Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казахскі парлямэнт прапанаваў перайменаваць сталіцу краіны ў гонар Назарбаева


Дэпутаты парлямэнту Казахстану прынялі дэклярацыю 25-годзьдзя незалежнасьці краіны, у якой гаворыцца аб перайменаваньні Астаны.

Рашэньне агучыў старшыня Мажылісу Нурлан Нігматулін па выніках сумеснага пасяджэньня абедзьвюх палат парлямэнту: Мажылісу (107 месцаў) і Сэнату (47 месцаў).

«З дэпутатаў Сэнату за прыняцьце дэклярацыі прагаласавалі 46 дэпутатаў, з Мажылісу — 105. Пастанова прынята» — заявіў Нігматулін. Паводле яго, «дэклярацыя — гэта сёньняшняя гісторыя і каштоўнае спадчына для будучых пакаленьняў».

«У дэклярацыі цалкам справядліва прапануецца адлюстраваць ролю Нурсултана Назарбаева ў назьве нашай сталіцы, як аднаго зь яго маштабных пачынаньняў, прадмет яго асаблівага клопату і заслужанага гонару ўсяго Казахстану» — растлумачыў ініцыятыву дэпутат Мажылісу, старшыня партыі «Ак жол» Азат Перуашаў. Паводле яго словаў, Казахстан адбыўся як пасьпяховая дзяржава дзякуючы працы мільёнаў казахстанцаў, але ў першую чаргу — «самаахвярнасьці і мужнасьці першага прэзыдэнта, лідэра нацыі Нурсултана Абішавіча Назарбаева».

Міністар інфармацыі і камунікацый Казахстану Даўрэн Абаеў, камэнтуючы перайменаваньне Астаны, заявіў, што прапанова адлюстраваць імя прэзыдэнта ў назьве сталіцы не зьяўляецца праявай «культу асобы».

Дэпутат парлямэнту Павел Казанцаў лічыць, што няма сэнсу зацягваць пытаньне з перайменаваньнем Астаны, і сталіца можа атрымаць новую назву ўжо да Новага году.

Раней Назарбаеў зьявіўся на казахскіх грошах — самай вялікай купюры ў 10 тысяч тэнге.

Назарбаеў знаходзіцца ва ўладзе ад красавіка 1990 году, ён — адзін з галоўных палітычных доўгажыхароў на тэрыторыі былога СССР.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG