Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Здаровы сон і начное сьвятло


Гармон мэлятанін зьяўляецца рэчывам, якое выпрацоўваецца ў спэцыяльнай структуры галаўнога мозга, што завецца эпіфіз.

Мэлятанін адыгрывае значную ролю ў дасягненьні даўгалецьця, бо мае шматлікія карысныя эфэкты — стымулюе імунітэт, мае супрацьпухлінную актыўнасьць, а таксама спрыяе нармальнаму сну і такой немалаважнай якасьці як задавальненьне ад начнога сну.

У нашым арганізьме мэлятанін выпрацоўваецца згодна з часам сутак — мінімальны ўзровень мэлятаніну ў крыві назіраецца ў дзённы час, самы пік мінімума — недзе каля 15.00-16.00. Узровень мэлятаніну пачынае павышацца пасьля 19-ці гадзін, а самая максымальная канцэнтрацыя яго мае месца ноччу, недзе каля 3-4 гадзін. Потым узровень гармону зноў пачынае зьніжацца. Гэта так званы біялягічны гадзіньнік ці сутачныя рытмы чалавека, найбольш важным складнікам якіх зьяўляецца мэлятанін.

Выпадак з практыкі. Да нас зьвярнулася жанчына ва ўзросьце 54 гады, якая адзначала, што раніцай прачынаецца, устае і ня мае пачуцьця адпачынку ад сну, не адчувае незадавальненьня сном. Пасьля абсьледаваньня мы не знайшлі аб’ектыўных прычын і хваробаў, якія маглі б прывесьці да парушэньня сну. Але пры размове з пацыенткай мы высьветлілі, што ў яе не зусім зручныя ўмовы для сну — бо пакой досыць ярка асьвятляе суседні з акном вулічны ліхтар, а само пачуцьцё незадавальненьня сном зьявілася пасьля пераезду са старой кватэры, дзе ў пакоі было вельмі цёмна. Пасьля рэкамэндацыі максымальна зацямніць пакой стан пацыенткі зьмяніўся і да яе зноў вярнулася пачуцьцё задавальненьня сном.

Навуковае абгрунтаваньне. Адной зь цікавых рыс мэлятаніну зьяўляецца вельмі высокая чульлівасьць да сьвятла ў начны час. Калі мы ўключаем сьвятло, напрыклад, у дзьве гадзіны ночы, то ўзровень гэтага гармону вельмі рэзка зьніжаецца да мінімальных значэньняў і ўжо да канца ночы не аднаўляецца, што і ёсьць вельмі частай прычынай нашых скаргаў на недасыпаньне і адсутнасьць адпачынку пасьля ночы.

Парада. Каб добра адпачыць ноччу і мець добры сон трэба прытрымлівацца вельмі простага правіла — максымальна зацямняць пакой для сну, каб не перашкаджаць нашаму біялягічнаму гадзіньніку, які рэгулюе ўзровень мэлятаніну ў арганізьме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG