Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп заявіў, што «перазагрузкі» стасункаў з Расеяй ня будзе


Дональд Трамп

Дональд Трамп

Пераможца прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША Дональд Трамп правёў сустрэчу з журналістамі New York Times — газэты, якая ня раз крытыкавала яго падчас выбарчай кампаніі.

Трамп спачатку пагадзіўся на сустрэчу, потым абвясьціў пра адмову ад яе ў Twitter, потым усё ж прыйшоў.

На сустрэчы Трамп адхрысьціўся ад руху «альтэрнатыўных правых», які асацыюецца з расізмам, гамафобіяй, антысэмітызмам і папулізмам, а то і з нэанацызмам — і які вітаў перамогу Трампа. Трамп жа заявіў, што «ня хоча актывізоўваць гэтую групоўку, адхіляе гэтую групоўку». Калі ж сапраўды яго кампанія натхніла крайне правыя сілы, ён паабяцаў вывучыць прычыны гэтага.

Трамп заявіў, што не жадае больш прычыняць ніякія пакуты сваёй нядаўняй суперніцы на выбарах Гілары Клінтан, таму адмаўляецца ажыцьцяўляць ранейшую пагрозу аб крымінальнай справе супраць яе за выкарыстаньне прыватнага паштовага сэрвэру для працоўнай перапіскі. Ён сказаў, што справа супраць Клінтан — «ня тая справа, у неабходнасьці якой ён цьвёрда ўпэўнены».

На пытаньне журналістаў аб сытуацыі вакол Сырыі Трамп адказаў, што сырыйскую праблему «трэба будзе вырашыць», і дадаў, што ягоны погляд на гэтае рашэньне «адрозьніваецца ад усіх іншых пунктаў гледжаньня».

Разам з тым Трамп каротка згадаў, што размаўляў пасьля перамогі на выбарах з Уладзімірам Пуціным. Ён заявіў, што «было б добра», калі б яны з Пуціным маглі паладзіць, але адрынуў ідэю таго, што пацяпленьне стасункаў з Расеяй можна будзе назваць «перазагрузкай». Пасьля «таго, што адбылося», Трамп ня стаў бы выкарыстоўваць такое азначэньне.

Хоць Дональд Трамп і адстаў ад Гілары Клінтан на больш як мільён (на момант публікацыі на 2,0 млн) галасоў выбарнікаў, ён заявіў, што ніколі ня быў прыхільнікам сыстэмы калегіі электараў ды ўпадабаў бы абраньне праз прамое ўсенароднае галасаваньне.

Сэрыя сустрэчаў з журналістамі была арганізаваная пасьля таго, як у мінулую сераду група арганізацыяў, што выступаюць у абарону свабоды СМІ, заклікала Трампа «захоўваць даўнюю традыцыю» і забясьпечыць прэсе свабоду ў асьвятленьні ягонай дзейнасьці. За дзень да сустрэчы зь New York Times ён сустракаўся зь дзеячамі тэлебачаньня, якіх крытыкаваў за асьвятленьне перадвыбарчай кампаніі: маўляў, тыя «ня здолелі своечасова заўважыць» прыкметы ягонай перамогі над Клінтан.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG