Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні адкрылася выстава карыкатур «Сам-насам з кліматам»


У гарадзенскай выставачнай залі пры падтрымцы амбасады Швэцыі ў Беларусі і Швэдзкага інстытуту адкрылася швэдзка-беларуская выстава карыкатур «Сам-насам з кліматам».

Гэты праект Швэдзкага інстытуту распачаўся ў 2010 годзе і пазьней ахапіў больш за 30 краінаў ва ўсім сьвеце. Амбасадар Швэцыі ў Беларусі Марцін Обэрг падчас адкрыцьця выставы апавёў пра мэту праекта:

Амбасадар Швэцыі ў Беларусі Марцін Обэрг

Амбасадар Швэцыі ў Беларусі Марцін Обэрг

«Мэтай праекту зьяўляецца тое, каб праз сродкі сучаснага мастацтва прыцягнуць увагу людзей да актуальнай тэмы экалёгіі і зьмены клімату на Зямлі. А таксама паразважаць аб ролі чалавека ў захаваньні навакольнага асяродзьдзя і прынцыпах устойлівага разьвіцьця грамадзтва».

Паводле амбасадара, Беларусь далучылася да праекту ў 2011 годзе, калі адзначалася 25-я гадавіна аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

З альбома "Сам-насам з кліматам

З альбома "Сам-насам з кліматам

Сёлета Швэдзкі інстытут выдаў ілюстраваны альбом з працамі шасьці мастакоў зь Беларусі: Рамана Суставы, Кацярыны Марціновіч, Алега Карповіча, Вольгі Сазыкінай, Сяргея Волкава і Антаніны Слабодчыкавай. Частка зь іх і была прадстаўлена на выставе.

На выставе таксама можна ўбачыць працы навучэнцаў гарадзенскай дзіцячай мастацкай школы, якія бралі ўдзел у конкурсе плякату «Экалягічная мазаіка». Аўтарам трох лепшых дзіцячых малюнкаў амбасадар Марцін Обэрг перадаў падарункі.

Марцін Обэрг знаходзіцца на Гарадзеншчыне з трохдзённым візытам. Сёньня ён таксама пазнаёміўся з Горадняй і сустрэўся з кіраўніцтвам вобласьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG