Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвечныя ваяры: SBB


Цяжка сказаць, чаму польскі блюз-джаз-рокавы гурт «SBB» не здабыў у свой час такой міжнароднай вядомасьці, як, скажам, «Mahavishnu Orchestra» або «Pat Metheny Group»

Нечага не хапіла — ці то адпаведнай прамоцыі на Захадзе, ці то проста шчасьця. У кожным разе, талент і музычнае ўмельства ў іх былі неверагодныя. Ды што я кажу — былі? Гурт існуе і па сёньняшні дзень, і не далей як два месяцы таму выдаў свой найноўшы студыйны дыск — «Za linią horyzontu». Вось відэакліп зь песьняй «Odwieczni wojownicy» з гэтага дыску:

Трыё пад назвай «Silesian Blues Band» стварыў у 1971 годзе Юзэф Скшэк (нар. 1948) — мультынструмэнталіст (клявішныя, бас-гітара, губны гармонік), вакаліст і кампазытар. На Сьлёнску (поўдзень Польшчы) ён знайшоў 17-гадовага гітарыста грэцкага паходжаньня Антымаса Апастоліса (нар. 1954) і бубнача Ежы Пятроўскага (нар. 1950). Музыканты, хоць і зусім маладыя, былі ўжо віртуозамі сваіх інструмэнтаў. Гэта адразу здолеў ацаніць тагачасны ідал польскай музычнай сцэны Чэслаў Немэн, які запрасіў іх выступаць зь ім пад шыльдай «Grupa Niemen».

Зь Немэнам Скшэк, Апастоліс і Пятроўскі запісалі чатыры альбомы, шматкроць выступілі з канцэртамі ў Заходняй Эўропе, зарабілі крыху граша на новыя інструмэнты і... разышліся ў 1973. У 1974 трыё запісала свой першы самастойны альбом — канцэртны — які называўся «SBB». У той час гэтая абрэвіятура расшыфроўвалася ўжо як «Szukaj, Burz, Buduj» (у ангельскай мове: Search, Break and Build).

Альбом «SBB» выклікаў сэнсацыю сярод польскіх мэляманаў і ўвесь яго наклад быў імгненна раскуплены — на чорным рынку яго прадавалі за цану чатыры разы большую за намінальную. Вось нарэшце — думаў я, як і ўсе польскія ліцэісты таго пэрыяду — Польшча дачакалася музыкаў, якія граюць ня горай за «The Cream» і Джымі Гэндрыкса, а пры ўсім пры гэтым маюць яшчэ сваю адметную інтанацыю. «Фірмовым знакам» гурту «SBB» сталі доўгія імправізаваныя кампазыцыі з віртуознымі сольнымі партыямі трох музыкаў. Скшэк сьпяваў слабавата, але фантастычна граў на бас-гітары (з дэфармаваным гукам) і на клявішных (ён — адзін з нешматлікіх віртуозаў мінімуга на сьвеце). Вось характэрная для пачатку кар’еры «SBB» кампазыцыя «Odlot» зь першага альбому:

У 1970-х «SBB» запісалі пяць студыйных альбомаў у Польшчы, тры за мяжою, шмат разоў выступалі ў Заходняй Эўропе, і ўсе ў Польшчы чакалі, што трыё зробіць сапраўдную міжнародную кар’еру. Пікам гэтых спадзяваньняў, як падаецца, быў 1978 год, калі «SBB» выступілі як хэдлайнэры (побач з Бобам Марлі) на вядомым рок-фэстывалі ў Роскіле (Røskilde) у Даніі. У Заходняй Нямеччыне выйшлі два іхныя студыйныя альбомы — «Follow My Dream» (1978) і «Welcome» (1979) — на якіх зьявіліся кароткія кампазыцыі, больш дапасаваныя да спадзяваньняў мэляманаў на Захадзе. Вось тыповая кампазыцыя таго пэрыяду, «Walkin’ around the Stormy Bay» з дыску «Welcome»:

І ўсё ж доўгачаканая міжнародная слава, прызнаньне і грошы да гурту «SBB» не прыйшлі. У 1981 годзе трыё — запісаўшы бадай ці не найлепшы дыск польскага прагрэсіўнага року: «Memento z banalnym tryptykiem» — разьвязалася.

Рэанімацыя гурту наступіла ўжо ў нашым стагодзьдзі, але зь іншым бубначом. Ежы Пятроўскі пражываў у ЗША, зарабляў на жыцьцё як звычайны работнік. У 2012 Скшэк і Апастоліс запісалі альбом «SBB» у дуэце (дарэчы, вельмі класны). І толькі ў 2014 годзе, пасьля вяртаньня Пятроўскага з Амэрыкі, трыё пайшло ў стыдыю ў сваім арыгінальным складзе і запісала згаданы на пачатку альбом «Za linią horyzontu».

На заканчэньне прапаную два відэазапісы з канцэрту «SBB» у Варшаве ў 1979 годзе, калі гурт быў у сваёй найвышэйшай музычнай форме і выступаў як квартэт, узяўшы ў дапамогу гітарыста Славоміра Півовара:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG