Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз гатовы да адкрытага, але крытычнага дыялёгу зь Беларусьсю


Дэлегацыя Эўразьвязу падкрэсьліла гатоўнасьць ЭЗ да падтрыманьня адкрытага, але крытычнага дыялёгу зь Беларусьсю.

Пра гэта паведамляе Прадстаўніцтва Эўрапейскага зьвязу ў Беларусі па выніках візыту ў Менск дэлегацыі Камітэту па палітыцы і бясьпецы.

Як гаворыцца ў паведамленьні, падчас сустрэчаў у Менску 21 лістапада віталася станоўчая тэндэнцыя ў адносінах ЭЗ і Беларусі.

«Эўразьвяз адкрыты да далейшага разьвіцьця адносінаў паміж ЭЗ і Беларусьсю і далейшых крокаў па актывізацыі ўдзелу ЭЗ і галіновага супрацоўніцтва. Але падкрэсьліў, што адносіны павінны грунтавацца на агульных каштоўнасьцях, асабліва на захаваньні правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права, а таксама на тым, што тычыцца пытаньня сьмяротнага пакараньня. Такім чынам, канкрэтныя крокі з боку Беларусі да захаваньня ўнівэрсальных асноўных свабодаў, вяршэнства права і правоў чалавека будуць мець ключавое значэньне ў фармаваньні будучай палітыкі ЭЗ у адносінах да Беларусі».

Дэлегацыя складалася з абмасадараў Камітэту па палітыцы і бясьпецы з усіх дваццаці васьмі краінаў ЭЗ, а таксама з прадстаўнікоў Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў і Эўрапейскай камісіі. Яна правяла сустрэчы з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем, а таксама з прадстаўнікамі беларускай палітычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцамі.

Камітэт па палітыцы і бясьпецы складаецца з амбасадараў краін ЭЗ, якія працуюць у Брусэлі. Гэта сталая структура Рады ЭЗ. Камітэт мае ключавую ролю ў замежнай палітыцы і палітыцы бясьпецы ЭЗ і ў палітычным дыялёгу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG