засталіся неэфэктыўнымі ў сваёй большасьці. У нас да гэтага часу расстрэльваюць людзей, хаця гэтае пакараньне ніяк не палохае патэнцыйных забойцаў. Мэраў і губэрнатараў прызначае Лукашэнка, таму яны нясуць адказнасьць толькі перад ім. А ўся ўлада ў краіне пасьля рэфэрэндуму сканцэнтравалася ў руках Лукашэнкі.

У 1996 годзе я быў школьнікам. Але сёньня, згадваючы тыя падзеі і аналізуючы іх, я лічу, што трэба вучыцца дзейнічаць імгненна і рашуча. Калі толькі ў Беларусі будзе рэальная нагода вырвацца з-пад уплыву Расеі, трэба гэта рабіць як мага хутчэй, як зрабілі балтыйскія суседзі. І яны ў золаце не купаюцца, але яны сталі на рэйкі, якія гарантуюць посьпех. Чым далей у палітыцы ад Расеі, якая яна была тады і ёсьць цяпер, тым лепш. Цікава пачуць меркаваньне калегаў, якія назіралі за ўсім непасрэдна.

Цыганкоў: Гэтыя падзеі адбываліся на нашых вачах. Памятаю, як генэральны пракурор Васіль Капітан разам са старшынём Цэнтрвыбаркаму Віктарам Ганчаром спрабуе трапіць у будынак ЦВК, а яму не даюць ахоўнікі Лукашэнкі, і ён кажа нецэнзурна, што ён генэральны пракурор, а малады хлопец яму адмаўляе. Яшчэ дыктатура не ўсталявалася, гэта ня так было звыкла, і таму ён трошкі губляецца. Але ўжо загад быў вышэйшы за закон.

Ці, напрыклад, знакамітую раніцу, калі Вярхоўны савет галасаваў пасьля таго, як уначы было прынятае гэтае пагадненьне пры пасярэдніцтве вядомай расейскай тройкі, калі здавалася, што ўсё, замірылі абодва бакі, і тут высьвятляецца, што менавіта прадстаўнікі Лукашэнкі ў парлямэнце, прапрэзыдэнцкая група «Згода» не галасуе за гэтае пагадненьне, якое магло сапраўды разьвязаць канстытуцыйны крызыс.

Такі памятны момант, неверагодны для іншых парлямэнтаў, калі на трыбуне стаяў прыхільнік Лукашэнкі Канаплёў, кіраўнік гэтай прапрэзыдэнцкай фракцыі, з сотавым тэлефонам — для 96-га году гэта было надзвычайна — і па гэтым тэлефоне з парлямэнцкай трыбуны атрымлівае ўказаньні ад Лукашэнкі, а сам працягвае свой выступ перад дэпутатамі і гаворыць тое, што гавораць яму.

Такія моманты больш былі непаўторныя, і 95-96-ы гады былі тымі, пасьля якіх надоўга закрылася пэрспэктыва дэмакратычнага разьвіцьця Беларусі. Гэта быў апошні момант. Многія спрачаюцца, калі адбыўся пералом, ці ў 92-ім, ці на выбарах у 94-м, ці ў 95-м. Усё гэта былі прыступкі, але 96-ы, на пераважную думку, быў момантам, які зафіксаваў усталяваньне ў Беларусі аўтарытарнага кіраўніцтва, адсутнасьці свабоды, падзелу ўладаў і ўсяго, з чым мы жывем 20 гадоў.

Урок — трэба ўмець аб’ядноўвацца.

Урок — трэба ўмець аб’ядноўвацца. На той момант апазыцыя ў Вярхоўным Савеце больш-менш прадэманстравала сваю здольнасьць да аб’яднаньня. Супраць Лукашэнкі выступілі такія розныя палітычныя сілы, як аграрыі, камуністы, дэмакраты — фракцыя «Грамадзянскае дзеяньне». Але была вельмі слабая сувязь вось гэтай парлямэнцкай апазыцыі зь людзьмі з вуліцы. Яны вельмі нерашуча дзейнічалі.

Знакамітая фраза Шарэцкага «Ну разыходзьцеся, потым падумаем што рабіць», калі прадстаўнікі апазыцыі надта баяліся актыўнасьці вуліцы, не рашыліся разам зь імі пайсьці на рэзкія больш мужныя крокі.
Адсюль і другі вывад: у крытычных сытуацыях, такіх пераломных выйграе не абавязкова той, у каго больш сілаў, але больш сьмелы, актыўны і бескампрамісны. Лукашэнка павёў сябе ў той сытуацыі больш нахабна, ён фактычна падмануў Вярхоўны Савет, калі было ўначы падпісанае тое мірнае пагадненьне, а раніцай прапрэзыдэнцкая фракцыя за яго не прагаласавала. І ўжо колькі ўспамінаў напісана, колькі розных людзей выказваюцца, нібыта былі нейкія людзі, гатовыя выступіць на баку Вярхоўнага Савета, маюцца на ўвазе злучэньні, зь Міністрэства ўнутраных спраў, з войска і г. д. Усё гэта ахутанае пэўным туманам, але факт, што на рэзкія дзеяньні ў адказ прадстаўнікі Вярхоўнага савету не вырашыліся пайсьці. Ні заклікаць народ, ні сілавыя структуры. Яны разумелі, чым гэта можа скончыцца, а Лукашэнка павёў сябе больш нахабна, адназначна пайшоў на парушэньне Канстытуцыі, свайго слова, дамоўленасьцяў.

Трэці ўрок — калі дайшло да рэфэрэндуму, то ўпершыню ў гісторыі Беларусі адбыліся такія маштабныя і відавочныя фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня. На 18 гадзін былі адны вынікі, а потым на 20 гадзін, калі звычайна на апошнія 2 гадзіны галасуе ўсяго некалькі працэнтаў насельніцтва, тым больш было такое надвор’е кепскае, то прагаласавала 25%. Вось гэтыя 25%, якія раптам зьявіліся ў выніку бюлетэняў за апошнія 2 гадзіны і былі тымі, якія вырашылі вынік рэфэрэндуму.

Глод: Віталь Цыганкоў яскрава распавёў пра асноўныя падзеі таго часу. Таму я буду казаць выключна пра ўрокі так званага рэфэрэндуму. На мой погляд, падзеі 1996 году найперш маглі б і павінны былі б стаць для беларусаў галоўным урокам вырашэньня свайго ўласнага лёсу. Зьмены і дапаўненьні ў Канстытуцыю забясьпечылі Лукашэнку практычна неабмежаваныя паўнамоцтвы. І здаецца, за гэтыя 20 гадоў можна было б зразумець, што ніколі (я падкрэсьліваю гэтае слова) нельга аддаваць уладу ў рукі аднаго чалавека. Нават калі той выглядае ў вачах шмат каго самым шчырым барацьбітом за простага чалавека.

Першае, што цяпер павінны былі б патрабаваць беларусы — вяртаньня ад прэзыдэнцкай да парлямэнцкай рэспублікі.

Калі працягваць гэтую думку далей, то першае, што цяпер павінны былі б патрабаваць беларусы — вяртаньня ад прэзыдэнцкай да парлямэнцкай рэспублікі. Аднак такога настрою ў грамадзтве не адчуваецца. Так, у палітыцы Лукашэнкі расчароўваецца ўсё большая колькасьць грамадзтва. Але гэтыя людзі згодныя на нейкага іншага кіраўніка Беларусі, але не на вяртаньне да, скажам так, калектыўнага кіраваньня.

І гэта лёгка тлумачыцца. Спачатку савецкія гады прывучылі людзей, што ўсе справы вырашае Генэральны сакратар ЦК КПСС, пасьля — прэзыдэнт. Нездарма ж Лукашэнку пачалі называць бацькам, калі ён быў яшчэ адносна маладым чалавекам. Называюць і цяпер. Хоць тэрмін «бацька» адносна Лукашэнкі ў гістарычным кантэксьце, я думаю, не прымальны.

Я памятаю, як апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня спрабавала пераканаць камуністычную большасьць, каб у Канстытуцыю было ўнесенае палажэньне пра Беларусь як парлямэнцкую рэспубліку. Апазыцыя добра ўсьведамляла, якая небясьпека можа быць схаваная для Беларусі ў прэзыдэнцкай рэспубліцы, калі будзе так званы «моцны» прэзыдэнт. На жаль, тая большасьць у ВС, якая спадзявалася зрабіць прэзыдэнтам Вячаслава Кебіча, рабіла гэтую Канстытуцыю пад яго.
Цяпер некаторыя людзі пачалі разумець, што ў Беларусі лепш мець парлямэнцкую рэспубліку, выбраным паводле мажарытарна-прапарцыйнага прынцыпу. Выканаўчая ўлада — у прэм’ер-міністра, які прызначаецца парлямэнтам. Але такіх — няшмат.

Улада ня мае плянаў вяртаньня да парлямэнцкай рэспублікі. Больш за тое, выглядае. што існуюць мары замацаваць прэзыдэнцкую ўладу яшчэ больш. Сёньня кіраўніцтва Лібэральна-дэмакратычнай партыі (а яно мае па аднаму чальцу ў абедзьвюх палатах Нацыянальнага сходу) заявіла, што будзе ініцыяваць правядзеньне рэфэрэндуму пра тое, каб пабольшыць паўнамоцтвы прэзыдэнта Беларусі з пяці да сямі гадоў. Лідэры ЛДП добра ведаюць сытуацыю і нездарма выступаюць зь ініцыятывай новага рэфэрэндуму. Да яе, як і 1996 годзе, падвязваюць пытаньні пра абраньне дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў па зьмешанай сыстэме і пра павелічэньне іх паўнамоцтваў з чатырох да пяці гадоў.

У пасланьні Нацыянальнаму сходу Аляксандар Лукашэнка сёлета казаў, што трэба асьцярожна пачынаць уносіць зьмены ў дзейную Канстытуцыю. Ужо тады экспэрты прагназавалі, што тэрмін паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы павялічыцца. Падобна, што заява кіраўніцтва ЛДП — працяг той прапановы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG