Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мытнік на судзе расказаў, як бралі і дзялілі хабар у «Каменным Логу»


У судзе Партызанскага раёну Менску працягваецца працэс над ашмянскімі мытнікамі, якіх судзяць за атрыманьне хабару ў асабліва вялікім памеры ў складзе арганізаванай групы.

Усяго мытнікі нібыта атрымалі больш за 850 тысяч даляраў. Але тым, каго судзяць у Партызанскім судзе Менску, інкрымінуюць ад 8 да 18 тысяч даляраў кожнаму, а астатнія грошы прыпадаюць на іх начальнікаў. Падсудным пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.

Дапытваюць першага абвінавачванага

23 лістапада першым дапыталі былога старэйшага інспэктара Аляксандра Лапейку, які знаходзіцца не пад вартай, а пад падпіскай аб нявыезьдзе. Ён з тых 7 мытнікаў, хто часткова прызнаў інкрымінаваную віну ў хабары (чацьвёра не прызнаюць віны цалкам).

Падсудны Аляксандр Лапейка прызнаў, што атрымаў грошы за «бесьперашкодны пропуск 153 аўтамабіляў», але не прызнаў сумы:

«Ня 9 тысяч далараў, як ў абвінавачаньні, а 6 з паловай, максымум 7».

Дакладна абгрунтаваць свае разьлікі сьведка ня змог. Хабар, які ён атрымліваў, ішоў на сямейныя патрэбы. У падсуднага трое дзяцей: двое малодшых — непаўналетнія, старэйшы сын на ўтрыманьні, інвалід.

Першы раз Лапейку перадаў грошы начальнік зьмены Ігар Высоцкі. Калі гэта было, падсудны дакладна ня памятае.

«За што, ня ведаю. Проста перадаў. Гэта было ў пакоі для прыёму ежы на пункце „Каменны Лог“. Сумы ня памятаю. Нічога не тлумачыў. Пытаньняў я не задаваў. Чаму ўзяў грошы, не магу патлумачыць», — сказаў мытнік.

Хабар давалі за пропуск кветак

Колькі разоў атрымліваў грошы, падсудны дакладна ня памятае, але прыгадаў, што грошы (ад 100 да 200 даляраў) Высоцкі перадаваў штомесяц, а то і раз на два месяцы. Лапейка зразумеў, за што атрымліваў грошы, калі пачалі размаўляць з калегамі на гэтую тэму:

«Вырашылі, што даюць за кветкі, за тое, што афармляем аўтамабілі з кветкамі».

Яшчэ перадавала грошы Марына Мароз, прыкладна тыя ж сумы, праз паўтара-два месяцы. Грошы Мароз перадавала ў адміністрацыйным будынку мытні і на стаянцы. Падсудны не пытаўся ў Высоцкага і Мароз, за што яны перадаюць грошы, але меркаваў, што за афармленьне аўтамабіляў з кветкамі.

Апошні раз Лапейка атрамліваў грошы ў студзені 2015 году.

Як дзялілі грошы

Падсуднаму, паводле яго прызнаньняў, даводзілася і самому перадаваць грошы калегам: Часнойцю, Карповічу, Чэпіну, Находку.

У падсуднага спыталі, як ён разьмяркоўваў хабар паміж іншымі.

«Высоцкі перадаваў грошы, загорнутыя ў паперку. Там былі пазначаныя нумары пячатак інспэктараў і сумы. Бывала, што замест нумара пячаткі стаялі першыя літары прозьвішчаў. Так, згодна з паперкай, перадаваў грошы калегам», — патлумачыў Лапейка.

Калі ён перайшоў з аддзелу Ігара Высоцкага ў аддзел пад кіраўніцтвам Марыны Мароз, таксама перадаваў калегам грошы ад яе: Тадэвушу Высоцкаму, Бабровічу, Нагорскаму, Швінту. Ад 100 да 300 даляраў кожнаму.

«Падыходзіла ў калідоры і клала ў маю кішэню грошы ў паперцы», — распавёў падсудны пра дзеяньні начальніцы. Таксама ў паперцы былі пазначаныя нумары пячатак інспэктараў і сумы, пазначаныя першай лічбай.

«Калі 1 — значыць 100, калі 2 — 200, калі 3 —300».

Бывала, што Мароз перадавала цалкам усю суму, а ён потым дзяліў на часткі для кожнага так, як было пазначана.

Падсудны прызнаў, што ведаў правіла: калі прапануюць валюту, мусіш паведаміць пра гэта свайму кіраўніцтву, але гэтага не рабіў.

«Так, усьведамляў, што атрымліваў хабар», — прызнаў Аляксандр Лапейка.

Пасьля пракурораў пытаньні пачалі задаваць абаронцы падсудных.

«Ня ведаю, ня памятаю» — стандартны адказ

На пытаньні свайго адваката Лапейка сказаў, што ніколі ягоныя кіраўнікі не загадвалі яму «бесьперашкодна прапускаць аўтамабілі», як сказана ў абвінавачаньні. Ніхто іншы таксама не прапаноўваў яму так афармляць аўто з кветкамі. Таксама запэўніў, што «не ўсьведамляў, што дзейнічаў у інтарэсах арганізаванай злачыннай групоўкі».

Адзін з адвакатаў запытаўся ў Лапейкі, колькі грошай ён перадаў ягонаму падабароннаму Тадэвушу Высоцкаму. Але падсудны ня змог назваць пэўную суму і патлумачыць, за што непасрэдна перадаваў грошы. Гэтаксама не прагучала канкрэтыкі адносна грошай, перададзеных для падсуднага Часнойця.

Абвінавачваны Лапейка паведаміў суду, што быў пад вартай з красавіка па верасень 2015 году.

Асобна адвакаты распытвалі пра тое, што азначае «бесьперашкоднае афармленьне аўтамабіляў», за што, паводле абвінавачаньня, браліся хабары.

Лапейка патлумачыў, што гаворка ішла пра аўтамабілі з тымі грузамі, якія хутка псуюцца. Іх трэба было прапускаць у паскораным рэжыме, але на практыцы магчымыя былі затрымкі. Можна было зрабіць так, каб затрымак не было.

«Але ніхто гэтага не загадваў», — настойваў падсудны Лапейка.

Іншы абвінавачваны, Аляксандр Швінта, спытаў у Лапейкі, як афармляўся тавар, які хутка псуецца, чым рэглямэнтавалася такое афармленьне, ці правяралі кантрольныя органы пропуск гэтых тавараў і які нумар ягонай пячаткі.

На ўсе гэтыя пытаньні падсудны Аляксандр Лапейка адказваў стандартна: «Ня памятаю», у тым ліку ня змог назваць нумар сваёй пячаткі.

Пытаньне ад Юркойця

Былы мытнік і таксама падсудны Алесь Юркойць спытаў Лапейку:

«Вы назвалі чатырох інспэктараў, якім перадавалі грошы. А астатнія тры са зьмены ў сем чалавек ці маглі здагадацца, што дзейнічае нейкая злачынная зьмена, калі самі яны дзейнічалі законна?»

«Ня ведаю», — адказаў Лапейка.

Аказалася, паказаньні Аляксандра Лапейкі ў судзе адрозьніваюцца ад таго, што ён казаў сьледчым на сьледзтве празь 5 месяцаў пасьля арышту, у жніўні 2015 году. Напрыклад, на першых допытах Лапейка казаў, што ніколі не атрымліваў грошай за «бесьперашкодны пропуск аўтамабіляў» з кветкамі праз мяжу ад Ігара Высоцкага, Марыны Мароз і Гарыка Сарамянца і не парадаваў грошай калегам. Але ў жніўні ў яго была вочная стаўка з Марынай Мароз, на якой тая паведаміла, што перадавала яму грошы для яго і калегаў. Тады, відаць, нешта зьмянілася ў стаўленьні Лапейкі да абвінавачаньня, бо ўжо ў верасьні Аляксандру Лапейку зьмянілі меру стрыманьня на падпіску. Цяпер у судзе ён кажа, што атрымліваў грошы сам, у тым ліку ад Мароз, і перадаваў іншым мытнікам.

«Баяўся прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці і таму казаў няпраўду», — патлумачыў разыходжаньні Лапейка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG